Так выглядае закансерваваня частка будынка. Фота забяспечанае Алегам Дзярновічам.

Рэстаўратары, што працуюць у Крэўскім замку, закансервавалі муроўку невядомага старадаўняга будынка, якітзнайшлі мінулым летам.

Як знайшоўся будынак, пра які раней не было вядома, нам расказаў гісторык, навуковец, кіраўнік археалагічных экспедыцый у Крэве Алег Дзярновіч.

– У чэрвені 2020 года з боку ўсходняга кута Крэўскага замка зладзілі тэхнічны праезд на тэрыторыю будаўнічай пляцоўкі. У сувязі з гэтым разабралі завал з будаўнічага друзу каля ўсходняга кута. Гэтыя працы раскрылі ніжнюю частку паўночна-ўсходняй сцяны замка.

На каменнай муроўцы сцяны заўважылі ўчастак цаглянай муроўкі, што з’яўляецца досыць нетыповай сітуацыяй для Крэўскага замка, таму што асноўным будаўнічым матэрыялам замка быў камень, у тым ліку і валуны.

Цэгла ж выкарыстоўвалася толькі пры муроўцы канструкцыйна важных элементаў – арак, аконных праёмаў, тунэляў-калідораў, кутоў вежы.

А так рэшткі невядомага раней будынка выглядалі да кансервацыі. Фота забяспечанае Алегам Дзярновічам.

Па яго словах, выяўленне невядомага ўчастка цаглянай муроўкі паставіла новыя даследчыя задачы. Таму спецыялісты ўздоўж гэтага ўчастка сцяны заклалі археалагічную траншэю і два шурфы – невялікія раскопы. Даследаваўшы рэшткі невядомага будынка, навукоўца робіць наступныя высновы:

  1. Цэгла ў муроўцы і раскопе падобная да той, з якой рабілі асноўныя цагляныя элементы замка 14 стагоддзя.
  2. У раскопах заходняй і ўсходняй муроўкі на сцяне знайшлі падмуркі будынка. Заходні падмурак добра захаваўся, змацаваны вапнавай рошчынай і мае перавязку са сцяной замка. Даўжыня будынка ўздоўж сцяны – восем з паловай метраў. Згодна з гэтымі высновамі, Алег адзначае, што знойдзены будынак з’явіўся ў 14 стагоддзі – у часы пабудовы і перабудовы замка.

Акрамя старадаўняй цэглы, у раскопе знайшлі фрагменты керамічнага посуду 14-16 стагоддзяў. А яшчэ рэчы статуснага характару: разныя вырабы з косці і пражскі грош 14 стагоддзя.

Улічваючы гэтыя знаходкі, навукоўца мяркуе, што ў будынку з абарончай функцыяй маглі быць палаты для прыёму. Бо жылі на дзядзінцы ў драўляных пабудовах.

– А яшчэ пры раскопках падмурка знайшлі плітку падлогі. Гэта мае практычную каштоўнасць для рэстаўрацыі Крэўскага замка, – адзначыў навуковец.

Па словах Алега, уся гэта сітуацыя – добры прыклад таго, як праекціроўшчыкі «Белрэстаўрацыі» могуць уносіць карэктывы ў праект па выніках новых даследаванняў.

Даведка

Кансервацыя руін – комплекс мер, накіраваны на стабілізацыю фізічнага стану руін і захаванне рэшткаў збудаванняў, якія дайшлі да нашых дзён ва ўжо разбураным выглядзе і ў такім выглядзе ўспрынятых як помнікі. Кансервацыя руін прадугледжвае ачыстку прадметаў ад забруджання, агульнае ўмацаванне і ўмацаванне слаёў, калі яны ёсць, стабілізацыю, фарміраванне ахоўнай паверхні, забеспячэнне захаванасці, доўгатэрміновую абарону ад вільгаці, перападаў тэмпературы, святла, механічных пашкоджанняў.

«Крэўскі замак не захаваць у руінах». Што абмяркоўвалі на Міжнародных чытаннях у Крэве

• Текст доступен на языке: Русский