Яна Уладыка.

У сённяшнім выпуску «Таршэра» пра любімыя творы мастацтва расказвае Янка Уладыка – перакладчыца з Маладзечна.

Працы японскаамерыканскага мастака Sho Shibuya

Кожны дзень лакдаўна мастак зафарбоўваў першую паласу The New York Times
пейзажамі світанку са свайго акна.

Я таксама ціха з’язджала з глузду на лакдаўне на маладзечанскай вуліцы  Крынічнай. Я ведаю, што гэта такое – фоткаць кожны дзень адзін і той жа пейзаж, які заўсёды апынаецца іншым.

  • Навошта вам на гэта глядзець: У наш няпросты час варта дазваляць сабе хаця б час ад часу пабыць у моманце: адпусціць актуальны парадак дня і перавесці вочы з навін на неба.
  • Што яшчэ паглядзець: Найлепш, канешне, махнуць куды­-небудзь на прыроду. У закрытых памяшканнях можна паглядзець медытатыўныя фільмы кшталту фільмаў Таркоўскага або «Краіны качэўнікаў». Вярнуць веру ў чалавецтва дапаможа Марк Шагал. Вярнуцца ў шчаслівае маленства – суполка «Перавясла».

Адажыа Ружы з балета «Маленькі Прынц» Яўгена Глебава (1979)

Адзін з найгалоўнейшых твораў беларускай музыкі – па версіі музычных школ краіны.

Балет паводле Экзюперы – 1981 года, а адажыа было напісанае яшчэ для культавага фільма «Дзікае паляванне караля Стаха», дзе я яго ўпершыню і пачула. Без гэтай музыкі «Паляванне» было б ужо іншым: лічу, абсалютнае пападанне ў настрой: трагізм і надзея, касмічны сум і касмічная пяшчота.

  • Навошта гэта слухаць: Пачаць адкрываць сусвет беларускай «класічнай» музыкі. Папярэджанне: «класічная» музыка 20-­га стагоддзя часта разбурае чаканні адносна «прыгожай фонавай музыкі». Калі кінаверсія адажыа будзе для вас занадта крыповай, варта паслухаць і балетную, з больш багатай аранжыроўкай.
  • Што яшчэ паглядзець/паслухаць/пачытаць: «Дзікае паляванне караля Стаха». Балет «Маленькі прынц» мінскага Вялікага, а лепш паслухаць каверы на адажыа. Не прапусціць фільм «Любімая» (1965): малады і дзёрзкі Менск  – і зноў пад музыку Глебава.

«Ваенны лётчык» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, 1942

Гісторыя аднаго баявога палёту вясной 1940 года, неўзабаве перад капітуляцыяй Францыі.

У пэўны момант жыцця гэта кніга выцягнула мяне з дэпрэсіі.

  • Навошта гэта чытаць: Каб даведацца, як пераадолець страх і агульную млявасць абыякавасць да жыцця, калі здаецца, што твая бітва ўжо прайграная і ты не бачыш аніякага сэнсу ані ў сваёй ролі, ані ў чужых ахвярах у гэтым трагічным фарсе. Ну, і проста заўсёды прыемна паразмаўляць з Экзюперы за жыццё і па душах. Займальна – і хоць да раны прыкладай. Ёсць пераклад на беларускую Ніны Мацяш.
  • Што яшчэ пачытаць: Іншыя кнігі Экзюперы – іх не так ужо і шмат.

Мультфільм «Жоўты падводны човен» (Yellow Submarine), 1968

Поўнаметражная, збольшага ўручную маляваная прыгодніцкая казка паводле найлепшых песень The Beatles: сілы дабра (бітлы) плывуць вызваляць чароўны край Пэперлэнд ад фашысцкай дыктатуры Сініх Паскудаў. Мульцік, з якога пачалася любоў усяго майго жыцця да бітлоў. І не было б ніякага «ін’язу».

  • Навошта гэта глядзець: Песню Yellow Submarine хто ж не чуў, а мульцік не ўсе глядзелі. Прышчэплівае мастацкі густ і любоў да авангарду і абсурдысцкага гумару. А яшчэ там Сініх Паскудаў перамагае мірны пратэст.
  • Што яшчэ паглядзець/паслухаць: 13 бітлоўскіх альбомаў – раман сталення ў музыцы. Іх першы чорна-белы фільм «A Hard Day’s Night». Дакументалку «Eight Day’s A Week» ад рэжысёра «Кода да Вінчы».

