Аляксей Кудзін пачас разгона акцыі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Скарга абаронцаў Кудзіна на рашэнне аб экстрадыцыі было адхіленае маскоўскім судом, перадае «Трыбуна» са спасылкай на Зборную ЗЛЖ.

25 чэрвеня прайшло судовае пасяджэнне па справе маладзечанскага адзінаборцы Аляксея Кудзіна.

Маскоўскі абласны суд ахіліў скаргу абаронцаў на рашэнне аб экстрадыцыі ў Беларусь. Суд пастанавіў, што Кудзіну не пагражаюць катаванні па вяртанні, а крымінальны пераслед не з’яўляецца палітычна матываваным.

Нагадаем, Кудзіна затрымалі пасля акцыі пратэста ў Маладзечне 10 жніўня. Яго адпусцілі 21 жніўня, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу і абралі меру ўтрымання ў выглядзе дамашняга арышту.

На судовае пасяджэнне 19 лістапада Кудзін не з’явіўся. Яго жонка Таццяна паведаміла, што з раніцы муж сказаў, што з’язджае ў суд. Больш яна яго не бачыла, на тэлефонныя званкі ён не адказваў. Суддзя Вольга Дубовік змяніла меру ўтрымання для адзінаборцы (калі яго знойдуць у Беларусі, то змесцяць у жодзінскае СІЗА). Кудзіна афіцыйна аб’явілі ў вышук.

21 студзеня стала вядома, што Кудзіна затрымалі ў Маскве. З таго часу ён знаходзіцца ў Расіі пад вартай, дзе і напісаў заяву з просьбай аб прадастаўленні палітычнага прытулку.