Шэрая варона. Фота © М. Варабей.

Чытач напісаў ліст у адказ на публікацыю артыкул «Гэтыя птушкі і грызуны амаль цалкам зніклі ў Беларусі». Публікуем яго адказ:

Названыя віды жывёл і раней сустракаліся вельмі рэдка, і пра іх мала хто ведаў.

А вось цяпер многія віды птушак, якія яшчэ гадоў 15–20 таму сустракаліся паўсюдна і ў немалой колькасці, у нашай мясцовасці, мабыць, зніклі.

Я з жонкай ужо амаль 20 гадоў пастаянна жыву на сваёй малой радзіме – вёсцы Навасёлкі Маладзечанскага раёна. Гэта недалёка ад Дубрава. Краявіды нашы маляўнічыя, паўсюдна ўзгоркі, парослыя лесам, хмызняком і разнатраўем. Ёсць рачулкі, з іх найбольш вядомыя Заходняя Бярэзіна і Уша. У трох кіламетрах адсюль знаходзіцца ландшафтны заказнік «Бортнікі».

Я не заолаг і тым больш не арнітолаг, але пра жыццё птушак і іншых жывёл ведаю нямала. Пачнём з сямейства крумкачовых. Напрыклад, шэрая варона. Яе не так даўно можна было ўбачыць у любым месцы. Сялілася звычайна на высокіх дрэвах бліз чалавечага жылля. І, мабыць, не толькі шкоду прыносіла іншым птушкам, крадучы ў іх яйкі і птушанят. Але і карысць, знішчаючы шкодных насякомых.

Нядаўна быў у сталіцы і са здзіўленнем назіраў за варонай, якая ў цэнтры горада спакойна прагульвалася па скверы вуліцы Камсамольскай.

З гадоў дзесяць таму ў цэнтры Дубрава, дзе расце шмат пасаджаных ліп і іншых дрэў, кожную вясну стаяў птушыны гвалт. Гэта гракі будавалі мноства гнёздаў і выседжвалі птушанят. Цяпер жа там ні гракоў, ні гнёздаў. Прапалі і галкі. Рэдка сустрэнеш сароку.

Я заядлы грыбнік, і раней заўсёды, ідучы па лесе, чуў, як сарокі разносяць стракатаннем весткі аб маім з’яўленні. Цяпер рэдка іх пачуеш, як і дзятла, які стукае сваёй дзюбай па дрэвах. Вось крумкачоў стала, па назіраннях, больш.

У апошнія гады павялічылася і колькасць драпежных птушак – каршуноў, ястрабаў і іншых. Яны сталі праблемай для жыхароў, якія трымаюць дамашніх птушак.

Яшчэ з дзяцінства захапляўся спевамі жаўрукоў, што ляталі высока ў небе. Ужо многія гады гэтых спеваў я не чуў, як і кнігавак. Яны ляталі над забалочанымі мясцінамі і выдавалі свае непаўторныя гукі.

Пакінулі нашу мясцовасць і  ластаўкі, хаця тры-пяць гадоў таму іх было шмат, нават на нашым доме ляпілі гнёзды. Аднойчы ў звычайна адчыненыя сенцы пачала лятаць ластаўка, хацела пабудаваць сабе гняздо.

Не бачна і сітавак, якія раней часта з’яўляліся на падвор’і і трэслі сваім хвосцікам. Даўно не бачыў аўсянак і мухаловак. Менш чутна салаўіных трэляў.

Верабей палявы. Фота © М. Верабей.

Аднак адзначу, што яшчэ ў вялікай колькасці водзяцца шпакі, якія, праўда, рана злятаюць – недзе ў сярэдзіне чэрвеня. А яшчэ – вераб’і. Яны сталі надта небаязлівымі, што павялічвае для іх рызыку стаць ахвярай катоў. Не прапалі і сініцы, якія мне, як пчалаводу, бывае, замінаюць.

Прыемна назіраць за бусламі, іх колькасць наўрад ці стала меншай.

Ну а што датычыцца грызуноў, то, здаецца, у нашай рэчцы Заходняя Бярэзіна знікла андатра, хаця раней вадзілася. Затое размножыліся бабры, якія ў некаторых месцах перакрылі рэчку, зрабіўшы невялікія вадасховішчы, якія радуюць вока. Але, мабыць, частка іх гіне ад рук зламыснікаў. Цікава даведацца, якая існуе за гэта адказнасць па заканадаўстве.

З іншых відаў жывёл у апошні час з вялікай хуткасцю распладзіліся малюскі, асабліва слімакі. Яны паўсюдна і ў лясах, і на лугах, і на прысядзібных надзелах. Многа, праўда, іх гіне пад коламі аўтамабіляў. Лічу, што ўсё ж галоўная прычына знікнення некаторых відаў птушак – гэта гаспадарчая дзейнасць дзяржаўных і прыватных гаспадарак, якія не шкадуюць атрутных і іншых хімічных сродкаў для барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі раслін.

У заключэнне хачу сказаць, што калі не будзе птушак і іншых нашых меншых сяброў, то наша жыццё ўжо будзе менш цікавым. Зберагчы прыроду і яе насельнікаў – гэта адна з самых актуальных задач.

Леанід ЖЫТКЕВІЧ, вёска Навасёлкі-1 Маладзечанскага раёна.