Смаргонская баскетбалістка Юлія Рыцікава гуляе цяпер за зборную Беларусі на чэмпіянаце Еўропы. «Рэгіянальная газета» расказвае пра поспехі гульца на галоўным турніры па баскетболе ў Еўропе.

17 чэрвеня зборная Беларусі па баскетболе пачала ўдзел у сваім восьмым запар чэмпіянаце Еўропы. У складзе зборнай ёсць гулец, якая нарадзілася ў нашым рэгіёне, – смаргонка Юлія Рыцікава (у дзявоцтве – Дурэйка). Дарэчы, Рыцікава стала капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі на гэтым Еўра. Перад пачаткам матчаў Рыцікава каментавала ўдзел Беларусі ў чэмпіянаце так:

– Канешне, хвалююча пачынаць чэмпіянат Еўропы з сустрэчы з такім тытулаваным сапернікам як зборная Іспаніі. Да таго ж гаспадынь турніру будуць падтрымліваць мясцовыя заўзятары, што таксама мае значэнне. Аднак у першую чаргу мы настройваемся зрабіць сваю працу добра, выканаць трэнерскія ўстаноўкі і выкарыстаць свае моцныя бакі. Не трэба забываць, што гэта жаночы баскетбол, у якім часам вынік можа быць непрадказальным. Адно магу сказаць дакладна, мы верым у сябе і настроеныя даць бой аднаму з фаварытаў турніру.

Групавы этап пачалі з сенсацыі

Беларусь пачала Еўрабаскет у групе А разам з Іспаніяй (дзейныя чэмпіёнкі Еўропы), Славакіяй і Швецыяй. Іспанія і Францыя ў гэтым годзе – гаспадыні чэмпіянату Еўропы, групавы этап падзелены паміж краінамі. Беларускі гуляюць у Валенсіі.

У першы дзень турніру беларускі згулялі з іспанкамі – 53:51. Лепшым гульцом матчу стала Марыя Папова, якая аформіла 19 ачкоў і 11 падбораў. Гульня для Рыцікавай склалася не вельмі ўдала: баскетбалістка не забіла ні ў адным з момантаў. На асабістым рахунку смаргонкі ёсць 2 падборы, 1 перадача, 1 перахват, 1 страта.

Перамога над іспанкамі стала сенсацыяй, бо эксперты ў адзін голас называлі каманду пад кіраўніцтвам Лукаса Мандэлы фаварытам еўрапейскага першынства. Для беларусак гэта аказалася і гістарычная перамога, бо раней зборная Беларусі ніколі не перамагала іспанак на чэмпіянатах Еўропы.

18 чэрвеня Беларусь гуляла са Славакіяй. Сустрэча скончылася паражэннем беларусак – 54:58. Галоўны трэнер Наталля Трафімава і баскетбалістка зборнай Аляксандра Тарасава заўважылі, што прычынамі сталі праблемы ў атацы і вельмі кароткі тэрмін адпачынку пасля матчу з Іспаніяй. Юлія Рыцікава набрала ў гульне са Славакіяй 4 ачкі, 5 падбораў, 3 перадачы, 4 фалы і 3 страты.

Апошні матч групавога этапу быў вырашальным для зборнай Беларусі. У выпадку перамогі беларускі ідуць далей у плэй-оф, а ў выпадку паражэння – ляцяць дадому. У другім выпадку гэта быў бы трэці чэмпіянат Еўропы для нацыянальнай каманды, калі яна не змагла ўдала скончыць групавы этап.

Вырашальны матч для беларусак праходзіў супраць шведак. Беларусь дамаглася перамогі з буйным адрывам ад сапернікаў – 78:54. Юлія Рыцікава аформіла 3 ачкі, 3 падборы, 3 перадачы, атрымала тры персанальных заўвагі.

Такім чынам, Беларусь упершыню з 2015 года выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы.

Чвэрцьфіналы

Беларусь прайшла ў чвэрцьфінал наўпрост з першага месца. Гэта адбылося дзякуючы перамозе беларусак над шведкамі і іспанак над славачкамі.

Увечары 23 чэрвеня на чэмпіянаце Еўропы стартуюць чвэрцьфінальныя сустрэчы. Беларусь зноў згуляе са Швецыяй, якая дамаглася ўдзелу ў плэй-оф перамогай над Італіяй у кваліфікацыі чвэрцьфіналу.

Іншыя чвэрцьфіналы пройдуць паміж Сербіяй і Іспаніяй, Францыяй і Босніяй і Герцагавінай, Расіяй і Бельгіяй.