Пра што марылі землякі для сябе асабіста? З гэтых адказаў мы склалі воблака слоў. Чым буйнейшымі літарамі напісанае слова, тым часцей яно сустракалася ў марах.

Летам мінулага года віляйчанка Вольга Шостак як сябра ініцыятыўнай групы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты шмат сустракалася з жыхарамі нашага рэгіёна. На сустрэчах жыхарам Маладзечна, Смаргоні, Вілейкі і навакольных мястэчак арганізатары раздавалі людзям чыстыя аркушы і прапаноўвалі напісаць тры мары: для сябе, для свайго горада ці вёскі і для Беларусі.

Мары – гэта такая гульня

– Гэта такая інтэрактыўная гульня. Я не раз карысталася ёй у педагогіцы, – тлумачыць Вольга. – Людзі вельмі адгукаліся, актыўна пісалі свае мары не толькі ў гарадах, але і ў невялікіх мястэчках, напрыклад, у Ільі, Вязыні. Некаторыя аркушы не аддавалі, забіралі з сабой. Частку мар жыхароў Вілейшчыны на адной з сустрэч я ўручыла старшыні Вілейскага райвыканкама Алегу Бегунцу.

Шмат аркушаў з марамі жанчына захавала і днямі перадала ў рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты». І мы прапануем вам даведацца, пра што марылі людзі, якія мінулым летам прыходзілі на сустрэчы з ініцыятыўнай групай.

Мары для свайго горада, вёскі

«Хачу, каб Вілейка не ператварылася ў занядбаны аграгарадок, квітнела і прыносіла добрыя даходы і пенсіі людзям, якія тут жывуць» – так выказаў сваю мару год таму нехта з вілейчукоў.

Жыхары Вілейкі дзяліліся таксама марамі пра добрыя дарогі, наяўнасць працоўных месцаў і прыбытковых прадпрыемстваў. Адзначалі, што хочуць, каб мясцовыя кіраўнікі былі больш крэатыўнымі, а маладыя людзі заставаліся ў горадзе, а не з’язджалі ў сталіцу і за мяжу.

Маладзечанцы марылі пра парковачныя месцы ў дварах шматпавярховак, горадаўтваральныя прадпрыемствы, магчымасць самарэалізацыі ў сваім горадзе і падзялілі мары вілейчукоў наконт годных заробкаў і працоўных месцаў.

Жыхары Ільі выказваліся за дзіцячую пляцоўку і безбар’ернае асяроддзе ў сваім мястэчку. Актуальнай была мара пра добрыя дарогі, клуб па інтарэсах для ільянцаў і годнае медыцынскае абслугоўванне.

У суседняй з Ільяй Вязыні год таму марылі, каб паселішча прыгажэла і квітнела, каб тут з’яўлялася вытворчасць і працоўныя месцы, развівалася інфраструктура.

Як аказалася, працоўныя месцы – таксама боль жыхароў Любані. Яшчэ тут мараць пра добраўпарадкаванне і рамонт жылых дамоў.

Жыхары Іжы год таму хацелі якаснага медабслугоўвання.

Мары для Беларусі

Тут землякі адзначалі свабоду слова, развітую эканоміку. Марылі пра тое, каб Беларусь паважалі ў свеце, каб былі перамены да лепшага, адбывалася паступовая беларусізацыя. Адны марылі пра годны ўзровень жыцця, пры якім не хацелася б з’язджаць з Беларусі, іншыя – пра тое, каб у краіне ніколі не было вайны.

Копіі аркушаў з марамі захоўваюцца ў рэдакцыі.

• Текст доступен на языке: Русский