20 чэрвеня беларускі рок-гурт Sumarok прадставіў песню «Караблі». Гэта кампазіцыя з болей чым 30-гадовай гісторыяй, запісаная з выкарыстаннем вінтажнага электрааргана.

Ігар Палынскі, лідар гурта Sumarok:

— Гэты верш напісаў мой бацька, Алесь Палынскі, у 1990 годзе, калі яму было 23. У нейкі момант ён перадаў мне архіў сваіх вершаў, і я натрапіў на гэтыя радкі, калі 23 было мне — у канцы 2016 года. Напісаў музыку, упершыню мы выканалі яе з Яўгенам Елісеенкам у «Кроку да рока» Марыны Савіцкай на Радыё Сталіца ў пачатку 2017-га. Пасля на пэўны час песня трапіла ў архіў, але я перакананы, што за 31 год, які мінуў ад складання верша, гэты тэкст не страціў актуальнасці. А пасля падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі, сведкамі якіх мы ёсць проста зараз, набыў дадатковую вастрыню.

Алесь Палынскі выконвае свой варыянт песні на адным з мітынгаў у Мінску ў 1990 годзе. Злева з мікрафонам — беларускі бард, журналіст, пісьменнік Сяржук Сокалаў-Воюш.

Алесь Палынскі, аўтар верша:

— Калі была напісаная гэтая песня, мы былі маладыя і поўныя спадзяванняў на тое, што Беларусь зойме, словамі Янкі Купалы, «свой пачэсны пасад між народамі». Тых жа, хто не верыў у слаўную будучыню Беларусі так, як свята верылі ў яе мы, даводзілася пераконваць, хаця б на прыкладах нашага слаўнага мінулага. Аднойчы мы паспрачаліся на гэты конт з маёй будучай жонкаю, маці таго, хто зараз спявае сваю песню на мой верш, які якраз і нарадзіўся паводле той даўняй спрэчкі, а цяпер набыў і новае гучанне, і новую надзённасць.

Песня «Караблі» была запісаная на хатняй студыі ў Маладзечне. Падчас запісу выкарыстоўвалі нямецкі электраарган Hohner Symphonie D89 1983 года, які быў набыты ў Віцебску пры падтрымцы паэткі Анхелы Эспіносы Руіс і адрэстаўраваны ў Полацку Віктарам Голубевым.

Звядзенне і майстарынг выканаў Алесь Купцэвіч. З дапамогай Генадзя Зайца было знята Lyric Video да песні.

Малюнак вокладкі рэлізу стварыла Паліна Пятрова.

Песня «Караблі» даступная на ўсіх стрымінгавых пляцоўках. Яна выйшла 20 чэрвеня 2021, у дзень нараджэння лідара гурта Sumarok Ігара Палынскага. Летась у гэты ж дзень выйшла песня «Чэрці», запачаткаваўшы новую традыцыю.

• Текст доступен на языке: Русский