Сіпуха, unsplash

Ёсць шэраг птушак, жывёл, якія для нашых дзяцей могуць застацца толькі на старонках падручнікаў. Некаторых з іх засталася толькі адна пара на ўсю Беларусь.

Спіс такіх птушак і жывёл склала грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Сіпуха

Сіпуха – адна з самых прывабных соў на свеце. Цяпер у краіне вядомая толькі адна пара, якая жыве ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці.

Галоўныя пагрозы для сіпухі – суровыя зімы і атручаны корм. Праблемы з кормам – а сілкуюцца яны грызунамі – з’явіліся з-за інтэнсіўнага выкарыстання пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы, а таксама прэпаратаў, якія знішчаюць грызуноў.

Сіпухі любяць сяліцца побач з чалавекам на гарышчах і ў вентыляцыйных нішах. Гэтыя месцы ўсё часцей закрываюць у дамах на Беларусі, што не пакідае магчымасці совам гнездавацца.

Для вырашэння жыллёвага пытання супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў і АПБ будуюць і развешваюць домікі для сіпух у заходніх раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Сіваваронка, фота Zeynel Cebeci Wikimedia Commons.

Сіваваронка

Аказваецца, у Беларусі можна сустрэць трапічных птушак. На тэрыторыі краіны ёсць тры віды ракшападобных птушак, і сіваваронка – адна з іх. Астатнія іх сваякі насяляюць трапічныя і субтрапічныя зоны.

У Беларусі сіваваронка жыве ад мая да жніўня: выводзіць тут птушанят, а затым ляціць зімаваць у Афрыку.

У канцы 1970-х гадоў колькасць віду ў нашай краіне дасягала 30 тысяч пар. На сёння вядомая ўсяго адна пара ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Птушка знікла практычна ўсюды, дзе раней рэгістравалася як параўнальна звычайная.

– Ніхто дакладна не ведае, чаму сіваваронкі амаль цалкам зніклі ў нас і ва ўсіх суседніх краінах, – прызнаецца дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Гэтых найпрыгажэйшых птушак сотнямі і тысячамі штогод страляюць на міграцыі ў Ліване і суседніх краінах. Паляўнічыя хваляцца ў інтэрнэце адзін перад адным кучамі, складзенымі з сіваваронак, выкладваюць імі даты і словы. Звароты да ўрада Лівана звонку пакуль не паўплывалі на ўзровень браканьерства ў гэтай краіне. Сітуацыя з сіваваронкай яскрава паказвае, што ахова прыроды – задача для міжнародных намаганняў.

Чырвоны каршун, фото Hansueli Krapf Wikimedia Commons.

Чырвоны каршун

Чырвоны каршун – элегантная карычневая птушка з размахам крылаў да 180 сантыметраў і хвастом відэльцам. Да сярэдзіны 20 стагоддзя чырвоны каршун рэгулярна сустракаўся ў паўднёвай і заходняй частках Беларусі. На сёння вядомая толькі адна пара, якая гняздуецца ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці.

Усе вядомыя гнёзды ў нас размяшчаліся на вышыні 18-25 метраў у старых лясах. Менавіта такія лясы асабліва прыцягваюць дрывасекаў.

Беркут, фота Юрыя Шашанько.

Беркут

Яшчэ адна буйная драпежная птушка з размахам крылаў да двух метраў, якую можа не заспець наступнае пакаленне, – гэта беркут.

У Беларусі гняздуецца ўсяго адна пара, на Віцебшчыне. Гэтыя арлы займаюць маладаступныя верхавыя балоты.

– Найбольш негатыўна на іх уплывае збор журавін вясной. Гэтыя птушкі вельмі рана, яшчэ ў лютым, прыступаюць да гнездавання. І зборшчыкі, самі таго не жадаючы, могуць перашкодзіць птушкам: дастаткова прайсці каля гнязда, каб падняць самку на паўгадзіны-гадзіну, а зародкі ў яйках замярзаюць. Пры гэтым людзі могуць нават не заўважыць гэтага, – тлумачыць Аляксандр Вінчэўскі. – А калі людзі ўладкуюць на балотным востраве стаянку, у птушак увогуле не застаецца шанцаў убачыць сваіх птушанят на крыле ў гэтым сезоне. Пры гэтым вясновы збор журавін фармальна забаронены, проста гэта ніхто не кантралюе.

Часам беркуты незаконна становяцца ахвярамі майстэрняў па вырабе пудзілаў. Кантроль дзейнасці такіх майстэрняў у Беларусі практычна адсутнічае. Часам гэтыя арлы трапляюць у пасткі, выстаўленыя для чатырохногіх драпежнікаў.

