Алеся Талькоўская.

У Аксаны Віткоўскай са Смаргоні тры дачкі. Старэйшая Ганна займалася дзюдо, а цяпер вучыцца ва ўніверсітэце фізічнай культуры ў Мінску. Сярэдняй Алесе Талькоўская ўсяго 12, і яна займаецца баскетболам і навучаецца ў мінскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. «Рэгіянальная газета» пагутарыла з маці Алесі пра любоў дачкі да баскетболу і пра яе поспехі ў гэтым відзе спорту.

«Спорт – гэта яе»

Аксана ўспамінае, што калі Алесе было ўсяго пяць гадоў, то дзяўчына прабегла на смаргонскім стадыёне дзевяць кругоў і ні разу не спынілася. Дзяўчынка хадзіла разам са старэйшай сястрой на спартыўныя секцыі.

– Было бачна адразу, што спорт – гэта яе. Мы доўга думалі, куды яе аддаць. У выніку старэйшая дачка параіла аддаць у баскетбол, – успамінае Аксана.

Узнагароды дзяўчыны.

Алеся Талькоўская пачала займацца баскетболам у шэсць год. З першым трэнерам у Смаргоні атрымалася патрэніравацца толькі адзін год, пасля ён з’ехаў у Маскву. Затым каманду маладых дзяўчат расфарміравалі, а Талькоўская трапіла да трэнера Валера Юрчанка.

– І ён гэта ўбачыў у ёй. Яна ж была самая маленькая. Ён заўсёды ў яе верыў і ведаў, што яна пойдзе далёка.

Ужо год Алеся вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Мінску. Па словах маці, дачка не толькі добра гуляе ў баскетбол, але і выдатніца па вучобе. Талькоўская бярэ заданні нават на спаборніцтвы, каб не адставаць па прадметах.

Маці Алесі прызнаецца, што адпускаць у Мінск дачку было не страшна:

– Яна вельмі рана стала самастойнай. Па-першае, разам з ёй са Смаргоні ехалі яшчэ дзве дзяўчыны. Па-другое, у Мінску вучыцца старэйшая сястра, якая ніколі яе не пакіне ў бядзе.

«Баскетбол ужо не кіне»

Маці дзяўчыны ўпэўненая, што дачка ніколі не кіне баскетбол. Па яе словах, адзіны страх для Алесі цяпер, што смаргонскія дзяўчаты, з якімі яны пачыналі гуляць, могуць забраць дакументы з мінскага вучылішча. Маці заўсёды ёй кажа, што ў яе ёсць і трэнеры, і партнёры па камандзе.

Талькоўскую цяпер трэніруюць Алена Іваноўская і Мікалай Бузлякоў. Аксана ўпершыню пазнаёмілася з трэнерамі на першынстве Беларусі ў гэтым красавіку.

– Яна рукамі і нагамі за Алеську. Кажуць, што яна слухае і чуе нас. Маўляў, з такімі дзецьмі вельмі прыемна працаваць, – дзеліцца маці дзяўчынкі.

Напрыканцы красавіка ў Смаргоні прайшло першынства Беларусі па баскетболе. Алеся Талькоўская выступала ў камандзе Гродзенскай вобласці. Трэніраваў гродзенскую абласную каманду Валер Юрчанка, які быў першым трэнерам дзяўчыны.

Зборная Гродзенскай вобласці не прайграла ні адной сустрэчы і заняла першае месца, а Талькоўская была прызнаная лепшым абаронцам турніру. Маці прызнаецца, што на матчы дачкі ў родным горадзе прыходзілі паглядзець сваякі і блізкія.