Фота lifehacker.ru.

20 чэрвеня АСВОД, РАУС і РАНС Вілейшчыны праводзілі рэйд па кемпінгах Вілейскага вадасховішча. У нейкі момант убачылі дваіх дзяцей ў цэнтры вадасховішча на надзіманым матрасе.

– Паспрабавалі знайсці бацькоў і паехалі на сваёй лодцы да дзяцей. Іх ужо цягнуў да берага рыбак, прымацаваўшы матрас з дзецьмі да лодкі. Дзеці былі без камізэлек, рыбак таксама. Мы забралі дзяцей на сваю лодку, адвезлі іх на бераг і перадалі бацькам, – расказала старшыня Вілейскай раённай арганізацыі АСВОД Алена Граковіч. 

Як высветлілася, 14-гадовыя хлопчыкі прыехалі з Мінска з бацькамі адпачываць на кемпінг. Пасля вырашылі паплаваць на матрасе. У выніку цячэнне панесла іх да супрацьлеглага берага. З бацькамі выратавальнікі правялі прафілактычную гутарку.

Алена Граковіч адзначыла, што матрас не з’яўляецца сродкам для плавання. На ім можна загараць на беразе або каля самага берага.

– У гэтыя выхадныя вадасховішча было проста ўсыпанае матрасамі, – адзначае Алена Граковіч. – Канешне, калі на іх адпачываюць на беразе ці каля яго, мы асабліва заўваг не робім. Калі ж бачым парушэнне, абавязкова папярэджваем, праводзім гутарку.

• Текст доступен на языке: Русский