Фота Настассі Уткінай.

Супольнасць актывістаў «InspiredBYМаладзечна» зладзіла сустрэчу «ЭкаЛагічна» для тых, каму важная гармонія з прыродай.

На сустрэчы маладзечанка Ганна Сафонава расказала пра экалагічныя актыўнасці, які адбыліся ў Маладзечне цягам апошніх год.

Напрыклад, дзякуючы ініцыятыве неабыякавых жыхароў адмянілі запуск паветраных шароў падчас выпускнога балю. Гэта традыцыя можа выглядаць эфектна, але гэтыя некалькі хвілін вельмі дорага каштуюць птушкам і ўвогуле прыродзе. Рэшткі шароў раскідваюцца ў самых розных месцах, адкуль іх ніхто не прыбірае.

 «Успрымаць сябе цэнтрам прыроды – памылка»

Мастак Базіната расказаў пра тое, чаму для яго важна прытрымлівацца экалагічна дружалюбнага ладу жыцця, а таксама як смецце становіцца матэрыялам для арт-аб’ектаў:

– Калі ты адзін выкінуў пластыкавы кубачак, у гэтым няма трагедыі, калі ж так зробяць шэсць мільярдаў чалавек – то гэта глабальная з’ява. Раскажу, як я выкарыстоўваю смецце ў мастацтве.

Калі ствараеш аб’ект з рэчаў, якія былі ў выкарыстанні, то, па-першае, на гэту рэч пакуль разгружаеш сметніцу.

А па-другое, для новага матэрыялу неабходна прайсці шмат вытворчых працэсаў, транспарціроўку. Усё гэта пакідае сур’ёзны вугляродны след, які спатрэбіцца кампенсаваць прыродзе.

– Калі я аздабляў маладзечанскі клуб «Клаб», то ўсе прадметы інтэр’ера ствараў са смецця, якое да ўсіх плюсаў і дасталася мне бясплатна. Канапы рабіў з адзення з сэканд-хэнда, некаторыя аб’екты – са старых дзвярэй. Ідэя ў тым, каб максімальна прадоўжыць жыццё матэрыялу.

Адна з мастацкіх ідэй Базіната – антыпудзілы. Мастак зрабіў альтэрнатыву пудзілам, якія робяць з мёртвых жывёл. Ён выконвае свае з фанеры або іншых матэрыялаў, а прастору ўнутры займае смеццем, якое не псуецца. А вочы зрабіў з пафарбаваных сушак. Адна з мастацкіх серый Базіната прысвечаная беларускім язычніцкім багам. Задума серыі ў тым, што іх выцеснілі з гісторыі, але памяць пра іх засталася.

– З аднаго боку, мы гаворым, што неабходна берагчы прыроду. А з іншага – усе мы пакідаем вялізны смеццевы след. Успрымаць сябе як цэнтр прыроды – вялікая памылка. Гэту пазіцыю неабходна мяняць і ўсвядоміць сябе як частку прыроды. Калі можаш выкарыстоўваць матэрыял другі раз – выкарыстоўвай.

У нас ва ўсіх шмат рэчаў, але мы хочам яшчэ больш. І калі кожнаму даць усё, што ён хоча, адбудзецца страшнае.

Ідэі, як спажываць менш і застацца не менш шчаслівым

На сустрэчы мастачка Яна правяла майстар-клас, на якім паказала, як са старых рэчаў зрабіць новыя. Адзін з простых спосабаў – праштампаваць на адзенні выявы раслін фарбай.

Таксама ўдзельнікі падзяліліся ідэямі, што можна зрабіць для змяншэння спажывання. Рэчы, якія ўжо не трэба, можна перадаваць тым, каму яны спатрэбяцца. Арганізаваць арэнду посуду, які можна браць на прыроду, каб не купляць шматразовы пластыкавы. А таксама зладзіць у горадзе палічкі, дзе можна абменьвацца кнігамі і ладзіць фры маркеты – кірмашы, дзе аддаюць рэчы задарма.