Альбом «Краіна Талераў» гурта «Камелот», 1995

Легендарны, але незаслужана падзабыты фольк-­рок.

У маленстве касета «Камелот» не саступала ў мяне па папулярнасці бітлам. А потым, калі я даведалася пра гурт больш, апынулася, што, анягож, на тыя часы яны
былі пад моцным уплывам той самай чацвёркі.

Але «Краіна Талераў» – зусім не другасная, а абсалютна самадастатковая канцэртная праграма. І так, заўважана – дзецям асабліва падабаецца.

  • Навошта гэта слухаць: Па-­першае, гэта прыгожа. Паслухайце, нават калі вы далёкія ад рыцарскай рамантыкі.
  • Што яшчэ паслухаць: Вельмі трапляе ў сённяшні дзень альбом «Краіна доўгай белай хмары» 1990 года «Уліса» – яшчэ адна легендарная каманда з 90­-х, пра якую не часта прыгадваюць. Увогуле, варта прайсціся па плэйлісце «Тузіна» «60 беларускамоўных гітоў сучаснасці».

Спектакль «По По» Яўгена Грышкаўца з удзелам Аляксандра Цэкалы, 2007

Страшна смешны спектакль паводле твораў Эдгара Алана По. «Как-­то вдруг случилось, что все вокруг умерли».

Проста дзіўна, як гатычныя страшылкі часам могуць падымаць настрой. Па­-свойму – сеанс псіхатэрапіі: паглядзець у вочы сваім страхам праз смех, прыняць і абняць у сабе маленькае дзіцяня.

Нават калі вы не чыталі По або не вялікі фанат павольных маналагічных спектакляў Грышкаўца, дынамічны і пяшчотны, трагікамічны дуэт Грышкаўца і Цэкалы якраз можа вам зайсці.

  • Што яшчэ паглядзець/пачытаць: Тут зразумела – самога По і іншыя спектаклі Грышкаўца.

Альбом Con Todo el Mundo трыа Khruangbin, 2018

Інструментальная музыка, месцамі са словамі. Фон для адпачынку, а можна і для працы. Псіхадэлічныя гітары, соўл, даб, фанк – простым пералікам усіх стылістычных уплываў цяжка патлумачыць гэты боскі мікс захаду і ўсходу.

З гэтымі кайфовымі тэхасцамі я пазнаёмілася праз музычнае відэа Evan
Finds the Third Room, дзе ўсмешлівая кітаянка ходзіць па горадзе, круцячы нябачны хулахуп. Гэта была любоў.

Вельмі парадавала іх свежая калабарацыя з самім Макартні: расслаблены кавер на Pretty Boys з апошняга альбома бітла.

  • Навошта гэта слухаць: Адпусціць боль і стому і добра адпачыць – памокнуць у канцы дня ў ваннай, напрыклад.
  • Што яшчэ паслухаць/паглядзець: Беларускі Dee Tree: альбом All is 111, 2019. Іх свежы сёлетні «Усю восень» — асаблівая ўвага на вокладку пад маляваныя дываны.

«РайЦэнтр» Тані Скарынкінай, 2020

Калекцыя эсэ адной з найлепшых сучасных аўтарак Беларусі – і яна са Смаргоні!

Адкрыццё апошняга шалёнага года – хаця Таня піша ўжо даўно­даўно і ледзь не атрымала прэмію Гедройца ў 2015-­м. Трохі правінцыйнай крынічнай вадзічкі ў тлумным мінскім мурашніку.

  • Навошта гэта чытаць: Палюбіць маленькага чалавека ў сабе і іншых. Навучыцца чытаць людзей як кнігі і бачыць сэрцам. Зразумець, што ты жывеш/жыў/будзеш жыць у РАЙцэнтры.
  • Што яшчэ пачытаць/паглядзець: Пачытаць Чэслава Мілаша, Еву Вежнавец, Насту Кудасаву і Вольгу Гапееву. Арт­-праект «Я могу всё объяснить».

Альбом «Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава, 2017

Аўтарскі фотаальбом і нізка нянудных мастацтвазнаўчых эсэ пра сімвалічную і практычную ролю колераў у беларускай культуры. Даследаванне беларускага
стылю, якое лепш не чытаць, а разглядаць.

