Васіль Лазоўскі. Фота .svaboda.org.

16 чэрвеня 1953 года будучы мастак нарадзіўся ў вёсцы Татаршчына на Маладзечаншчыне ў сям’і чыгуначніка.

Скончыў Маладзечанскую сярэднюю школу № 4 і Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Працаваў выкладчыкам малявання і чарчэння ў Кабыльніку (цяпер Нарач), мастаком-афарміцелем Маладзечанскай філіі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната, выкладчыкам малюнка і жывапісу ў Маладзечанскай мастацкай школе. Удзельнік шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і гарадскіх мастацкіх выстаў, у тым ліку, і персанальных.Сябра Саюза мастакоў Беларусі (2000).

Памёр у 2015. Пахаваны на гарадскіх могілках у Лазаўцы.

Даследчыкі лічаць, што Васіль Лазоўскі пакінуў прыкметны і адметны след у гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва канца 20 – пачатку 21 стагоддзяў.

А вось, як згадвае маладзечанскага мастака Лазоўскага Уладзімір Арлоў:

«Удзельнікі тых, гістарычных Дзядоў 1988 году памятаюць, як пры канцы нядоўгага мітынгу-рэквіему ў полі паблізу Курапатаў з гушчыні людзкога збою ў цэнтар нашага кола перадалі нейкі скрутак. Праз імгненьне па-над галовамі ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Менавіта тады марознае паветра і скаланула каманда: «Рась-ся-кай!», і на нас з усіх бакоў наляцелі міліцыянты і салдаты ўнутраных войскаў.

Гэта было першае публічнае ўзьняцьце нацыянальнага сьцягу за некалькі дзесяцігодзьдзяў забароны.

Доўгі час імя чалавека, які прынёс з сабою сьцяг, было вядомае толькі вельмі вузкаму колу сяброў. Летапісцы найноўшай беларускай гісторыі губляліся ў здагадках, у публікацыях зьяўляліся заклікі адгукнуцца, дапамагчы адшукаць героя, але адказам было маўчаньне.

Цяпер будзем ведаць: яго звалі Васіль Лазоўскі.

Васіль быў мастаком, лічыў настаўнікамі славутых майстроў Альгерда Малішэўскага і Ядзьвігу Разьдзялоўскую. Трыццаць гадоў ён працаваў выкладчыкам малюнку і жывапісу ў дзіцячай мастацкай школе ў Маладэчне.

Да беларускай супольнасьці роднага гораду Васіль далучыўся задоўга да абвешчанай зьверху перабудовы. Браў удзел у аздабленьні памяшканьня клюбу патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка». Духоўнымі бацькамі гэтага асяродку культуры і вольнай думкі былі гісторыкі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі.

«Хатку» ўпрыгожваў герб «Пагоня», партрэты айчынных літаратурных клясыкаў. Адзін пакой займала мастацкая гасьцёўня Язэпа Драздовіча, яшчэ адзін — музэй Уладзіміра Караткевіча. Потым у Маладэчне ўзьнікла новае гістарычна-краязнаўчае аб’яднаньне — «Крывіч».

Колішні кіраўнік крывічанаў, краязнаўца, літаратар і выдавец Міхась Казлоўскі называе Васіля Лазоўскага самым надзейным сябрам, «прынцыпова беларускамоўным, сьветлым і прыгожым у думках і ўчынках чалавекам, зь якім бясьпечна было размаўляць на любыя тэмы».

Васіль ствараў для «Крывіча» вымпэлы і харугву, маляваў вясёлыя ілюстрацыі для насьценгазэты «Беларусь». У ягонай кватэры захоўвалася ўся забароненая літаратура, там адзначалі Дзень Волі (упершыню ў 1986-м), іншыя нацыянальныя сьвяты.

Акурат з той кватэры сябры і паехалі на Дзяды ў Менск. Мелі пра сабе два пашытыя Васілём сьцягі. Што сталася ў калатнечы зь першым сьцягам, невядома, а вось другі, дублёр, што проста не пасьпелі ўзьняць, потым вісеў у майстэрні Лазоўскага побач з творамі гаспадара.

Пасьля адной зь яго пэрсанальных выставаў хтосьці напісаў у водгуку, што Васіль сваімі карцінамі «стварае ў сэрцах гледачоў сьвятланосны запас, які радуе, цешыць і лекуе чалавечую душу».

Калі гляджу на ягонае «Сьвятло Вострай Брамы», мне хочацца падпісацца пад гэтымі радкамі і неўзабаве зноў узяць квіток да Вільні».