Фота НФК Крумкачы.

Маладзечанскія футбалісты зарабілі чарговую перамогу ў чэмпіянаце другой лігі, а вілейчукі саступілі «Адзінству». «Рэгіянальная газета» расказвае, як прайшлі футбольныя выхадныя для каманд рэгіёну.

«Маладзечна» і «Вілія»

20 чэрвеня ў дывізіёне Мінскай вобласці ў групе Паўноч прайшлі сустрэчы 8-га тура. «Маладзечна» гуляла супраць смалявічскага «СМІаўтатрансу», матч скончыўся перамогай бела-зялёных 3:0 (60″ – Артур Сарамаха, 83″ – Раман Вінцукоўскі, 87″ – Артур Сарамаха). Сарамаха — лепшы бамбардзір у складзе маладзечанскай каманды, а ў другім дывізіёне ён займае другое месца па колькасці забітых галоў (усяго 11).

«Маладзечна» займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы. У бела-зялёных 5 перамог і 1 паражэнне.

Наступны матч для маладзечанцаў пройдзе 26 чэрвеня супраць «Узды».

Вілейскія футбалісты правялі матч на дамашнім полі супраць дзяржынскага «Адзінства». Лік адкрыў футбаліст «Адзінства» Аляксандр Церашко. У другім тайме адзначыліся вілейчукі — на 48″ з пенальці забіў Аляксей Вышынскі, на 83″ – Максім Вітко. У другой паловы сустрэчы галы забівалі і сапернікі вілейскай каманды — 54″ – Ігар Бобрык, 76″ – Максім Градавец. Сустрэча скончылася з лікам 3:2 на карысць «Адзінства».

«Вілія» — на сёмым месцы ў Мінскім дывізіёне групе Паўноч. У каманды дзве перамогі і 5 паражэнняў.

27 чэрвеня «Вілія» згуляе на выездзе супраць «Крупак».

«Астравец» і «ФСК Ашмяны»

19 чэрвеня ў Гродзенскім дывізіёне другой лігі адбыліся два матчы ў каманд з нашага рэгіёна. «Астравец» прымаў дома ваўкавыскую «Змену» — 12:1. За «Астравец» забіў сем галоў Аляксей Хадневіч, дубль зрабіў Аляксей Бялевіч, па голе ад Дзмітрыя Купнеўскага, Сяргея Крота, Сяргея Новіка. За каманду з Ваўкавыску адзначыўся Ігар Бязносік.

Аляксей Хадневіч — лідар Гродзенскага дывізіёна па колькасці забітых мячоў. У футбаліста ў шасці матчах іх 20.

«Астравец» займае першае месца ў турнірнай табліцы з шасцю перамогамі.

26 чэрвеня «Астравец» згуляе з «Мастамі».

«ФСК Ашмяны» прайгралі «Лідзе-2» з лікам 1:3. У першым тайме гульні гол забіў ашмянец Яўген Кухарчук, а ў другой палове сустрэчы лідчане пачалі разгром і забілі тры мячы. За лідскую каманду адзначыўся хет-трыкам Артур Кандратовіч.

«ФСК Ашмяны» займаюць перадапошняе, 12-е месца ў турнірнай табліцы. У каманды адна перамога і шэсць паражэнняў.

Наступны матч для «Ашмянаў» пройдзе ў Шчучыне 27 чэрвеня.

«Смаргонь»

«Смаргонь» працягвае змагацца ў вышэйшай лізе Беларусі. 18 чэрвеня каманда згуляла з брэсцкім «Дынама». Матч скончыўся нічыёй — 2:2. За «Смаргонь» двойчы забіў Арсень Бандарэнка з перадачаў Яна Сянкевіча. У складзе дынамаўцаў адзначыліся Станіслаў Белянькі і Павел Сядзько.

«Смаргонь» дагэтуль займае перадапошняе месца ў лізе, знаходзіцца ў так званай зоне вылету. У каманды адна перамога, тры нічыі, дзевяць паражэнняў.

26 чэрвеня смаргонцы згуляюць дома супраць «Гомеля».