Фота Аксаны Ярашонак.

Цёплае дажджлівае надвор’е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

– На большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, якія будуць суправаджацца навальніцамі. На працягу тыдня будзе пераважаць умерана цёплы тэмпературны рэжым, толькі ў сераду ў асноўным па паўднёвым захадзе і ў чацвер у паўднёва-ўсходніх раёнах дзённыя максімумы дасягнуць адзнак плюс 30-31, – прагназуюць сіноптыкі.

У аўторак, 29 чэрвеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні ўмераны, днём пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 13-18 градусаў вышэй за нуль, днём – 22-28 градусаў цяпла.

У сераду, 30 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі па паўночным усходзе, а днём і па крайнім паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер прагназуецца пераменных напрамкаў умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-17 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 23-29 градусаў цяпла, у асноўным па паўднёвым захадзе – плюс 30-31.

У чацвер, 1 ліпеня, ноччу пераважна па паўднёвым захадзе, днём на большай частцы Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымыя моцныя дажджы, навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 22-29 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе – месцамі да плюс 31.

У пятніцу, 2 ліпеня, на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, днём – 21-28 градусаў цяпла.

Па прагнозах сіноптыкаў, у выхадныя захаваецца няўстойлівае ўмерана цёплае надвор’е з лакальнымі навальнічнымі дажджамі.