Мемарыяльная дошка ў гонар Пятра Сыча ў Батурыне, на Вілейшчыне. Фота з архіва РГ.

Звязвае гэтыя два, падаецца, далёкія паселішчы асоба пісьменніка, вайскоўца, журналіста, дзеяча БНР Пятра Сыча.

Наш герой нарадзіўся ў вёсцы Батурына на Вілейшчыне, вучыўся ў Вільні, сядзеў у турме ў Вілейцы і Комі, ваяваў пад Монтэ-Касіна, быўчленам згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, а памёр у нямецкім горадзе Мюнхене. 20чэрвеня быў дзень памяці Пятра Сыча. Прапануем вам прыгадаць земляка.

Прыгожа маляваў, пісаў вершы, любіў мастацкую самадзейнасць

У Батурыне ў 1912 годзе Пётр Сыч нарадзіўся ў сям’і вяскоўцаў – Мар’яна і Марыі Сычоў. Тут жа, у Батурыне, пасля пэўны час жыў і працаваў дарожным рабочым. Тут нарадзіліся яго дочкі – Марыя і Браніслава.

Спачатку Пётр вучыўся ў гімназіі ў Вілейцы, якую скончыў у 1929 годзе. Пасля – два гады на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Але навучанне кінуў. Краязнаўца Уладзімір Кажамяка кажа, што Сыч не змог давучыцца, бо ў Батурыне сур’ёзна захварэла яго маці. Таму ён вяртаецца ў вёску, дзе і працуе дарожным рабочым.

Пры сустрэчы ў 2011 годзе дачка Пятра Сыча Браніслава распавядала Кажамяку пра бацьку толькі тое, што ведала ад маці. Бо яна нарадзілася ў 1937-м і бацькі не памятала. Ад яе стала вядома, што бацька ўмеў прыгожа маляваць, пісаў вершы. У 1932 годзе першы раз надрукаваўся. Любіў мастацкую самадзейнасць, ладзіў выступленні ў Батурыне, заўсёды выступаў сам і далучаў да самадзейнасці вясковую моладзь. У Батурыне пазнаёміўся з Ганнай Дзік, што паходзіла з вёскі Дварэцкаля Хаценчыцаў. З ёй ажаніўся.

Сваёй другой дачкі ніколі не бачыў

У 1939 годзе Сыча мабілізавалі ў Войска Польскае. Ён апынуўся ў дзясятым батальёне Корпуса аховы памежжа. Трапіў у савецкі палон, адкуль уцёк. Але ў кастрычніку 1939 года Сыча зноў арыштавалі і пасадзілі ў вілейскую турму. Вядома, што арыштавалі яго ў Ільі. Маглі б забраць і яшчэ раней, але ён доўгі час хаваўся, піша ў адным са сваіх артыкулаў ільянскі краязнаўца Уладзімір Кажамяка.

У чэрвені 1940 года арыштанта перавялі ў турму ў Полацк і асудзілі на дзесяць гадоў прымусова-папраўчых работ і вывезлі ў Комі АССР.

Калі арыштавалі Сыча, хацелі выслаць і яго жонку з малымі дочкамі. Малодшая, Марыя, нарадзілася ў 1940-м, і бацька яе ніколі не бачыў. Але, па чутках, за сям’ю заступіўся нейкі ўплывовы вясковец.

І ўсё ж, па ўспамінах дачкі, яны чакалі высылкі кожную хвіліну, а маці сушыла сухары.

Італія, Вялікабрытанія, Германія…

Сам Пётр прабыў у савецкім лагеры да канца 1941-га. А пасля патрапіў у армію генерала Андэрса. У 1942-м яго залічылі ў склад 23-га батальёна сёмай пяхотнай дывізіі, якая была раскватараваная ў мястэчку Кермінэ (Узбекская ССР).

Пасля ў выніку рэарганізацыі арміі Сыч быў накіраваны ў транспартную роту другога Польскага корпуса. У чыне паручніка ўдзельнічаў у баях пад Монтэ-Касіна, Анконай, Балонні, быў чатыры разы паранены.

Пра баі пад Монтэ-Касіна Пётр Сыч напісаў мемуарную аповесць «Смерць і салаўі». Аповесць засталася няскончанай з-за раптоўнайсмерці пісьменніка.

Даследчыкі сцвярджаюць, што «Смерць і салаўі» – адзіны літаратурны твор, напісаны непасрэдным удзельнікам штурму ўзвышша Касіна.

У 1946 годзе Пётр пераязджае ў Вялікабрытанію як вайсковец, а праз два гады пераведзены ў рэзерв. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, актыўны аўтар і супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне». Быў таксама сябрам Рады БНР. У 1951 годзе пераехаў у Заходнюю Германію.

Быў адным з заснавальнікаў і першым супрацоўнікам Радыё Свабода.

У Германіі наш зямляк ажаніўся з немкай Эльзай. Дзяцей яны не мелі. А першая жонка замуж больш не выйшла. Бо, па словах Браніславы Пятроўны, вельмі кахала Пятра.

Пісаў па-беларуску і вельмі прасіў дочак вучыцца

Па ўспамінах дачкі, бацька з Вялікабрытаніі і Германіі пісаў ім лісты ў Лукавец. Тут Ганна з дзецьмі жыла пасля вайны. Маці тады выклікалі ў сельсавет і там давалі чытаць гэтыя лісты. Першы ліст ад Пятра прыйшоў у 1949-м. Маці напісала бацьку адказ, але ён, відаць, гэты ліст не атрымаў. Другі ліст напісала дачка Броня. Ён дайшоў, і бацька адказаў. Пётр пісаў па-беларуску і вельмі прасіў дочак вучыцца. Цытата з ліста прыведзеная ў кнізе Уладзіміра Кажамякі «Не пакідаюць нас белыя лебедзі»: «Толькі добра вучыцеся, дачушкі. Я ведаю шэсць моў». Больш родныя ў замежжа лістоў не пісалі. Небяспечны гэта быў занятак. Не раз у сям’ю прыходзіла кампанія – участковы, а з ім двое.

Яны цікавіліся, як жывуць Сычы, раілі запрашаць бацьку вярнуцца, бо ў Савецкім Саюзе вельмі шчаслівае жыццё.

Але на радзіму ён так і не вярнуўся. У 1963 памёр у шпіталі ў Мюнхене. Раптоўна спынілася сэрца. Пахаваны на старых могілках у Мюнхене. Рэабілітавалі Пятра ў 1989-м.

У 2015 годзе ў Лукаўцы на доме яго дачкі ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар пісьменніка, мастака, героя Монтэ-Касіна.

• Текст доступен на языке: Русский