Нацюрморт Ядвігі Раздзялоўскай. Фота з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

Разам з Мінскім абласным краязнаўчым музеем мы працягваем знаёміцца з мастакамі, чый лёс звязаны з Маладзечаншчынай і чые працы захоўваюцца ў фондах установы.

У другім выпуску расказваем пра адметнасць творчасці Ядвігі Раздзялоўскай.

Пра мастакоў, карціны і іх адметнасці расказвае навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Беразавец.

Засталася ў Беларусі з-за кахання

Ядвіга Раздзялоўская нарадзілася ў першы дзень вясны, 1 сакавіка 1902 года, у польскім горадзе Белая Падляская ў сям’і Лясеўскіх. Вучылася ў люблінскай прамыслова-мастацкай школе, дзе вучні развівалі мадэрнісцкае мысленне.

Партрэт Ядвігі Раздзялоўскай. Намаляваў Юры Герасіменка-Жызнеўскі.

У Беларусі Ядвіга апынулася ў якасці бежанкі падчас Другой сусветнай вайны. У час вайны ў Баранавічах сустрэла каханне – Вадзіма Раздзялоўскага, за якога выйшла замуж. У 1948 годзе стала сябрам Беларускага саюза мастакоў, удзельнічала ў выставах. Неўзабаве сям’я пераехала ў Маладзечна. Верагодна, з-за таго, што мужа накіравалі на працу на маладзечанскі гармалзавод. Аднак у якім годзе гэта адбылося, дакладна невядома.

Менавіта Раздзялоўская стаяла ля вытокаў развіцця Маладзечна ў мастакоўскі горад, як яго называў яе калега Кастусь Харашэвіч. Але пры гэтым пра пані Ядзю – так яе называлі беларускія калегі  – вельмі мала дакументальных звестак, пра яе няма персанальных кніг. Яе памяць ушанавалі мемарыяльнай дошкай на доме, у якім жыла мастачка, – адразу насупраць маладзечанскага райвыканкама. А ў 1982 годзе творцу ўганаравалі званнем «Заслужаны дзеяч культуры Польшчы».

Яна была пачынальнікам народнай мастацкай студыі для дарослых у Маладзечне, да працы якой пасля далучыўся Харашэвіч.

Дзякуючы ім супольнасць мастакоў ядналася і развівалася, а культурнае жыццё ў Маладзечне бруілася. У Харашэвіча з Раздзялоўскай нават ёсць сумесная праца 1960-х гадоў, якую выканалі па заказе Мінскага абласнога краязнаўчага музея – «Сустрэча Чырвонай Арміі з насельніцтвам Заходняй Беларусі ў горадзе Маладзечна», прысвечаная падзеям 17 верасня 1939 года. Сёлета музей плануе гэта палатно экспанаваць.

Раздзялоўская часта збірала мастакоў і не толькі на вечарыны, дзе дзяліліся думкамі і слухалі музыку.

Не стала Ядвігі Язэпаўны ў 1992 годзе.

Ядвіга Раздзялоўская.

Чыстыя колеры і сіні цень

У творчасці мастачкі больш нацюрмортаў, хаця ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея сярод твораў Раздзялоўскай больш захоўваецца партрэтаў. Ёсць і пейзажы.

– Яна вельмі мянялася ў творчасці, – расказвае Таццяна Беразавец. – Многія работы ёсць як вельмі стылізаваныя – дэкаратыўныя, амаль манахромныя, так і такія, што пайшлі далёка ў мадэрн – з сінімі ценямі. Але разам з тым усе яе працы светлыя, як яна сама.

Раздзялоўская шмат працавала пераважна ў тэмперы – воднай фарбе, якую рыхтуюць з парашковых пігментаў. Часам выкарыстоўвала вугаль.

– Усе яе працы вельмі свецяцца сонцам, – расказвае Беразавец. – Заўсёды адчуваецца, адкуль ідзе святло, якое пранізвае ўсе прадметы. У Раздзялоўскай шмат чыстых колераў і сініх ценяў. Блакітна-ультрамарынавы колер вельмі падкрэслівае сонечнасць. Наўрад ці ў яе жыцці заўсёды ўсё было гэтак жа сонечна.

Навуковы супрацоўнік патлумачыла, што многія мастакі любяць блакітна-сінія колеры.  Таму што калі рабіць цень блакітнай, то на працы не з’яўляецца бруду. Пры гэтым колер у кантрасце з жоўтым падкрэслівае святло апошняга.

Карціна Раздзялоўскай.

– Як яна раскрываецца ў нацюрмортах! Яна такая розная ў іх. Па карціне адразу відаць, якія перамены ў жыцці аўтара.

У мастачкі быў перыяд, калі яна працавала ў Дагестане. У гэтых працах змяняецца напаўненне нацюрморта.

Пісала характарныя партрэты

Другая лінія яе творчасці – партрэты. Усе яны вельмі характарныя. Па выяве відаць, што аўтар патрапіла з адлюстраваннем чалавека ў яблычак. Заўважае характэрныя рысы, узрост. Нават эскізныя малюнкі вугалем хаця і лёгкія, хуткія, але характар адразу злоўлены.

Адна з выбітных прац Раздзялоўскай – «Рабінка». Дзяўчына трымае ў руках галінку. Такога ж рабінавага колеру яе пінжак, які дае блікі на белую хустку, і сама яна з заўважным румянцам. Атрымалася такая дзяўчына-рабінка.

Карціна Ядвігі Раздзялоўскай – выява дзяўчыны. Менавіта ў гэтай працы можна знайсці падабенства з работамі Іллі Машкова.

У Іллі Машкова ёсць карціна «Дзяўчына». Выява дзяўчыны Раздзялоўскай на гэтай старонцы газеты нагадвае працу расійскага мастака. Яе твар выглядае цёмным – падобна, на той час была модная такая адметнасць. Працы нават па каларыце блізкія. Твор Раздзялоўскай «Дзяўчына» цудам выратавалі ад кастра – выпадкова чалавек убачыў лагатып і прынёс працу ў музей.

У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея сем работ Раздзялоўскай. Музей імкнецца пашырыць калекцыю яе прац і інфармацыю пра саму мастачку.

Пані Ядзя сабрала сяброў. Адкрылі выставу, прысвечаную Ядвізе Раздзялоўскай і мастакам маладзечанскага краю

“Пасадзіце яблыньку на маёй магіле”… Сёння 115 год ад дня нараджэння мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай

Сёння ўшаноўваюць мастачку Ядвігу Раздзялоўскую (+унікальныя фота)

Раздзялоўская: “Калі людзі не могуць купіць кілбасы, то і мне не трэба”