На месцы здарэння. Фота чытача.

Учора ўвечары на трасе Мінск-Маладзечна-Нарач паміж вёскай Шчарбіны і МКАД-2 здарылася сур’ёзная аварыя. Пра яе нам расказаў наш чытач, які стаў сведкам здарэння. Інфармацыю працвердзіла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Алена Крупеніна.

– Аварыя здарылася ўчора, недзе каля 11 вечара. Я ехаў з працы дамоў. Мяне перад Шчарбінамі абагнаў «Пасат». Ён праляцеў на вялікай хуткасці. Было бачна, як спрацавала камера, што стаіць у Шчарбінах, – расказвае сведка. – Далей убачыў, як патухла сустрэчнае святло і з’явіліся дробныя ўспышкі агню. Калі пад’ехаў бліжэй, зразумеў, што здарылася лабавое сутыкненне «Пасата» з фурай. Я спыніўся, выйшаў. Побач стаяў у шоку кіроўца фуры. Легкавая машына была вельмі моцна пашкоджаная, з яе быў відаць чалавек. Аўтамабіль пачынаў гарэць. Мы тушылі вогнетушыцелямі, якія мелі з сабой. Але гэтага аказалася недастаткова.

Пачалі спыняцца іншыя кіроўцы. Неслі вогнетушыцелі, паціху збівалі полымя. Людзі дасталі кіроўцу. Ён, здаецца, адразу быў з пульсам. Прыехалі работнікі МНС, пасля медыкі. Яны канстатавалі смерць кіроўцы. Пасажыра выратавальнікі выразалі з салона, медыкі хацелі яго ўратаваць, аднак не змаглі.

Абставіны здарэння пацвердзіла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Алена Крупеніна. Па яе інфармацыі, загінулыя ў «Пасаце» – 29-гадовыя маладзечанцы. Сутыкненне здарылася з-за таго, што кіроўца легкавіка не справіўся з кіраваннем і выскачыў на сустрэчку. Тут ён сутыкнуўся з цягачом «Рэно Прэміум» з полупрычэпам, якім кіраваў 28-гадовы мужчына, таксама жыхар Маладзечна.

Па папярэдняй інфармацыі, кіроўца і пасажыр «Пасата» не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.

Следчыя ўстанаўліваюць абставіны здарэння.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Рэгiянальная газета (@rg_rhby)

• Текст доступен на языке: Русский