Учора ўраджэнец Вілейкі, музыкант Віталь Алексяёнак, дырыжыраваў Дзяржаўным сімфанічным аркестрам ля Вярхоўнай Рады ў Кіеве. Тут адзначалі Дзень Канстытуцыі. 

Мы паразмаўлялі з Віталем пра яго ўражанні ад учарашняга мерапрыемства перад адлётам у Берлін, дзе Віталь жыве ўжо некалькі год.

– Прапанову паўдзельнічаць у канцэрце я атрымаў ад аркестра. Мы з імі будзем супрацоўнічаць далей з адным вялікім оперным праектам у Нямеччыне ўвосень. Але ўчора быў мой дэбют з імі, – расказаў музыкант.

Віталь падзяліўся, што дырыжыраваць новым аркестрам упершыню – гэта заўсёды цікавы досвед. Ніколі не ведаеш, якім ён будзе.

– Але наша супраца атрымалася вельмі плённай, – працягвае Віталь. – Мы знайшлі добры і цёплы кантакт адзін з адным. Я дырыжыраваў сімфанічную паэму Фэрэнца Ліста «Мазепа». І тут шмат сімвалаў: я жыў каля дома Ліста ў Веймары некалькі год. А Мазепа быў паплечнікам Піліпа Орліка, які напісаў першую украінскую Канстытуцыю.

А Піліп Орлік быў з Вілейшчыны, як і я. Гэта вельмі цікавая сувязь.

Учора Віталь выступаў у кашулі белага і чырвонага колераў, пашытай украінскім дызайнерам адмыслова для канцэрта. Кашуля, на думку дырыжора, таксама сімвал:

– Ініцыятыва пашыць падобную кашулю была мая, але менеджмент аркестра мне ва ўсім дапамог: прапанавалі дызайнера, усё абмеркавалі і нават падарылі мне гэтую кашулю за кошт аркестра. То бок ім таксама гэты сімвал важны і яны салідарныя са мной і з усімі вольнымі беларусамі.

Фотаздымкі з канцэрта забяспечаныя героем публікацыі.

Ураджэнец Вілейкі, дырыжор выдаў у Германіі кнігу аб пратэстах на радзіме. Яе першай чытачкай стала Святлана Алексіевіч

 

• Текст доступен на языке: Русский