Ірына Тархан.

У сённяшнім выпуску «Таршэра» – педагог і актывістка Ірына Тархан. Менавіта яна арганізавала праект «Арт-двор», у межах якога дзверы пад’ездаў размалявалі карцінамі.

Таксама спрычынілася да розных гарадскіх актыўнасцяў, напрыклад, стварэння Вуліцы стрыт-фуда. А цяпер мы папрасілі Ірыну расказаць пра свае самыя любімыя творы мастацтва.

Фота Ірыны Тархан.

Неяк у адной дзіцячай гульні было пытанне: якія пяць рэчаў вы возьмеце ў космас? Я, не задумваючыся, адказала – кнігі. Але так як можна было ўзяць усяго пяць рэчаў, адну я брала кнігу мастацкую, а другую – чысты нататнік, каб запісваць успаміны аб прачытаных раней кнігах, пісаць назіранні і дзяліцца імі.

Кнігі

Калі расла старэйшая дачка Арына, я думала, што ў мяне манія купляць кнігі. Я люблю купляць кнігі, чытаць іх, дзяліцца імі. Калі даведалася, што сярод сябровак і знаёмых я не адна такая, тады мяне адпусціла. Люблю прыгожыя кнігі, ілюстраваныя. Можа, адсюль любоў да дзіцячай літаратуры. Вельмі зручна мець падрастаючага сына і рабіць выгляд, што кнігі купляеш яму.

З дзіцячай літаратуры аддаю перавагу нарвежцам, фінам, англічанам. Першую казку пра Мумi-троляў Туве Янсан напісала яшчэ ў 1939 годзе. Неяк Туве пасварылася з братам, ён прачытаў лекцыю, спасылаючыся на Канта, а яна вазьмі і намалюй на сцяне вулічнага туалета пачварную істоту, якую толькі магла ўявіць. У 15 гадоў Туве з’ехала вучыцца жывапісу ў Стакгольм, жыла ў сям’і сваякоў. Па начах любіла паесці.

Аднойчы застаў Туве ноччу на кухні дзядзька і расказаў гісторыю пра троляў Мумі, што жывуць на кухні за плітой, выходзяць з хованкі і дзьмуць на абжораў ледзяным паветрам у патыліцу.

Вельмі люблю кнігі нарвежскай пісьменніцы Анне-Катрын Вестле. Сярод іх апавяданні з серыі «Тата, мама, бабуля, восем дзяцей і грузавік». Яны настолькі прасякнутыя любоўю, клопатам з боку аўтаркі. «Жыла-была вялікая-прывялікая сям’я: тата, мама і цэлых восем дзяцей… І яшчэ з імі жыў невялікі грузавік, які яны ўсе вельмі любілі. Яшчэ б не любіць – грузавік карміў усю сям’ю!». Вось так пісьменніца знаёміць са сваімі героямі.

Яна расказвае пра жыццё шматдзетнай сям’і, у якой бацькі заўсёды знаходзяць агульную мову з дзецьмі. Успамінаю адну гісторыю: неяк чытала апавяданне пра тое, як сям’я памянялася з адной пажылой парай сваёй маленькай кватэрай, дзе ўсё туліліся, на вялікі загарадны дом гэтай пары. Я б не паверыла ў такое, калі б у адной знаёмай ў гэты ж час не адбывалася такая ж гісторыя.

Яшчэ адна мая любоў з дзіцячай літаратуры – гэта кнігі Джуліі Дональдсан. Груфала – гэта ўжо класіка. Маленькае мышаня ідзе праз дрымучы лес і, каб выратавацца ад лісы, савы і змяі, выдумляе страшнага звера груфалу – свайго сябра, які вельмі любіць есці ліс, соў і змей. І да свайго здзіўлення сустракае тое, што выдумаў.

«Медзведзяня Падынгтан» Майкла Бонда

– гэта маё асобнае каханне. Немагчыма не палюбіць гэтага кудлатага, нязграбнага героя, які прыбыў у Лондан на Падынгтонскі вакзал з дрымучага Перу. З гэтым мядзведзем не засумуеш: дзе ён, там ніколі не бывае сумна!

Не магу прайсці міма кніг майго савецкага дзяцінства. Вельмі люблю вясёлыя апавяданні Мікалая Носава. Гэта і «Фантазёры», «Латка», «Метро», «Жывы капялюш». А свет Нязнайкі – асобны Сусвет. Успамінаю забаўныя апавяданні нашага земляка беларуса Паўла Місько: «Навасёлы», «Прыгоды Бульбобаў».

