Фота Настассі УТКІНАЙ.

Спярша аператыўнікі наркакантролю затрымалі 28-гадовагамаладзечанца. Паводле папярэдняй інфармацыі, забароненыя рэчывы мужчына набыў праз інтэрнэт, а «закладку», атрымаўшы адрас тайніка, забраў у лесапаласе ў Мінскім раёне.

Фігурнта затрымалі пасля таго, як ён вярнуўся на таксі ў Маладзечна. Пры асабістым даглядзе ў заплечніку ў мужчыны міліцыянеры знайшлі і канфіскавалі папяровы скрутак з зялёным рэчывам расліннага паходжання. Вынікі праведзенай экспертызы пацвердзілі, што гэта марыхуана.

Як сцвярджае сам затрыманы, зелле прызначалася для асабістых патрэб. Па словах мужчыны, ужо на зваротным шляху дадому ён ужыў частку рэчываў са скрутка.

Дзеянні фігуранта следчыя кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 328 КК Рэспублікі Беларусь «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў». Санкцыя прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Маладзечанца заключылі пад варту.

Праз некалькі дзён затрымалі яшчэ дваіх фігурантаў. Схема куплі зелля была аднолькавай: наркотык замовілі і аплацілі праз інтэрнэт, «закладку» забралі ў лясным масіве і на маршрутным таксі вярталіся дадому. Маладых людзей аператыўнікі затрымалі ў Красным. Прыяцелям, мясцоваму вяскоўцу і жыхару Вілейкі па 21 году.

Пры асабістым даглядзе ў вілейчука праваахоўнікі знайшлі два скруткі з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP агульнай вагой 3 грамы. Наркотык малады чалавек хаваў у шкарпэтках.

У дачыненні да маладых людзей узбудзілі крымінальную справу за незаконнае захоўванне наркотыкаў. Аднаго з іх заключылі пад варту.

• Текст доступен на языке: Русский