Выстава работ Аляксандра Фінскага. Фота Настассі Уткінай.

Выстава графікі і скульптуры Аляксандра Фінскага «Спявак культуры краю» працуе ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі да 11 ліпеня.

Адкрыццё выставы адбылося ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Адкуль вы ведаеце працы Аляксандра Фінскага

Аляксандр Фінскі – беларускі скульптар, прафесар кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У Маладзечне знаходзяцца дзве яго скульптуры. На ўездзе з боку Мінска – «Маці Божай Пакровы».

Гэты ж сімвал размешчаны на гербе Маладзечна. А каля гасцініцы – помнік на экалагічную тэму «Зямля і неба».

Ён таксама аўтар помніка Максіму Танку ў Мядзеле, Адаму Міцкевічу ў Мінску, мемарыяла «Яма. Мінскае гета», знака «Нулявы кіламетр» на Кастрычніцкай плошчы.

Дазвольце сябе здзівіць

На выставе вы знойдзеце скульптуры з металу і дрэва, а таксама графічныя працы. Графіка адметная тым, што ўсё роўна, хаця і на паперы, паказвае, як магла б выглядаць скульптура. Некаторыя з графічных прац Фінскага пасля і становяцца скульптурамі.

Пра мастака і яго творы расказала навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Беразавец:

– У нас узнікла ідэя запрасіць на фестываль скульптара з тым, каб зладзіць яго персанальную выставу. І ён на нашу прапанову адгукнуўся. Скульптуры складана экспанаваць, але мы знайшлі магчымасць здзівіць нашых жыхароў. Сам жа Аляксандр Фінскі патлумачыў, што размаўляе з гледачом метафарамі.

Навуковы супрацоўнік раскрыла некаторыя метафары для чытачоў «РГ». Напрыклад, скульптура «Лаўка запасных» адразу выклікае асацыяцыю са спортам. Але насамрэч гэта пра тых людзей, якія ўсё жыццё чагосьці чакаюць.

Чакаюць, што ім хтосьці нешта скажа, калі ім стане зручна зрабіць жаданае. І з-за свайго вечнага чакання яны застаюцца плоскія, несфарміраваныя, усё сядзяць і чакаюць.

Скульптура «Трэцяе пакаленне» дэманструе тое, што толькі ўнукі рабоў могуць быць па-сапраўднаму свабоднымі. «Час збіраць камяні» – у кожнага чалавека надыходзіць такі час, калі даводзіцца збіраць камяні. Якім жа гэты камень акажацца – цяжкім, лёгкім, цікавым, прыгожым – залежыць ад самога чалавека.

Многія скульптуры Фінскага прысвечаныя творчым людзям, асабліва музыкам. Творца заўважае, што калі б не быў скульптарам, то стаў бы музыкантам. На выстаўцы ёсць скульптура Уладзіміра Мулявіна. Яна ўвасабляе імкненне да палёту і тое, што музыка сышоў з жыцця рана, не паспеўшы зрабіць яшчэ многія справы, а яго душа паляцела. Скульптура «Вячэрні блюз» паказвае стан свабоды, калі творца можа ўвасабляць усё, што лічыць патрэбным.

Праца «Вясна» адлюстроўвае пачатак жыцця, які зараджаецца ў прыродзе і жанчыне. «Анёл-ахоўнік» – пра тое, што ў кожнага ёсць анёл, які распраўляе чалавеку крылы. І толькі ад нас залежыць, ці захочам мы гэтыя крылы расправіць.

Скульптура «Кола лёсу» адлюстроўвае двух людзей, паміж якімі нажытае імі кола. Яны пражылі доўгае жыццё, пакінуўшы на гэтым коле як гладкія, так і паламаныя спіцы.

А само кола іх адначасова і злучае, і раз’ядноўвае.

Праца «Сям’я» ўнутры выглядае дасканала гладкай. Гэта адлюстроўвае стан, да якога мы імкнёмся ў нашай сям’і. Але звонку на нас уздзейнічаюць знешнія фактары. Таму мы ў сваёй сям’ёй тулімся адзін да аднаго і беражом ад таго, што звонку.

Скульптура «Экасістэма» знешне нагадвае ліст, на якім сядзіць вусень. Але калі прыгледзецца збоку, то вусень пераўтвараецца ў людзей.

Праца, якая нагадвае шэраг цвікоў, паказвае, як змяняюцца людзі цягам жыцця. Спярша ўсе падобныя, ходзяць у садок, школу. Але пасля жыццё змяняе кожнага – кагосьці ламае, хтосьці можа супрацьстаяць. І кожны становіцца індывідуальнасцю.

Скульптуры з ясеню захапляюць як ідэяй, так і тэхнікай выканання. Мастакоў вучаць, каб мазкі ішлі па форме.

У Фінскага структура дрэва ідзе па форме скульптуры, кожная прыродная лінія дапаўняе задуму скульптуры.

Праца «Дзяўчына і кошка» нагадвае пра тое, што пластыка маладой дзяўчыны нагадвае пластыку коткі. Гэта з цягам жыцця цела мяняецца, і пластыка таксама. Твор «Наш дом» адсылае да павер’я, што першай у новае жыллё павінна зайсці кошка.

Скульптура «Максім Танк» на першы погляд можа падацца звычайнай выявай паэта, але і тут не ўсё проста. Фінскі знайшоў фота Яўгена Скурко ў маладосці ў доўгім паліто – на здымку беларускі паэт знешне нагадвае Маякоўскага.

Пасля Фінскі даведаўся, што Максім Танк любіў творчасць Маякоўскага. У скульптуры аўтар адлюстроўвае творцу ў той перыяд, калі яго паэзія была на мяжы. Таму выява Максіма Танка такая – мужчына ў доўгім паліто, які ідзе па тонкім лёдзе.

Станьце суаўтарам

Пабачыць працы ўжывую можна ў музеі да 11 ліпеня. Можна як заказаць экскурсію, так і паспрабаваць разгадаць метафары самастойна.

– Калі ты проста прыйшоў, разглядаеш працы, звяртаеш увагу на дэталі, разважаеш, што аўтар гэтым гаворыць, то ўдзельнічаеш у стварэнні вобраза, разважае Таццяна Беразавец. – Магчыма, прыдумаеш тое, што аўтар і не меў на ўвазе. Але менавіта так становішся суаўтарам.