АМАП затрымлівае людзей падчас акцыі ў Маладзечне 19 чэрвеня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

19 чэрвеня 2020 года маладзечанцы масава выйшлі на акцыю пратэсту супраць арышту кандыдата ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда. «Рэгіянальная газета» расказвае, што адбылося з удзельнікамі пратэснай акцыі праз год.

Чытайце яшчэ: «Ланцуг салідарнасці» ў Маладзечне. Як прайшла палітычная акцыя

Акцыя

18 чэрвеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў затрымаў кандыдата ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда. У той дзень у Мінску адбыліся вялікія акцыі пратэсту, а на наступны дзень людзі выйшлі пратэставаць у Маладзечне.

Пратэстоўцы пачалі збірацца каля галоўнага ўвахода ў парк. Там яны сталі ў ланцуг салідарнасці, аўтамабілісты сігналілі ім у знак падтрымкі. Ля гасцініцы праз гадзіну з’явіўся начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара і яго намеснік, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Манькоўскі.

Інспектары ДАІ перакрылі паласу па ВялікімГасцінцы каля скрыжавання з вуліцай  Багдана Хмяльніцкага. Тады людзі перайшлі ад парку да гэтага скрыжавання. Там яны засталіся яшчэ на некалькі гадзін. У гэты час па пешаходнай дарожцы пачалі хадзіць міліцыянер Маладзечанскага РАУС Дзмітры Судніковіч разам з супрацоўнікамі АМАПа.

Каля 22 гадзін двое супрацоўнікаў АМАПа Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка пачалі затрымліваць мінака Міколу Алейніка. Падчас затрымання Алейніка паміж амапаўцамі і людзьмі, што ўдзельнічалі ў акцыі, адбылася сутычка.

Той самы фотаздымак, на якім у руках у амапаўца заўважылі пісталет. У стойцы ў цывільным ля буса — амапавец Віталій Дук. Фота Настассі Уткінай.

На наступны дзень стала вядома, што Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце сутычкі, а прэс-служба МУС пацвердзіла, што адзін з амапаўцаў падчас яе трымаў у руцэ пісталет.

Мікола Алейнік і Андрэй Багамолаў

Міколу Алейніка затрымалі на трое сутак. Мужчыну судзілі па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Алейнік сцвярджаў, што пасля затрымання ў мікрааўтобусе яго збілі і везлі на падлозе аўтамабіля. Таксама Алейнік адзначыў, што амапаўцы схапілі яго і пацягнулі ў машыну, не папярэдзіўшы аб затрыманні і не паказваючы свае службовыя пасведчанні.

Мікалай Алейнік. Фота Настассі Уткінай.
Андрэй Багамолаў.

Амапаўцы Баранаў і Якавенка сказалі, што перад затрыманнем яны прадставіліся і папрасілі некалькі разоў Алейніка прайсці ў спецтранспарт, а мужчына пачаў уцякаць. Яны засведчылі, што затрыманага маладзечанца перавозілі на крэсле, а не на падлозе, і не збівалі.

Суддзя суда Маладзечанскага раёна Вольга Дубовік пастанавіла прызнаць Алейніка вінаватым у парушэнні двух адміністрацыйных артыкулаў. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Андрэя Багамолава затрымалі на запраўцы ноччу пасля акцыі. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Суд таксама прызнаў мужчыну вінаватым, даў сем сутак арышту.

Павел Пяскоў, Уладзіслаў Еўсцігнееў, Уладзімір Непагода

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева затрымалі па падазрэнні ў супраціўленні супрацоўнікам АМАПа падчас сутычкі на ланцугу салідарнасці. Хлопцаў затрымалі, а пасля адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Пяскоў і Еўсцігнееў падчас пасяджэння 16 верасня.

У верасні 2020 года Пяскова і Еўсцігнеева судзілі ў судзе Маладзечанскага раёне. Іх абвінавачвалі ў супраціўленні амапаўцам. Па справе праходзіў яшчэ адзін мужчына Уладзімір Непагода. Ён знаходзіўся ў вышуку да вясны 2021 года: яго знайшлі ў Санкт-Пецярбургу. Наколькі вядома «Рэгіянальнай газеце», мужчына чакае экстрадыцыі ў Беларусь.

Падчас суда над Пясковым і Еўсцігнеевым стала вядома, што Міколу Алейніка пасля затрымання ўсё-ткі перавозілі на падлозе аўто. Аб гэтым паведамілі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС, якія знаходзіліся ў транспарце разам з амапаўцамі.

Пяскова і Еўсцігнеева прызналі вінаватымі ў супраціўленні амапаўцам. Паўлу далі тры гады і тры месяцы калоніі, Уладзіславу – тры гады.

Абодва абскарджвалі рашэнне маладзечанскага суда ў вышэйшых інстанцыях, аднак прысуд пакінулі без змяненняў.