Фота 4esnok.by.

Беларусь прыпыняе ўдзел у еўрапейскай ініцыятыве «Усходняе партнёрства». «Рэгіянальная газета» расказвае, як праект Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» паўплываў на жыццё рэгіёна.

Чаму Беларусь прыпыняе ўдзел ва «Усходнім партнёрстве»

28 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што прыпыняе ўдзел у праекце ў сувязі з немагчымасцю выконваць свае абавязацельствы ва ўмовах санкцый, якія ўвёў Еўрасаюз. Нагадаем, што Еўрапейскі саюз увёў персанальныя санкцыі і супраць прадпрыемстваў – гэта ўжо чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

Рашэнне ўвесці санкцыі Рада ЕС патлумачыла «эскалацыяй сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і гвалтоўных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў».

Прыпыненне ўдзелу ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства» – не адзіны крок беларускіх уладаў. Пагадненне аб рэадмісіі з ЕС таксама прыпыняецца, кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі прапанавалі выехаць у Брусель, а адказным за ўвядзенне санкцый забароняць уезд у нашу краіну.

«Усходняе партнёрства» – праект Еўрапейскага саюза, мэтай якога з’яўляецца развіццё інтэграцыйных сувязяў з шасцю краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Супрацоўніцтва паміж імі пачалося ў самых розных галінах – ад узмацнення эканамічных сувязяў да вырашэння экалагічных праблем і моладзевых абменаў.

«Усходняе партнёрства» і Беларусь

ЕС з’яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі, на долю якога прыпадае амаль траціна агульнага таваразвароту краіны. Ад 2009 года, калі пачалося «Усходняе партнёрства», гандлёвыя патокі паміж Беларуссю і ЕС павялічыліся на 18,5%.

110 мільёнаў еўра – столькі склала дапамога Беларусі з боку ЕС у межах Еўрапейскага
інструмента суседства за 2014-2018 гады. У Беларусі больш за чатыры тысячы кампаній скарысталіся крэдытамі, трэнінгамі і кансультацыямі пры падтрымцы ЕС, што прывяло да стварэння звыш чатырох тысяч працоўных месцаў.

Тысячы беларусаў падарожнічаюць у Еўропу і прымаюць удзел у абменах, падтрыманых ЕС: каля трох тысяч студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэтаў атрымалі магчымасць вучыцца або выкладаць у краінах ЕС ад 2009 года ў рамках праграмы Erasmus+.

Чым «Усходняе партнёрства» было карысным для рэгіёна

«Рэгіянальная газета» расказвае, як удзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» паўплываў на жыццё нашага рэгіёна на прыкладзе людзей і гарадоў.

У 2016 годзе былы старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Садзейнічанне ўстойліваму развіццю краін Усходняга партнёрства». Падчас канферэнцыі адбылося падпісанне «Пагаднення мэраў» – ініцыятывы Еўрапейскага саюза па энергіі і клімату, накіраванае на змяншэнне выкідаў парніковых газаў і развіццё «зялёнай эканомікі». Такім чынам, Вілейка далучылася да гэтай ініцыятывы.

У 2017 годзе Вілейка атрымала новы смеццявоз і 100 кантэйнераў для паасобнага збору адходаў у межах праекта ЕС.

Андрэй Мікульчык з Маладзечна ў рамках праекта ЕС «МОСТ» удзельнічаў у італьянскім фестывалі опернай музыкі. У межах гэтага курсу маладзечанец прайшоў курс навучання, а цяпер хоча адкрыць у беларускіх гарадах студыі для маладых оперных спевакоў.

Яшчэ адзін маладзечанец Павел Палубінскі быў паслом еўрапейскай моладзі. У межах гэтай ініцыятывы маладыя людзі з шасці краін Усходняга партнёрства ўдзельнічаюць у адукацыйных і развіццёвых праграмах, а пасля дзеляцца атрыманым досведам з равеснікамі на радзіме.

У 2018-2019 гадах у Смаргоні рэалізавалі ініцыятыву «Разам да здароўя» ў конкурсе праектаў Еўрасаюза БЕЛМЕД. Каардынатар ініцыятывы Святлана Бурко расказвала карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты», што 600 сталых жыхароў Смаргоншчыны навучылі правільна мераць ціск, узровень цукру і якую першую медыцынскую дапамогу можна аказаць, пакуль едзе «хуткая дапамога».

У Камарове ў Мядзельскім раёне працуе бізнес-інкубатар, у якім Эдуард Вайцяховіч дапамагае прадпрымальнікам з рэгіёна ствараць свой малы бізнес.

У Валожыне павінны запрацаваць турыстычны цэнтр і хостэл, даступны для людзей з інваліднасцю. У гэты і іншыя праекты для прапановы сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне ў рамках праекта ЕС уклалі больш за мільён еўра.

Ад 2018 года ЕС аказвае падтрымку праекту «Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі». Гэты праект уключаў у сябе цеплавую мадэрнізацыю ясляў-сада №3 у Ашмянах.