Я не магу ўпіхнуць у гэту гарачую дзясятку ўсе тыя мастацкія творы, вырабы і артэфакты, якія люблю, кшталту Вастрабрамскай Маці Божай, маляваных дываноў або бабулінай посцілкі. Але многія з іх ужо сабраў пад адной вокладкай спадар Міхал.

  • Навошта гэта чытаць/глядзець: Больш за якое чытво або фільм я параіла б вам паўглядацца ў простыя рэчы навокал, памацаць і павомхаць іх. «Колер Беларусі» – добры падручнік гэтай тэрапеўтычнай практыкі для пачаткоўцаў.
  • Што яшчэ пачытаць/паглядзець: «Народны Альбом» – музычны праект і канцэрт, аўтар амаль усіх песень – Міхал Анемпадыстаў. Графічныя працы спадара Міхала і лекцыі для «Лятучага Універсітэта». Тэксты Валянціна Акудовіча, Ігара Бабкова, Ірыны Дубянецкай. Эсэ «Адвечным шляхам». Альбомы праекта VEHA. Свае дамашнія фотаальбомы.

«Чырвоны квадрат» Казіміра Малевіча, 1915

Насамрэч, ромб. Поўная назва – «Жывапісны рэалізм сялянкі ў двух вымярэннях» або проста – «Жанчына ў двух вымярэннях».

Мяне доўга­доўга асабліва не чапляў супрэматызм. Памятаю дату – 25 сакавіка 2020 года, калі я выпадкова натрапіла сярод дамашніх архіваў на рэпрадукцыю «Квадрата». Быў час Вялікага посту, і я зразумела: гэта ідэальная, мінімалістычная і абсалютная ікона Пасхі, перамогі Жыцця над Смерцю. Чырвоны колер – сімвал Хрыста, і супрэматысты насамрэч натхняліся старажытнымі абразамі. Потым
ужо, гарачым летам у Нацыянальным мастацкім адкрылася выстава «Чырвоны – код нацыі».

А ў жніўні я канчаткова зразумела, якім прарочым было маё адкрыццё «Жанчыны ў двух вымярэннях» – пра жанчын, у тым ліку, мы далей даведаліся шмат.

  • Навошта вам гэтая карціна: Ідэальныя колеры – як ні круці. Натхняе!
  • Што яшчэ паглядзець/пачытаць: Тэксты і карціны – тэорыю і практыку – Малевіча і Кандзінскага. Пачытаць пра школу «Баухаус». Дакументалка «33 словы пра дызайн». Сучасныя іконы Іванкі Дзямчук (Украіна). Прарочую дакументалку «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа пра беларускі жэс-арт (фупрэматызм) з удзелам спачылага Захара Кудзіна.

 

Іншыя выпускі «Таршэра»: 

Таршэр з Аляксеем Лісам. Кнігі: якую ні за што не перачытаю і ад якой плакаў цэлы дзень

Таршэр з Валянцінай Сідоркінай. «І ў вайну радаваліся жыццю і захоўвалі пачуццё гумару»

Таршэр з Марыяй Шэбанец. “Кожнаму жыццёва неабходна вучыцца крытычнаму мысленню”

Таршэр з Алегам Чэчаневым. Паставіць подпіс або застацца прыстойным чалавекам і трапіць пад рэпрэсіі

Мы прывыклі, што казка заканчваецца вяселлем. Але з гэтага ўсё толькі пачынаецца

Таршэр з Андрэем Рагінскім. 10 любімых твораў мастацтва фатографа

Таршэр з Ганнай Кішкурнай. Ці ўмееце вы быць чалавекам?

Таршэр з Алесяй Каролік: «Некаторыя не разумеюць свайго шчасця»

«Таршэр» з псіхіятарам. «Напоўніць свет сэнсам, пакуль дыханне не растварылася ў паветры»

«Таршэр» з выхавальнікам беларускамоўнай групы смаргонскага садка Эдзітай Бранцэвіч

«Таршэр» з оперным спеваком з Маладзечна Андрэем Мікульчыкам

«Таршэр» з праваабаронцам. Ці сталі вашы рэчы важней, чым вы самі?

«Таршэр» з Віталём Качатковым. Напэўна, і дачку назваў Алісай у гонар персанажа кнігі

Як адшукаць у сабе супергероя і ўбачыць чараўніцтва свету. Таршэр з Ірынай Тархан