Помнік Асланаву ў Вілейцы. Фота armiya.az.

2 ліпеня 1944 года вызвалілі Вілейку. Прыгадваем, як гэта было.

Да лета 1944 года большую частку Беларусі ўжо вызвалілі. А на астатняй частцы сканцэнтравалася шмат ахоўных і франтавых войскаў. Толькі ў раёне Вілейкі было сканцэнтравана больш за дзесяць тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

Ноччу 20 чэрвеня 1944 года Вілейшчыну скалануў рэйкавы ўдар партызан. Толькі на ўчастку Полацк-Маладзечна адначасова ўзарвалі больш за 1300 рэек. Вілейка апынулася ў паласе наступлення Трэцяга Беларускага фронту. Часці трэцяга гвардзейскага Сталінградскага корпуса падышлі да Віліі ўжо праз тыдзень пасля фарсіравання Бярэзіны, пераадолеўшы каля ста кіла- метраў. Да вечара 30 чэрвеня перадавыя атрады 35-й гвардзейскай танкавайбрыгады і 334-га гвардзейскага дывізіёна рэактыўнай артылерыі былі на подступах да Вілейкі. Кірваў гэтым зводным атрадам і аперацыяй па вызваленнігорада Герой Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёр танкавых войскаў,азербайджанец Азі Асланаў, камандзір 35-й гвардзейскай танкавай брыгады. Сумесна з арміяй горад вызва-лялі партызаны. Галоўны разлік Асланава быў на імклівасць і нечаканасць атакі.

Раніцай 1 ліпеня пасля залпа «кацюш» штурмавыя атрады накіраваліся да горада і з ходу завязаліся вулічныя баі. У нямецкім гарнізоне пачалася паніка. Ворагі спрабавалі арганізаваць супраціўленне. Атрымалася так, што танкавыя падраздзяленні 35-й брыгады адсталі ў дарозе, затрымаўшыся на пераправе праз Вілію недзе ў раёне Сосенкі.Але Асланаў вырашыў пачынаць бой без ас-ноўнай ударнай сілыбрыгады. Чатыры танкі пад камандаваннем гвардыі лейтэнанта Міхаіла Шуйдзіна прыйшлі ў горад да 1 ліпеня.

Дарэчы, Шуйдзін пасля вайны стаў вядомым клоўнам і акрабатам-эксцэнтрыкам. З 1950 года доўгі час працаваў у пары з Юрыем Нікуліным.

Адным з першых уварваўся ў горад бронетранспарцёр разведкі пад камандаваннем гвардыі старшыны Караўнічэнкі, следам за ім – узвод аўтаматчыкаў з разведкі матарызаванага батальёна на чале з гвардыі старшым лейтэнантам Нужным. Адначасова дзве стралковыя роты прасоўваліся з баямі па паўднёвай ускраіне горада ў напрамку вакзала. Да наступлення цемнаты Вілейку цалкам ачысцілі, за выключэннем чыгуначнай станцыі, дзе вораг яшчэ супраціўляўся.

Але да раніцы наступнага дня супраціўленне зламаў агонь «кацюш» 129-га мінамётнага палка, які падышоў, а таксама танкаў.

Камандзір трэцяга гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса, гвардыі генерал-лейтэнант танкавых войскаў, Герой Савецкага Саюза Абухоў прыгадваў: «Захоп Вілейкі аказаўся нечаканым не толькі для ворага, але і для камандавання фронту. Днём паступіла радыёграма са штаба фронту з загадам авалодаць да зыходу дня 2 ліпеня горадам Вілейка, у той час, як генерал Асланаў у 15 гадзін ужо данёс мне аб узяцці гэтага горада».

Абласны цэнтр і буйная чыгуначная станцыя Вілейка малымі сіламі і невялікімі стратамі былі вызваленыя.

2 ліпеня вечарам па радыё перадалі загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам Трэцяга Беларускага фронту ў сувязі з вызваленнем Вілейкі.