У смаргонскай паліклініцы. Фота Аксаны Ярашонак.

У Беларусі ўнясуць змены ў правілы выдачы і афармлення бальнічных. У спецыяльнай інструкцыі сярод іншага ўдакладнілі, што калі седзячы на бальнічным захварэў яшчэ і COVID-19, то павінны адкрыць новы ліст непрацаздольнасці. Таксама прапісалі, што бальнічныя па цяжарнасці і родах могуць адкрыць у тым ліку ў стацыянары, піша Tut.by.

Мінздароўя і Мінпрацы ўнеслі змены ў Інструкцыю аб парадку выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці. Некаторыя моманты, якія прапісалі ў дакуменце, ужо і так прымяняюцца на практыцы, іншыя ж толькі ўводзяць.

У Інструкцыю дапоўнілі пункт, што калі чалавек, які знаходзіцца на бальнічным, атрымае яшчэ і бытавую траўму або захварэе COVID-19, то ў такім выпадку яму павінны адкрываць новы бальнічны. Гэта можа быць крытычным момантам у сітуацыі, калі бальнічны зацягнецца з-за працяглага лячэння. Справа ў тым, што ў Беларусі існуе максімальны тэрмін, на які выдаецца бальнічны — 120 каляндарных дзён бесперапынна.

Таксама прапісалі, што выдаваць ліст непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах могуць у тым ліку ў стацыянары, гэта значыць у бальніцы. У дзеючай цяпер інструкцыі пазначана, што гэта можна зрабіць у медустанове, у якой жанчына знаходзіцца пад наглядам.

З’явіўся новы пункт аб несвоечасовай яўкі пацыента на прыём да доктара. У інструкцыі прапісалі, што ў такім выпадку далейшае афармленне бальнічнага будуць праводзіць з дня фактычнай яўкі хворага.

Як тлумачаць у Міністэрстве аховы здароўя, некаторыя змены датычацца афармлення бальнічнага, калі ў ім выпраўляюць няслушную інфармацыю. Таксама адкарэктавалі спіс выпадкаў, пры якіх асабістую пячатку ставіць на бальнічным лечыць доктар, загадчык аддзялення або кіраўнік медустановы, старшыня медычна-кансультацыйнай камісіі.

Змены пачнуць працаваць з 23 ліпеня.

• Текст доступен на языке: Русский