Праца Меер Аксельрода, што захоўваецца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. «Беларус».

Разам з Мінскім абласным краязнаўчым музеем мы знаёмімся з мастакамі, што паходзяць з Маладзечаншчыны і чые працы захоўваюцца ў фондах установы. Пачнём з творцы, што нарадзіўся ў Маладзечне на вуліцы Замкавай.

Пра мастакоў, карціны і іх адметнасці расказвае навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Беразавец.

Меер Аксельрод, аўтапартрэт, 1921 год.

Выгналі з Маладзечна

Меер Аксельрод нарадзіўся 5 ліпеня 1902 года ў Маладзечне, дом сям’і размяшчаўся на вуліцы Замкавай.

Міхаіл Яхілевіч у выданні «Вяртанне» адзначае: «Будачаму мастаку Мееру (Марку) Аксельроду ішоў трынаццаты год, калі ў пачатку Першай сусветнай вайны яго сям’ю разам з іншымі яўрэйскімі сем’ямі выгналі з Маладзечна.

Улады баяліся, што з-за блізкасці моў яўрэі могуць супрацоўнічаць з немцамі».

Доўгі перыяд сям’я жыла ў Мінску. Там малады чалавек зарабляў плакатамі для кіно, працягваў вучобу. У 1921 годзе дэбютаваў на выставе беларускіх мастакоў у Мінску з замалёўкамі яўрэйскіх кварталаў і могілак. Там яго заўважыў Давід Штрэнберг і запрасіў вучыцца ў Маскву.

Мастак часта бываў на радзіме, у яго творчасці шмат прац, дзе прыгадваецца жыццё ў Беларусі. У пошуках характэрнага тыпажу падарожнічаў па беларускіх мястэчках: «Трэба жыць у доме, сярод людзей. Бачыць побыт. Знаёміцца з людзьмі. Пастарацца заслужыць іх давер і… Угаварыць пазіраваць», – дзяліўся ён.

Аксельрод працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у многіх спектаклях і фільмах. Аформіў больш за сотню кніг – у асноўным сучасных яму яўрэйскіх і беларускіх пісьменнікаў. Многіх з гэтых аўтараў пасля рэпрэсавалі, адзначае Міхаіл Яхілевіч.

Працы Аксельрода ў музеі

У пастаяннай экспазіцыі «Гісторыя Міншчыны» месцяцца копіі двух твораў Аксельрода, а арыгіналы захоўваюцца ў фондах. Гэта «Цімох» і «Беларус» – два партрэты, выкананыя гуашшу на кардоне. Калі іх пастаянна экспаніраваць, яны прыйдуць у непрыдатны стан.

Выстаўляюць арыгіналы на спецыялізаваных выставах, напрыклад, на персанальнай выставе Аксельрода.

У музеі акрамя двух партрэтаў ёсць некалькі экзэмпляраў кніжнай графікі Аксельрода, пейзаж «Беларуская вёска» і некалькі эскізаў. Менавіта кніжная графіка займае вялікае месца ў творчай спадчыне мастака. Дзве кніжныя ілюстрацыі Аксельрода ў фонды здабыў Генадзь Каханоўскі, як і слуцкі пояс, які прывёз з Масквы.

Праца Меер Аксельрода, што захоўваецца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. «Цімох».

На што намякае шыйная хустка

На карцінах «Цімох» і «Беларус» героі адлюстроўваюць, як у пачатку 20 стагоддзя выглядалі людзі, як апраналіся. На карціне «Цімох» – мужчына з рыжай барадой. Калі пагартаць працы Ван Гога, у яго таксама шмат выяў мужчын з рыжымі бародамі. І «Цімох» нагадвае творы нідэрландскага творцы. Навуковы супрацоўнік адзначае, што па працах відаць, што Аксельрод арыентуецца ў тым, што з мастацтвам адбываецца на захадзе.

– Яго працы з натуры хуткія, тэмпераментныя і вострыя, – адзначае Таццяна Беразавец. – Аксельрод ніколі не быў імпрэсіяністам. У яго творчасці, безумоўна, панаваў валявы, канструктыўны пачатак. А ў раннія гады і акрэслена экспрэсіўнае. Але з гадамі заўважна ўзмацняліся жывапісныя тэндэнцыі, жаданне будаваць прастору і форму колерам. Заўсёды шчыльным, але са складаным і тонкім нюансам.

Праца зробленая лёгка, эскізна. Агульныя рысы выразныя, але не прамаляваная кожная валасінка.

– Для яго характэрныя шырокія абагульняючыя форму мазкі, – каментуе эксперт. – Яго каларыт нярэдка скупы і часам даволі ўмоўны. Аксельрод пранікліва бачыў натуру і ўмеў падкрэсліць натуральную характэрнасць позы і рысаў твару. Яго героі ўзятыя, здаецца, вельмі проста: буйным планам, набліжаныя да гледача, у неглыбокай прасторы, без лішніх тлумачальных падрабязнасцяў. Але як па-рознаму жывуць на плоскасці аркуша і як дакладна абраны кожнай мадэлі душэўны стан!

У працы «Беларус» галаўны ўбор крыху ссунуты набок. У гэтага персанажа праглядаецца дэталь, якая нагадвае шыйную хустку. Беларуская шляхта мела некалькі ўзроўняў, і нават самыя бедныя прадстаўнікі імкнуліся падкрэсліць паходжанне. Шляхты ў гэты перыяд ужо не было, але людзі, што паходзілі з гэтага саслоўя, спрабавалі вылучыцца. Захоўвалі альбо жоўтыя боты, альбо жоўтую шыйную хустку. Іх называлі шарачыкавай шляхтай – таму што хадзілі ва ўсім шэрым.

Вось і герой карціны «Беларус» выглядае моднікам, які можа мець шляхетнае паходжанне.

– Адзначым, што колеры Аксельрода, як і пераважна ў творах беларускага мастацтва, земляныя. Гэтая адметнасць вельмі добра заўважная ў пейзажах беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Ён адлюстраваў менавіта тыповыя беларускія колеры, паказаў наша звычайнае надвор’е. Нашы колеры – умбрыстыя, рыжаватыя, несакавітыя зялёныя. Як і ў Аксельрода.

• Текст доступен на языке: Русский