Аляксей Туровіч. Фота забяспечанае Туровічам.

Прысуд уступіў у сілу. 62-гадовага Аляксея Туровіча ужо перавялі ў калонію №14 пад Барысавам, больш вядомую як «Навасады». Падрабязнасці справы «Нашай Ніве» распавёў адвакат Аляксандр Філановіч, які абараняў Туровіча.

«Гісторыя, здаецца, і не палітычная, але дзіўная. Туровіча абвінавацілі ў замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры і ў захоўванні зброі.

Туровіч — дастаткова забяспечаны чалавек, у свой час быў прадпрымальнікам, меў нерухомасць, якую перыядычна прадаваў. Меў кватэру, машыну, дом, кватэру ў Пецярбургу. Часам ён даваў людзям грошы ў пазыку пад працэнты.

І ў гэтай сітуацыі ён пазычыў чалавеку грошы: 82 тысячы еўра ў растэрміноўку на 10 ці 11 гадоў. Па дамове, якую засведчылі натарыяльна, — расказвае адвакат. — Але чалавек не пачынаў сплачваць пазыку і недзе праз два месяцы сам падаў у суд, каб прызнаць дамову безграшовай — фактычна каб даказаць, што тыя грошы Туровіч яму не перадаваў. Мы прад’явілі сустрэчны пазоў, каб выпатрабаваць гэтыя грошы.

Паралельна з прызнаннем дамовы безграшовай на Туровіча завялі крымінальную справу аб замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры. Адказнасць за замах такая самая, як за здзейсненае махлярства.

А зброю знайшлі падчас ператрусу. Гэта траўматычны пісталет, які яму яшчэ ў 1990-я гады падарылі сябры. Эксперт прызнаў пісталет «агнястрэльнай зброяй траўматычнага ўдзеяння, якая не з’яўляецца агнястрэльнай зброяй». Тым не менш суд дапытаў эксперта, пасля было дадатковае заключэнне экспертызы, у выніку суд прызнаў пісталет агнястрэльнай зброяй.

Усё гэта было ў 2019-2020 гадах. Пакуль ішла справа і суд, Аляксея не затрымлівалі, ён быў пад падпіскай.

У лютым 2021 года Туровіча асудзілі на 6,5 гадоў. Яго ўзялі пад варту пасля агалошвання прысуду.

Сам Туровіч віну не прызнаў ні па адным з артыкулаў. Я сам складу злачынства ў яго дзеяннях аб махлярстве таксама не бачу».

Абарона падавала апеляцыю, але прысуд пакінулі ў сіле. На прысуд магло паўплываць і тое, што Туровіч ужо быў асуджаны.

«Туровіч меў непагашаную судзімасць, і цяперашнія дзеянні расцэньваюцца як небяспечны рэцэдыў. Адпаведна, суд мусіць прызначаць пакаранне, не меншае за палову ад максімальнага. Па зброі максімальна было сем гадоў, Туровічу далі 3,5 года; па махлярстве максімальнае дзесяць гадоў — Туровічу далі пяць гадоў. Шляхам частковага складання канчаткова прызначылі 6,5 года», — тлумачыць Філановіч.

Адвакат кажа, што ўчора наведваў Туровіча ў калоніі. З адміністрацыяй праблемаў пакуль няма. Але ёсць праблемы іншага характару.

У 2009 годзе Туровіча пасадзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, звязаных з сэксуальным гвалтам і распуснымі дзеяннямі ў дачыненні да хлопчыкаў, якім не было 16 гадоў — фактычна гэта абвінавачванне ў педафіліі.

Ён не прызнаў віну, пераконваў, што справа была сфабрыкаваная, але атрымаў шэсць гадоў калоніі, з якіх адседзеў чатыры гады. А да людзей з такімі артыкуламі стаўленне ў месцах пазбаўлення волі неадназначнае.

«Скажам так, цяпер тыя ж пытанні да Туровіча зноў узнікаюць. Яны нікуды не падзенуцца», — канстатуе Філановіч.

Нагадаем, што Туровіч звязаны з нашым рэгіёнам. У 1960-ых ён гадаваўся ў дзіцячым доме на Ашмяншчыне, а лютым 2019 года здымаў у Смаргоні кіно пра першую сусветную.

Больш падрабязна пачытаць пра асобу туровіча і здымкі фільма ў Смаргоні можна ТУТ.

 

• Текст доступен на языке: Русский