Фота nashzelenyimir.ru. Ліса ў прыродзе.

Жыхарка вёскі Сечкі Палачанскага сельсавета паскардзілася, што ў іх мясцовасці актывізаваліся лісы.

– Няма ад іх ніякага паратунку, – расказвае мясцовая жыхарка. – Па нашай вёсцы шастаюць толькі так. У нас было ў гэтым годзе 32 курыцы, чатыры ўжо лісы з’елі. У суседзяў таксама – у каго колькі. Усяго па вёсцы можа штук 40 курэй лісы сцягнулі. Можа, паляўнічым ужо нявыгадна ліс страляць, бо ніхто з іх футра не носіць?

Гаспадыня расказвае, што лісы завітвалі ў вёску і зімой, і ў мінулым годзе. Звярталіся з праблемай у сельвыканкам. Там паабяцалі выклікаць паляўнічых. Сапраўды, паляўнічыя прыязджалі, але сітуацыю гэта асабліва не палепшыла.

– Ніякай выгады трымаць гаспадарку з такімі гасцямі, – падсумоўвае жыхарка.

Куды звяртацца ў такіх выпадках

Галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса Андрэй Шыбека пракаментаваў сітуацыю.

– Колькасць ліс, як і іншых жывёл, нераўнамерная па гадах. Гэта натуральны працэс. У параўнанні з паказчыкам пяцігадовай даўніны, ліс на Маладзечаншчыне стала больш. Натуральна і тое, што лісы шукаюць ежу там, дзе яе лёгка здабыць. І смялей заходзяць на падворкі жыхароў.

Колькасць ліс, як і іншых відаў, можа змяняцца ў межах прыкладна 20% з году ў год.

У 2019 годзе на тэрыторыі Маладзечанскага лясгаса зарэгістравалі 96 ліс, у 2020 – 120, сёлета налічваюць 112. На змяненне колькасці ўплываюць абставіны з кормам, хваробы, надвор’е.

У выпадках, калі вы заўважаеце, што ў вашай мясцовасці тыя ці іншыя жывёлы сталі вельмі актыўнымі, падыходзяць да жылля і ствараюць небяспеку людзям або гаспадарцы, звяртайцеся ў лясгас, інспекцыю аховы прыроды або да мясцовай улады. Па вашай заяўцы арганізуюць рэйдавыя мерапрыемствы па рэгуліроўцы колькасці жывёл.

Ліс больш не стала

Дырэктар Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага аб’яднання паляўнічых і рыбаловаў Дзмітры Бобрык заўважыў, што ліс на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў за апошні час наадварот стала менш.

Вёска Сечкі ўваходзіць у тэрыторыю ўгоддзяў, што арандуе маладзечанскае БАПР. Але па законе паляванне забароненае на тэрыторыі населенага пункта і на 200 метрах да яго. Таму дырэктар раіць звяртацца ў сельвыканкам, які пасля выклікае камунальную службу. Камунальнікі маюць права выкарыстоўваць адмысловую зброю і выкарыстоўваць яе ў населеным пункце.

Дзмітры Бобрык звярнуў увагу і на тое, што жыхары могуць знішчыць драпежную жывёлу на сваім падворку, але не агульнанебяспечным спосабам. Напрыклад, з пасткамі варта быць асцярожнымі, у іх могуць трапіць дамашнія жывёлы. Некаторыя гаспадары, калі заўважаюць лісу на падворку, забіваюць яе палкай.

Прадстаўнікі арганізацыі ў гэтым годзе здалі ў ветэрынарную станцыю каля 30 галоў ліс, летась адстрэлілі каля 150.

Дзмітры Бобрык пагадзіўся і з тым, што паляўнічым стала менш цікавасці здабываць пушніну – яна цяпер незапатрабаваная. Але, па яго меркаванні, калі паляўнічы будзе мець магчымасць здабыць лісу, то не прапусціць яе.

Што пра ліс думаюць паляўнічыя

Мы паразмаўлялі з двума паляўнічымі, якія адзначылі, што гатовыя далучацца да паляванняў, у тым ліку на ліс. Але не так проста атрымаць пуцёўку на паляванне. «Хацелася б больш свабоды і даверу да паляўнічых», – дадалі суразмоўцы.