61-гадовай Маргарыце Альгердаўне Собаль у канцы мая не працягнулі кантракт у якасці настаўніка фізічнай культуры гімназіі-каледжа мастацтваў.

Жанчына расказала пра тое, як прыйшла да беларушчыны і як развіталася з працай, якую любіла ўсім сэрцам.

Маргарыта нарадзілася ў Маладзечне, закончыла сярэднюю школу №7. Вучылася ў адным класе з Наталляй Пашчук, а іх настаўнікам быў Георгі Корсак. Бацька займаў высокі адміністрацыйны пост у будаўнічай галіне, маці працавала фельчарам. Бацькі па маці са Смаргоні, па бацьку – з Паставаў.

– Нават ёсць радавое дрэва з 1640 года. Прыйшлі дадзеныя з Віленскага архіва – як кажуць, па лініі бабулі па мячы. Яна была шляхцянка з прозвішчам Гейбовіч.

З маладзечанскай гімназіі №7 звольнілі настаўніка хіміі Пашчук, стыпендыята чатырох прэмій Фонда Прэзідэнта Беларусі

Супраць былі ўсе

Падчас вучобы ў школе Маргарыта займалася спартыўнай гімнастыкай. Пасля школы была ўпэўненая: больш нагой не ступіць у спартыўную залу, так ужо надакучыла. Скончыла эканамічную ВНУ і працавала таваразнаўцам на міжрайбазе.

Выпадкова зайшла ў спартыўную залу павітацца са сваім трэнерам. Як зайшла, так і засталася. Набрала маленькіх дзяцей, пасля асноўнай працы на міжрайбазе ляцела да малых – падрыхтоўчай групы. Праз тры гады, як закончылася адпрацоўка пасля інстытута, пайшла туды працаваць:

– Наперакор усім, не ведаю, адкуль у мяне ўзяліся гэтыя сілы. Былі супраць усе! Кінула міжрайбазу – а гэта было надта хлебнае месца ў тыя гады, быў агульны дэфіцыт, а там многае можна было купіць.

Жанчына пайшла працаваць трэнерам у спартыўную школу. Там зразумела – гэта яе справа. Пасля захварэла дачка. Маргарыта не магла так шмат часу аддаваць спорту, колькі патрабавалася. Тады Собаль прыняла настаўнікам фізкультуры тагачасны дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў Людміла Васілевіч.

Цяпер Маргарыта даглядае маці, якая не ходзіць. Калі дачцэ Ганне было чатыры гады, яна захварэла на эпілепсію. Ганна з дзяцінства мае інваліднасць. Цяпер ёй 33 гады.

– У Ганулі свой свет, мы яе любім. Што маем, з тым і жывём. І спрабуем яшчэ быць шчаслівымі.

Беларушчына

У 90-х сябар аднойчы запрасіў Маргарыту ў маладзечанскае аб’яднанне «Беларуская хатка», якой кіраваў Міхась Казлоўскі.

– Я ж гарадская, ніколі не мела дачынення ні да беларускай мовы, ні да культуры. Тады ўпершыню пачула, што людзі размаўляюць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, пачула такія словы. Паціху пачала цікавіцца гэтай тэмай. Лекцыі чытаў Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч, Барыс Сачанка, там сустракаліся з Сяргеем Дубаўцом і Таццянай Сапач. Гануля была ў вазочку, я з ёй прыходзіла. Пэўна, праз хатку і прыйшла ў рух БНФ. Гэта перакуліла свядомасць.

У 1994 годзе Собаль была назіральнікам на выбарах у палітэхнікуме. Там на ўчастку перамог Пазняк.

– Мы стаялі каля стала, лічылі бюлетэні, усё было празрыста. Было шмат розных сходаў, збіраліся на пасяджэнні дэпутатаў. Усё было вельмі энергічна, нічога мы не баяліся. Быў час перамен.

Аднак былі і сітуацыі, калі выклікалі на размовы ў райкам партыі.

– Генадзь Каханоўскі ад Таварыства беларускай мовы неяк вазіў нас у Вільню. Гэта была паездка! Упершыню ўбачыла Вільню вачыма беларусаў. Колькі год прайшло, а не магу забыць тую паездку. Удзельнічала ў Чарнобыльскім шляху – разам з намі быў Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч. Міліцыя патрабавала разысціся, але мы працягвалі ісці.

– Год таму ці было адчуванне, што на гэты раз будзе па-іншаму?

– Не было. Прывыкла адказваць за сябе. Я ніколі не галасавала за Лукашэнку, у мяне была цвёрдая пазіцыя.

Разумела, што найперш павінна быць сумленнай сама з сабой.

– Ці адчувалі ідэалагічны ціск у школе да жніўня 2020?

– Ніколі. Школа – не пляцоўка для выказвання палітычных поглядаў. Працавала сабе і працавала. Але заўсёды на ўроках імкнулася дзецям расказваць пра нейкіх асоб з беларускай гісторыі. Адна справа, калі пра гэта расказваюць на гісторыі, і зусім іншая – па-за ўрокам. Пытаюся, ці ведаеце вось такога чалавека. Адказваюць – раз вы пытаецеся, дакладна беларус. Калі-нікалі пра такое гаварылі. І ўрокі праводзіла па-беларуску – каб дзеці калі не размаўляюць па-беларуску, то хаця б чуюць, а пасля да іх гэта прыйдзе, калі паразумнеюць.

