Арцём Батвенкоў. Фота hockey.by.

Новым галоўным трэнерам хакейнага «Дынама-Маладзечна» стаў Арцём Батвянкоў, паведамляе hockey.by.

У мінулым сезоне маладзечанскіх хакеістаў трэніраваў Канстанцін Кальцоў. Ён перайшоў у маскоўскі «Спартак».

— Кандыдатуру Батвянкова ўжо ўзгаднілі ў федэрацыі хакея. Мы разглядалі некалькі прэтэндэнтаў. Хтосьці адмовіўся, а хтосьці не падышоў. Вырашылі даверыць пост спецыялісту з клубнай сістэмы, які з нашым фармам стаў чэмпіёнам ў вышэйшай лізе і , я лічу, заслугоўвае шанец паспрабаваць сябе рангам вышэй, развівацца і даказаць свае здольнасці. Тым больш, большасць гульцоў прыедзе з «Мінскіх зуброў», з многімі ён працаваў не адзін год у дынамаўскай сістэме. Галоўных трэнераў таксама трэба расціць і развіваць, у нас у беларускім хакеі не такі і вялікі выбар моцных спецыялістаў, калі аглядзецца, — расказаў дырэктар маладзечанскага клуба Ігар Мікалайчык.

Арцём Батвянкоў працаваў трэнерам у школе «Дынама» ад 2007 года. Сярод яго выхаванцаў — задрафтаваны «Флорыдай» Уладзіслаў Калячонак. Апошнія два гады Батвянкоў быў галоўным трэнерам «Мінскіх зуброў». У 2020 годзе яго каманда стала срэбным прызёрам вышэйшай лігі, а гэтай вясной заваявала залатыя медалі. З «Мінскіх зуброў» таксама пераходзіць асістэнт галоўнага трэнера Дзяніс Гроць.

Нагадаем, у мінулым сезоне маладзечанцы занялі чацвёртае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, але саступілі ў чвэрцьфінале плэй-оф «Металургу». Такім чынам, «Дынама-Маладзечна» завяршылі год на пятым месцы.