22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб прызначэнні і вызваленні суддзяў, паведамляецца на president.gov.by.

Мінская вобласць

Вікторыю Паляшчук прызначылі суддзёй Мінскага абласнога суда. Раней яна была суддзёй суда Маладзечанскага раёна. Яны выносіла прысуды пратэстоўцам за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і па крымінальных справах. Паляшчук выносіла прысуды па крымінальных справах аб перакрыцці Вялікага Гасцінца, за абразу начальніка маладзечанскай міліцыі, за сутычку з амапаўцамі падчас ланцуга салідарнасці. Паляшчук прысудзіла 150 базавых велічынь за бел-чырвона-белы сцяг у машыне, за жалобнае шэсце ў гонар Рамана Бандарэнкі, дала 20 базавых дэпутату за мітынг у Лебедзеве ў жніўні 2020 года, штраф за пікет з бел-чырвона-белым сцягам, дала 7 сутак за мітынг шматдзетнаму бацьку.

Дзяніс Барэйка і Вольга Іванова прызначаны суддзямі суда Маладзечанскага раёна на пяць год. Дзяніс Барэйка ў лістападзе 2020 года даў 12 сутак Аляксандру Махоціну за ўдзел у шэсці пасля смерці Рамана Бандарэнкі.

Вадзім Петрусевіч будзе суддзёй суда Маладзечанскага раёна падчас сацыяльнага адпачынку суддзі Таццяны Кавалёнак.

Гродзенская вобласць

Суддзя суда Ашмянскага раёна Аляксандр Давыдаў быў вызвалены ад пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку.

Суддзя суда Смаргонскага раёна Віта Страшкевіч вызвалена ад пасады па ўласным жаданні.