Мы прагледзелі, якую працу прапануюць прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёна і колькі тут гатовыя заплаціць спецыялістам.

Вілейка. Больш за тысячу – у райвыканкаме

У апошнія дні некалькі вакансій з’явілася ад прадпрыемстваў «Зеніт БелАМА» і ПМК-88. На завод патрэбныя ліцейшчык і шліфоўшчык. Ліцейшчыку прапануюць ад 650, шліфоўшчыку – на сто рублёў менш. Трактарысту на ПМК абяцаюць ад 800 . А машыністам экскаватара і бульдозера – ад 900 кожнаму.

«Буддэталі» шукаюцькіроўцу пагрузчыка з заробкам ад 850, трактарыста на вываз лесу – ад 920, шліфоўшчыка па дрэве – ад 730, грузчыка – ад 620 і заточніка інструмента – ад 560. На рамзавод возьмуць інжынера-канструктара і інжынера-тэхнолага. Абодвум абяцаюць ад 600. Наладчык кавальска-прэсавага абсталявання на гэтым прадпрыемстве атрымае ад 550.

На Вілейскім камбікормавым заводзе аператар перапрацоўкі збожжа і слесар па рамонце абсталявання атрымаюць ад 550 кожны. Сюды ж патрэбныя яшчэ два слесары – па рамонце аўтамабіляў і па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы. Заробкі – ад 485 і 500 адпаведна.

На сельгаспрадпрыемства «Юнік-Агра» патрэбны жывёлавод. Гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Забалацце Ільянскага сельсавета. Спецыялісту прапануюць ад 500. А ў гаспадарку «Абадоўцы», што ў аднайменнай вёсцы, возьмуць інжынера па ахове працы і галоўнага агранома. Заробкі – ад 550 і ад 850 адпаведна.

У аўтапарк возьмуць кіроўцаў і механіка. Кіроўца з катэгорыямі «С, Е» атрымае ад 643, з катэгорыяй «D» – ад 800. Механіку прапануюць найменш – ад 569.

Педагог-арганізатар на 0,75 стаўкі патрэбны ў Вілейскай школе-інтэрнаце. Заробак – ад 300. Педагогу-псіхолагу тут жа заплацяць ад 500 на стаўку.

Ёсць вольныя месцы і ў Вілейскім райвыканкаме. Тут патрэбны намеснік кіраўніка спраў. Абяцаюць ад 1266,42. Сюды ж за 200 рублёў патрэбны сталяр на паўстаўкі і слесар-сантэхнік, якому прапануюць ад 400.

Маладзечна. Шукаюць нават слесара па рамонце баявых машын

Тут дастаткова прапаноў ад школ і садкоў. Шэф-повар у садок №27 – ад 450 і кухонны рабочы ў садок №30 – ад 405. У сярэднюю школу ў Гарадзілаве шукаюць настаўніка французскай мовы. Прапануюць ад 589,78. Сюды ж патрэбныя педагог-псіхолаг, дэфектолаг, кіроўца катэгорыі «D». Найбольш атрымае дэфектолаг – ад 592, найменш педагог-псіхолаг – ад 512. Сталяр на паўстаўкі атрымае тут ад 400. У гімназію №7 возьмуць прыбіральшчыцу. Заробак – ад 409. У Алёхнавіцкі дзіцячы сад – педагога-псіхолага на паўстаўкі. Заробак – ад 242. У СШ №5 патрэбныя сакратар і інспектар па кадрах. Заробкі – ад 409,75 і ад 500 адпаведна.

У лялечны тэатр «Батлейка» на стаўку патрэбны мастак-грымёр. Заробак – ад 426 рублёў. Сюды ж возьмуць загадчыка музычнай часткі, галоўнага рэжысёра і артыста. Загадчык атрымае найменш – ад 400. Іншыя спецыялісты – ад 477 і ад 485.

Працу буфетчыка накамбінаце хлебапрадуктаў ацэняць заробкам ад 500, інжынера па пажарнай бяспецы ў ЦРБ – ад 450. Ёсць некалькі вакансій у санаторыі «Вяжуці». Гэта слесар-сантэхнік, дворнік, шэф-повар, інжынер па ахове працы, намеснік галоўнага доктара. Апошні атрымае найбольш – ад 1200. Заробкі астатніх – у межах 420-650.

На «Забудову-буд» возьмуць інжынера па ахове працы, кіроўцу пагрузчыка, маляра. Усім прапануюць ад 800. Ад 700 – токару, ад 1300 – ізаліроўшчыку. Наладчык абсталявання і слесар-рамонтнік патрэбныя на «Энву». Абодвум – ад 500. У інспекцыі дзяржстандарту шукаюць начальніка аддзела. Яму – ад тысячы. У «Еўраопт» у Чысці возьмуць грузчыка і заплацяць ад 700.

А вось вакансіі з вайсковай часці ў Красным: інжынер па эксплуатацыі і рамонце будынкаў, кіроўца аўтамабіля і слесар па рамонце баявых і спецыяльных машын. Кіроўцу – ад 800. Слесару – на сто рублёў больш. А слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і дэфектаскапіст па магнітным і гукавым кантролі павінны атрымаць тут ад 920.

У гаспадарку «Хажова-агра» патрэбны заатэхнік, аператар машыннага даення, трактарыст-машыніст. Трактарысту заплацяць ад 700, астатнім – ад 600.

Доктара функцыянальнай дыягностыкі на палову стаўкі з заробкам ад 284,9 шукае Маладзечанская ЦРБ.

Кіраўнікі студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і харэаграфіі патрэбныя ў дзіцячы цэнтр «Расток». Мастак атрымае ад 420, харэограф – ад 410.

Мядзел і Валожын. Вакансіі ад Нацыянальнага парку і лясгаса

Вакансіі ад Нацыянальнага парку «Нарачанскі» наступныя: пакаёўка, мыйшчык посуду, прыбіральшчык, майстар лесу, памочнік ляснічага. Найбольш атрымаюць спецыялі-сты лясной гаспадаркі – ад 750. Найменш прыбіральшчыца – ад 400. Афіцыянту ў санаторыі «Нарачанка» прапануюць ад 400.

У Валожыне патрэбны прыбіральшчык у ЖКГ. Заробак – ад 520 рублёў. У Валожынскі лясгас – інжынеры па ахове лесу і па лесавыкарыстанні, кіроўца з пасведчаннем аператара маніпулятара. Інжынерам прапануюць ад 1300, кіроўцу – ад 1500. Трактарыст тут атрымае ад 1200. Укладчыцы піламатэрыялаў і вырабаў ад 700. На гэту працу запрашаюць жанчын.