Пяройдзем да больш сур’ёзнай літаратуры. Гадоў шэсць таму пазнаёмілася з творчасцю Макса Фрая. Праніклася «Казкамі старога Вільнюса». Дзіўна, як пераплятаюцца светы ў гэтых творах. Першую частку «Казак» прачытала напярэдадні паездкі ў Вільню.

Кніга стала нібы маім гідам, я гуляла ўпершыню па горадзе, ведаючы яго знутры, пазнаючы вуліцы, дамы, уяўляла герояў.

«Кніжны злодзей», Маркус Зусак

Студзень 1939 года. Германія. Краіна, затаіўшая дыханне. Ніколі яшчэ ў смерці не было столькі працы. А будзе яшчэ больш.

Кніга пра жыццё, расказанае смерцю. Кніга пра неба колеру попелу і пра гукі акардэона ў склепе. Гісторыя пра кніжнага злодзея, прачытаная з усмешкай праз слёзы.

«Есці, маліцца, кахаць», Элізабэт Гілберт

Кніга пра задавальненні ў жыцці. Пра тое, як можна шукаць радасць і шчасце, дзе не чакаеш, і як не трэба шукаць там, дзе яго не будзе, па азначэнні. З гераіняй гэтай кнігі ты падарожнічаеш з Амерыкі ў Італію, дзе атрымліваеш асалоду разам з ёй ад італьянскай кухні. Затым едзеш у Індыю, трапляеш у ашрам, пагружаешся ў медытацыі, спяваеш мантры. А далей мы адпраўляемся на Балі. Ну і, вядома ж, каханне. А як без яго ў гэтым свеце!

Фрэдрык Бакман

Гэта маё адкрыццё за апошні год. Вылучыць адну кнігу і сказаць, што падабаецца менавіта адна, проста немагчыма. Бакман так дзіўна піша кнігі, яму ўдаецца мяняць стыль, па-рознаму расказваць пра жыццё, тонка заўважаць чалавечыя душы. Яго героі – гэта і самотны, вечна незадаволены Уве, але з вялікім добрым сэрцам.

Эльса з «Бабуля загадала кланяцца і перадаць, што просіць прабачэння» – непадобная на сваіх аднагодкаў сямігадовая дзяўчынка. Яе лепшы сябар – бабуля, якая назаўжды сыходзіць у Прасанье, свет выдуманы ёй і падораны ўнучцы. Эльсе дастаюцца лісты ад бабулі, якія яна павінна перадаць адрасатам і папрасіць прабачэння ад яе імя.

Героі кнігі «Трывожныя людзі» – гэта мы, кожны з нас, са сваімі слабасцямі і сваім светам. Вылучу «Мядзведжы кут» і яго працяг «Мы супраць вас». Б’ёрнстад – Мядзведжы кут – глухое мястэчка ў шведскай глушы. Калісьці тут кіпела жыццё, а цяпер беспрацоўе і безвыходность. Адна надзея – юніёрскі хакейны клуб. Тонкае перапляценне чалавечых жыццяў, лёсаў. Свая трагедыя, надзеі, перамогі.

Скажу адно, не рэкамендую чытаць кнігі Бакман на ноч.

Апошнія 150 старонак яго кніг чытаюцца да канца і як правіла да глыбокай ночы. І бліжэй да раніцы ты яе заканчваеш аналізаваць.

«Мая сястра жыве на каміннай паліцы», Анабэль Пітчар

Кнігу праслухала ў аўдыёфармаце за суткі. Сумная і адначасова добрая і мілая гісторыя, расказаная 11-гадовым хлопчыкам. Трагедыя сям’і падзяліла іх жыццё на «да» і «пасля», і старэйшая сястра Джэймі «пасяляецца» ў выглядзе праху жыць на каміннай паліцы.

Хлопчык верыць, што шчасце абавязкова вернецца ў іх сям’ю. Для гэтага ён гатовы на многае, нават заваяваць вядомасць.

Дзіўная добрая гісторыя пра нечаканае сяброўства, добрага ката і супергерояў, якія жывуць у кожным з нас. Гісторыя, якая прымушае ўсміхацца скрозь слёзы.

Фота Ірыны Тархан.

