Суд Валожынскага раёна прысудзіў мужчыне чатыры гады калоніі за ДТЗ, у якім пацярпела 14-гадовая пасажырка. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Мінскага абласнога суда.

Справу разглядаў суд Валожынскага раёна. Мужчыну абвінавачвалі па частцы 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса «Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў».

29 чэрвеня 19-гадовага мужчыну пакаралі чатырма гадамі папраўчай калоніі з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тэрмін 5 гадоў. Мужчына быў раней не судзімы.

Прысуд не ўступіў ў законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Што адбылося

Каля 23:00 30 сакавіка нецвярозы 19-гадовы малады чалавек сеў за руль нядаўна набытага «БМВ». Пасведчання кіроўцы і дакументаў на аўтамабіль ў хлопца не было, а машыну ён набыў за грошы, якія выйграў у латарэю.

З сабой ён захапіў прыяцеля, з якім у гэты дзень піў піва, а таксама яго знаёмую. Заехаць да яшчэ адной дзяўчыны, як планавалася, маладыя людзі не паспелі. Паблізу вёскі Глеі Валожынскага раёна кіроўца з’ехаў у кювет, дзе наехаў на дрэва.

У выніку ДТЗ 14-гадовая пасажырка атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.