Уладзімір Зяленскі ускладае кветкі да помніка Піліпу Орліку. Фота Радыё Свабода.

Ва Украіне 28 чэрвеня адзначылі 25-гадовы юбілей Асноўнага закону краіны і ўшанавалі аўтара першай у свеце Канстытуцыі Піліпа Орліка, які нарадзіўся ў Беларусі, у Касуце Ашмянскага павету (цяпер Вілейскі раён), паведамляе Радыё Свабода. 

Піліп Орлік быў генеральным пісарам і даверанай асобай гетмана Івана Мазепы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы ўчора на ўрачыстым пасяджэнні парламенту, прысвечанаму Дню Канстытуцыі, заявіў, што сёлета ўкраінцы змогуць пабачыць арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка.

Зяленскі лічыць несправядлівым, што за ўвесь час пасля аднаўлення незалежнасці Украіны яе грамадзяне ніколі не бачылі арыгіналу гістарычнага дакумента, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швецыі.

«Да 30-годздзя нашай Незалежнасці, упершыню за 311 гадоў ва Украіну прыбудзе арыгінал Канстытуцыі Піліпа Орліка. Яго, разам з булавой гетмана Піліпа Орліка і гетмана Івана Мазепы, усе ахвотныя змогуць пабачыць у Сафійскім саборы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што адначасова Нацыянальны архіў Швецыі перадаў тры копіі Канстытуцыі Піліпа Орліка. Адна з іх ужо выстаўляецца ў Вярхоўнай Радзе Украіны, другая будзе знаходзіцца ў Офісе прэзідэнта, а трэцюю перададуць у Канстытуцыйны суд.

Уладзімір Зяленскі падзякаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, якія ў 1996 годзе, нягледзячы «на палітычнае супрацьстаянне, 15 розных праектаў Канстытуцыі, шэсць тысяч паправак перад другім чытаннем і бесперапыннае пасяджэнне цягам больш як 24 гадзін знайшлі ў сабе сілы і дасягнулі адзінства, каб ухваліць доўгачаканую Канстытуцыю Украіны».

У 2017 годзе Украіна і Беларусь супольна адзначылі 345-годздзе гетмана Піліпа Орліка.

Больш пра Піліпа Орліка можна пачытаць ТУТ.