Падзараджаюся матывуючай літаратурай. Гэта і кніга «Нумар 1. Як стаць лепшым у тым, што ты робіш» Ігара Манна. «Жыць не спяшаючыся» Брук Макэлры, «45 татуіровак асобы» Максіма Батырава. Вучуся жыццю і правілам узаемадзеяння з сусветам праз «Новую кнігу неабмежаваных магчымасцяў» Пэм Гроўт, «Сілу» Ронды Берн.

Фільмы

Мой любімы фільм – «Амелі». Цудоўная гісторыя пра дзяўчыну, якая жыве на Манмартры ў Парыжы, якая працуе ў кафэ «Два млыны», якая марыць пра сапраўднае каханне. Амелі знаходзіць асалоду ў маленькіх паўсядзённых радасцях: апускаючы руку ў мяшок з фасоляй, пускаючы блінцы па канале Сен-Мартэн. Выпадкова Амелі знаходзіць у сваім ванным пакоі тайнік, у якім ляжыць бляшаная скрынка з дзіцячымі скарбамі. З гэтага моманту жыццё галоўнай гераіні мяняецца.

Любімы мультфільм – «Спірыт: Душа прэрый». Гісторыя дзікага мустанга, злоўленага жорсткімі кавалерыстамі на Дзікім Захадзе. Прыгожы мультфільм з выдатным саўндтрэкам у выкананні Браяна Адамса.

Музыка

Калі казаць пра музыку, то гэта Reamonn – нямецкі поп-рок-гурт. Іх першая песня Supergirl стала хітом і ўварвалася ў маё жыццё, прынесла шмат адкрыццяў і здзяйсненняў. І гэта было ў 2001 годзе. Здаецца, зусім нядаўна, а для кагосьці гэта цэлае жыццё.

Depeche Mode – брытанская рок-група, якая ўтварылася ў 1980 годзе. Група стварыла свой стыль у жанрах электроннай і рок-музыкі. Любімы альбом Exciter, любімыя хіты – Personal Jesus, Dream On, Freelove.

Люблю творчасць Ванесы Парадзі, яе чароўны голас.

Са спевакоў асобна вылучу Леанарда Коэна, Рычарда Эшкрофта, лідара брытанскай рок-групы The Vervе.

Ночная терраса кафе Ван Гог

Мастакі

Ван Гог. «Касачы», «Сланечнікі», «Зорная ноч», «Начная тэраса кафэ» – гэта толькі першае, з чым асацыюецца аўтар. Цікавае яго жыццё, лёс, зачароўвае сама тэхніка малюнка.

Мне цікавая творчасць нашай зямлячкі Надзі Букі. Для мяне гэта чалавек-космас, які стварыў свой папяровы свет – буцінанку. Мне сімпатычны яе герой Піглас – цалкам незвычайная істота, што сілкуецца драўлянымі прышчэпкамі і пяшчотнымі пачуццямі.

Калі казаць пра землякоў, то не магу не згадаць Bazinato  – чалавек-загадка, чалавек, які тонка адчувае свет прыроды. Яго героі ўрываюцца ў наша жыццё, яго выставы пакараюць сэрца. А нават у маім двары ёсць след Bazinato.

Таршэр з Аляксеем Лісам. Кнігі: якую ні за што не перачытаю і ад якой плакаў цэлы дзень

Таршэр з Валянцінай Сідоркінай. «І ў вайну радаваліся жыццю і захоўвалі пачуццё гумару»

Таршэр з Марыяй Шэбанец. “Кожнаму жыццёва неабходна вучыцца крытычнаму мысленню”

Таршэр з Алегам Чэчаневым. Паставіць подпіс або застацца прыстойным чалавекам і трапіць пад рэпрэсіі

Мы прывыклі, што казка заканчваецца вяселлем. Але з гэтага ўсё толькі пачынаецца

Таршэр з Андрэем Рагінскім. 10 любімых твораў мастацтва фатографа

Таршэр з Ганнай Кішкурнай. Ці ўмееце вы быць чалавекам?

Таршэр з Алесяй Каролік: «Некаторыя не разумеюць свайго шчасця»

«Таршэр» з псіхіятарам. «Напоўніць свет сэнсам, пакуль дыханне не растварылася ў паветры»

«Таршэр» з выхавальнікам беларускамоўнай групы смаргонскага садка Эдзітай Бранцэвіч

«Таршэр» з оперным спеваком з Маладзечна Андрэем Мікульчыкам

«Таршэр» з праваабаронцам. Ці сталі вашы рэчы важней, чым вы самі?

«Таршэр» з Віталём Качатковым. Напэўна, і дачку назваў Алісай у гонар персанажа кнігі