Сярод іншых фактараў, якія ўплываюць на папуляцыю беркута, – змяненне клімату. Яно адмоўна адбіваецца на папуляцыі зайца-беляка. У белым строі зайцу цяжка схавацца ад драпежнікаў у бясснежную зіму, а бяляк – любімая здабыча беркута – знікае.

Чорнаваллёвая гагара, фота Рамана Чалея.

Чорнаваллёвая гагара

Ужо доўгі час вядомая ўсяго адна пара гэтага віду на Віцебшчыне. Гэта тундравая птушка любіць азёры на верхавых балотах. Скарачэнне яе папуляцыі таксама звязана са змяненнем клімату, якое, у сваю чаргу, уплывае на асяроддзе пражывання віду.

Пагрозу чорнаваллёвай гагары могуць уяўляць турысты і рыбаловы з сабакамі, якія дабіраюцца да самых цяжкадаступных балотных азёр, палохаючы птушак. Катэгарычна не рэкамендуецца трывожыць гэты від у перыяд інкубацыі аж да ліпеня, пакуль птушаняты не падрастуць.

Белая курапатка, фота Eva Kostroma Wikimedia Commons.

Белая курапатка

Белая курапатка – іншы тундравы від, што знікае ў нас з-за змены клімату. Увосень яна апранае белы ўбор, але вось снегу часам даводзіцца чакаць да вясны, а драпежнікам лёгка знайсці курапатку ў бясснежную зіму.

Мяркуючы па інфармацыі, што паступае з балота Ельня, мясцовая папуляцыя губляе ўжо апошніх асобін у краіне. Колькі яна праіснуе, ніхто не ведае. Яшчэ сто гадоў таму гэты від быў распаўсюджаны нават на Палессі.

Звычайны хамяк, shutterstock.

Звычайны хамяк

Від, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення ў свеце, – звычайны хамяк.

Ён можа знікнуць на працягу бліжэйшых 30 гадоў.

Сярод галоўных прычын падзення колькасці звычайных хамякоў называюць інтэнсіўную сельскую гаспадарку, знікненне палёў шматгадовых траў, якія рэдка пераворваюцца, а таксама выкарыстанне атруты супраць грызуноў. Згубны ўплыў аказвае і змяненне клімату, у прыватнасці, зімы з частымі адлігамі. З-за перападаў тэмпературы хамякі часцей прачынаюцца і з’ядаюць свой запас корму хутчэй.

Від насяляе ад Францыі да Казахстана, але беларусаў, якія бачылі дзікіх хамякоў у апошняе дзесяцігоддзе ўжывую, адзінкі. АПБ займаецца пошукам гэтага рэдкага грызуна ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях з 2010 года, але пакуль беспаспяхова. Калі вам вядомая жылая нара хамяка звычайнага, калі ласка, напішыце ў АПБ на info@ptushki.org.

– Усе пералічаныя віды ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу, – удакладняе Аляксандр Вінчэўскі. – Усяго ў ёй 202 віды жывёл і птушак і 303 віды раслін. Аднак на сёння створаныя і зацверджаныя ўсяго дзевяць планаў дзеянняў па захаванні дзікіх жывёл і 30 планаў дзеянняў па захаванні дзікарослых раслін. Ні для аднаго з вышэйапісаных сямі відаў плана дзеянняў няма. Дзікай прыродзе Беларусі неабходныя больш хуткія і рашучыя меры дапамогі.

І што рабіць нам?

Згодна з дакладам ААН, каля мільёна відаў жывёл, птушак і раслін сёння на мяжы вымірання.

Тэмпы знікнення біялагічных відаў паскараюцца з-за знішчэння асяроддзя пражывання, што, у сваю чаргу, звязана з ростам колькасці насельніцтва планеты і ростам спажывання прыродных рэсурсаў.

– Важна спажываць рэсурсы адказней у самым шырокім сэнсе гэтага паняцця. Падзяляць смецце, адмовіцца ад новага тэлефона, калі стары яшчэ працуе, разумеючы, што на яго стварэнне сыходзяць прыродныя рэсурсы. Есці менш мяса, вытворчасць якога забруджвае навакольнае асяроддзе. Падтрымліваць прыродаахоўныя арганізацыі і фонды, акцыі і кампаніі, – кажа дырэктар АПБ. – Важна памятаць, што ад нас таксама залежыць, колькі яшчэ пакаленняў убачыць тых ці іншых жывёл і птушак.