Выпускнікі маладзечанскай СШ №5: злева направа Паліна Дзіева, Марыя Мялюк, Яна Лук’янчык, Аліна Белавус, Валянціна Ковіч, Вікторыя Машко, Марыя Каражкіна, Марыя Глушнеўская, Ганна Мілер.

У маладзечанскай сярэдняй школе №5 сёлета выпускаецца адзін 11-ы клас. Мы распыталіся выпускнікоў пра тое, чым яны цяпер жывуць.

Дар’я Смольская ў 10 класе вучылася па праграме абмену ў Германіі. Таму ў 11 класе давялося зноў прызвычайвацца да беларускай сістэмы адукацыі:

– Нібыта пачынала ўсё нанова, – расказвае дзяўчына. Давялося перастройвацца. Увогуле год быў вельмі насычаны – на падзеі, вучобу. Шмат што адбывалася, хацелася паспець адчуць асалоду ад школы.

Дзяўчына яшчэ паспела паўдзельнічаць у абласным этапе алімпіяды па нямецкай мове.

Дар’я здала экзамен па матэматыцы – спадабаўся і працэс, і вынік, васьмёрка выпускніцу задаволіла. Аднак больш напружана рыхтуецца да цэнтралізаванага тэставання. Давядзецца здаваць тэсты па нямецкай мове, рускай, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Найбольш хваляванняў перад ЦТ па гісторыі Беларусі – гэты прадмет для маладзечанкі найбольш складаны.

Дзяўчына вельмі чакае раённага выпускнога:

– Шэсце, выпускны ў амфітэатры. Калі раней бачыла, як праходзіць выпускны, чакала, што ў мяне ўсё будзе гэтак жа ўрачыста.

Убор для свята абраць было не так проста. Пасля доўгіх пошукаў аказалася, што тое, што хацела б апрануць на выпускны, ужо ёсць у шафе.

Апошні званок пакінуў змешаныя адчуванні: і радасць, і смутак. Урачыстасць прайшла кранальна і дакладна запомніцца надоўга.

А самым складаным за 11 клас было вызначыцца з прафесіяй і ўніверсітэтам. Дзяўчына плануе паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт.

Расціслаў Лугоўскі адзначае, што 11 клас прайшоў для яго спакойна і хораша. За першы экзамен атрымаў васьмёрку – як і хацеў. Цяпер вучыць білеты па гісторыі, паўтарае формулы па матэматыцы.

Выпускнікі вельмі рыхтаваліся да апошняга званка. Як прызнаецца Расціслаў, падчас выступлення крыху заблыталіся, але гледачы гэтага не заўважылі.

Куды паступіць, малады чалавек яшчэ вырашае. На прыкмеце гістарычны або юрыдычны факультэт.

Марыя Мялюк дзеліцца, што ў 11-м класе было не проста сумяшчаць вучобу, хобі і іншыя справы. Але калі правільна размеркаваць час, яго хапае і на вучобу, і на сяброў. Дзяўчына плануе паступаць у медыцынскі ўніверсітэт у Гродне – вельмі спадабаўся горад.

Для паступлення спатрэбіцца здаваць ЦТ па хіміі, біялогіі і рускай мове. Найбольш хвалюецца перад хіміяй – гэта найбольш складаны для яе прадмет.

На раённы выпускны плануе прыйсці з бацькамі. Ужо набыла для свята ўбор, якім вельмі задаволеная.

На апошнім званку было сумна развітвацца з аднакласнікамі, не хочацца парываць сувязь, але што зробіш – разважае маладзечанка.

Усе трое адзначылі, што вельмі ўдзячныя настаўнікам, асабліва класнаму кіраўніку Вользе Міхайлаўне Уладзіміравай.