«Урок для ўсяго горада». Маладзечанцы адстойваюць пасаду дырэктара школы №5 за Макарэвічам

Як прайшло 9 жніўня

– Я не такая смелая, як людзі, што сталі насупраць міліцыі. Я была на плошчы, бачыла там вельмі шмат людзей, многія былі з дзецьмі. Бачыла, што ўсё мірна і ціха, ніхто нікога не чапае, ніякай агрэсіі. Людзі запальвалі ліхтарыкі, крычалі «Жыве Беларусь». Калі было цёмна, пайшла дадому, бо не магу сабе дазволіць шмат часу быць там. Нараніцу даведалася, што адбылося. На наступны дзень шпацыравалі, бачыла аўтазакі, АМАП, сабак, у некалькіх метрах ад нас бралі чалавека, вельмі жорстка збівалі. Страшна не было – я не бачыла, што адбылося дзявятага.

Цяпер было б страшна, а тады яшчэ не ведалі, што трэба баяцца, думалі, што ўсё будзе па законе.

Маргарыта выходзіла на жаночыя акцыі салідарнасці з кветкамі. Упершыню далучылася да ланцуга каля Чырвонага касцёла.

– Ехала з кветкамі, калені крыху дрыжалі. А пасля ўбачыла, колькі там жанчын, іх станавілася ўсё больш, былі з кветкамі, некаторыя з дзецьмі, трымалі плакаты. Пасля пачалі пад’язджаць мужчыны, пачалі частаваць – марожаным, вадой, цукеркамі. Была на ровары, і сабраўся цэлы кошык пачастункаў. Адна дзяўчына аж заплакала, бо ніколі такога не бачыла – незнаёмыя людзі прыязджаюць, усіх частуюць, ва ўсіх такі цудоўны настрой! Якія прыгожыя жанчыны, з кветкамі, гэта незабыўна. Пасля былі маршы, я заўсёды была з кветкамі, каб паказаць, што супраць гвалту.

2 лістапада Маргарыту асудзілі па 23.34 на 15 базавых за ўдзел у маршы.

– Па палітычных матывах у Маладзечне звольнілі трох педагогаў. Настаўнікаў з такімі ж поглядамі, што ў вас, нашмат больш. Ці было б добра, каб і іншыя сваю пазіцыю паказвалі праз учынкі?

– У многіх няма фінансавай падушкі, якая дазволіць паўгода-год быць без грошай. Калі звольняць па палітычных матывах, то ў дзяржаўную ўстанову больш не ўладкуешся. А ў якую прыватную можна ўладкавацца ў Маладзечне? Ёсць такія, што выйшлі і засталіся працаваць. Але фінансавы бок вельмі моцна трымае людзей. У кожнага свая мяжа, якую не можа пераступіць. У некаторых хопіць смеласці ўсё памяняць, у іншых не. Усе хочуць рухацца наперад, а не назад.

Як адбылося звальненне

– На мяне ніхто ніколі не ціснуў. Але разумела, што кантракт не працягнуць, тым больш я пенсіянерка. Ніколі не хавала сваіх поглядаў. Штогод ідзе сход, на якім адбываецца размеркаванне нагрузкі на наступны навучальны год. Так як у мяне Гануля, не магла быць на гэтым сходзе. Падыходжу да дырэктара, прапанавала абмеркаваць пытанне раней.

Дырэктар сказала, што яна не працягне са мной кантракт, што ёй вельмі шкада і параіла памяняць грамадзянскую пазіцыю. Адказала, што гэта немагчыма, таму што за гэтым стаіць маё сумленне. І мы разышліся.

– Як змяніўся аўтарытэт настаўніка за 37 год вашага стажу?

– Не магу казаць пра сістэму, я ў ёй не вельмі моцна завязаная, заўсёды працавала толькі з дзецьмі, і не хацела быць вышэй. Аўтарытэт залежыць не ад сістэмы, а ад асобы настаўніка. Нават калі прымушаць шмат працаваць, дзеці нібыта незадаволеныя, але адчуваюць, што табе неабыякава. І заўсёды будуць гэта цаніць. Дзеці цэняць сумленнасць і падтрымку.

– Ці ёсць людзі, у кім расчараваліся за апошні год?

– Не. Кожны мае права на свой выбар і сваё меркаванне. Мне можа не падабацца пазіцыя, якую ён абраў. Але ён мае на гэта права.

Маргарыта расказвае, што ў школе не мела сяброў – яны з’явіліся ў 2020 годзе. І што атрымала вельмі шмат падтрымкі ад знаёмых і незнаёмых людзей.

Адна з асноўных частак цяперашняга жыцця Собаль – падтрымка палітзняволеных.

– Гэта дапамагае не ўпасці ў дэпрэсію. Калі проста сядзець, то вельмі цяжка назіраць за тым, што робіцца. А калі дапамагаеш, то значна лягчэй. Учора прыйшоў ліст ад Вольгі Маёравай. Пасылаю пасылкі. Так шмат людзей дапамагае, куды б ні прыйшоў – падказваюць, як лепш, усе дапамагаюць, дадаюць пазітыву. З такім вельмі часта сустракаюся. Гэта неймаверна як падбадзёрвае.

Калi я развiтвалася з вучнямі 10-х класаў, дзяўчаты плакалi. Iх слёзы – найвышэйшая адзнака маёй працы. Шчыры дзякуй бацькам вучняў, якiя прыносiлi кветкi, прыязджалi са словамi падтрымкi да мяне дамоў. I, канешне, вялiкi дзякуй калегам. У салiдарнасцi наша сiла! Як напiсала мне Таццяна Якельчык з СIЗА: «Льды обязательно расстают».

Што кажуць калегі і выпускнікі з нагоды звальнення настаўніка хіміі Пашчук

З маладзечанскай гімназіі №7 звольнілі настаўніка хіміі Пашчук, стыпендыята чатырох прэмій Фонда Прэзідэнта Беларусі

«Урок для ўсяго горада». Маладзечанцы адстойваюць пасаду дырэктара школы №5 за Макарэвічам

• Текст доступен на языке: Русский