Фота забяспечана Русланам Трубачам.

Смяротная аварыя здарылася ноччу 12 чэрвеня.

У 3:35 кіроўца «Сузукі Катана» ехаў у бок Мінска. Як паведамляе Маладзечанская ДАІ, каля павароту на Татаршчызну матацыкліст наехаў на лася, што выйшаў на дарогу. Матацыкліст ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы аварыі.

Загінулы – 33-гадовы жыхар Чысці Павел Рамановіч. Вось што расказалі ў памяць пра Паўла яго сябры.

– Паша – мой аднагодак, – расказвае Руслан. – Пазнаёміліся гады 3-4 таму. Прыйшоў да мяне ў аўтамагазін цікавіцца пра матацыкл. Пасля пачалі разам збірацца і катацца. Быў вельмі добры і вясёлы. Пастаянна ездзіў з рукзаком, у яго там была ссабойка, якой дзяліўся. Наведвалі з ім мотазлёты.

– У нас ёсць агульная кавярня, дзе мы ўсе дружна збіраліся за кубкам кавы, – расказвае знаёмая Паўла Сафія. – Цяпер збіраем там грошы для дапамогі родным Паўла. Кавярня «Kavain» на стрыт-фудзе. Што тут сказаць… Не верыцца, што менавіта ён апынуўся ў такой сітуацыі. Вельмі вясёлы чалавек, заўсёды падтрымае размову і падыме настрой!

Ніколі нічога не шкадаваў, усе знаёмыя агульныя памятаюць яго знакамітыя ссабойкі, якімі імкнуўся пачаставаць кожнага сябра.

Бывае, скажа лішняга, але гучала не крыўдна, умеў пераказаць жартам. Усім нам будзе не хапаць гэтага вясельчака.

– Мы ў адной мотакампаніі былі, я не скажу, што вельмі добра яго ведала, але калі прыходзіў ён, атмасфера адназначна змянялася, – прыгадвае яшчэ адна знаёмая Паўла. – Заўсёды распавядаў нейкія пацешныя гісторыі, заўсёды было весела з ім. Такі добры і спагадны. Звычайна падыходзіць і кажа: «Здароў, малая, цукерку будзеш?» Расказваў, як хацеў матацыкл такі, раней на «Яве» катаўся. Кажа: «У мяне ён не такі магутны, але мне падабаецца».

Але вельмі шкада, ён заўсёды казаў, як хоча любові, сям’ю… Шкада, што не ўбачыў шчасця, якое так хацеў…

Як кажуць, «калі людзі сыходзяць, гэта не значыць, што мы перастаем іх любіць…».

Павел Рамановіч – у цэнтры. Крысціна прыгадвае, што ў гэты дзень хадзілі ў кіно сваёй кампаніяй матацыклістаў. Усе былі з колай і попкорнам, а Паша, як заўсёды, з дамашняй ежай.

– Наш мота-брат, паплечнік, сябар, таварыш, – прыгадвае Паўла знаёмая Крысціна. – Ён вельмі любіў матацыклы, ніколі хутка не ездзіў. Калі кампаніяй ехалі куды-небудзь, заўсёды ехаў апошні. З ім заўсёды было весела. Дзе б ні быў Павел, заўсёды разрадзіць абстаноўку, павесяліць, насмяшыць.

Заўсёды вазіў ссабойку, мама яго адпраўляла са смачнымі катлеткамі, агурчыкамі і пячэнькамі. Як толькі прыязджаў у цэнтр, заўсёды ўсіх частаваў.

Не быў жанаты, і не меў дзяцей, сэрца было самотнае. Доўгі час працаваў дальнабойшчыкам, шмат краін пабачыў, вечна расказваў гісторыі, што ў яго там здараліся. Любіў свой матацыкл. Ніколі нікому не даваў на ім катацца – «я гаспадар, я езджу». Заўсёды вазіў з сабой другі шлем, раптам спатрэбіцца падкінуць каго-небудзь да дому. Ніколі нікога не пакрыўдзіць, а наадварот пастараецца дапамагчы і падказаць. Пішу і плачу, паверыць не магу, і не змагу, напэўна.

• Текст доступен на языке: Русский