Пётр Дыко.

Пётр Дыко – адзін з затрыманых 20 чэрвеня каля маладзечанскага камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі».

54-гадовага маладзечанца судзілі 23 чэрвеня праз відэасувязь. Паводле пастановы суда, Дыко парушыў Закон аб масавых мерапрыемствах, а менавіта парадак правядзення пікетавання. «Што выявілася ў тым, што ён ў адпаведнасці з заклікам аб правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, размешчанага 19.06.2021 года ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт у мэсэнджары тэлеграм на канале «Маладзечна для жыцця чат» прыняў удзел у сумеснай масавай прысутнасці грамадзян у загадзя вызначаным месцы – каля помніка “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”». Дыко паставілі ў віну, што каля помніка ён

«з мэтай выказвання сваіх пратэсных грамадска-палітычных настрояў ускладаў кветкі да помніка, без адпаведнага дазволу Маладзечанскага райвыканкама».

Маладзечанец сваю віну не прызнаў цалкам.

Вінаватасць Дыко, паводле пастановы, пацвярджае ў тым ліку пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Суддзя Алег Лагачоў пастанавіў накласці на Пятра Дыко адміністрацыйнае спагнанне па частцы 1 артыкула 24.23 КоАП у выглядзе адміністрацыйнага арышта на 15 сутак.

Па гэтай жа справе асудзілі таксама Жанну Пілючонак. Ёй далі 25 сутак арышту, так што яна павінна выйсці на свабоду праз 10 дзён. Яшчэ дзвюх жанчын у межах гэтай справы адпусцілі з аддзялення міліцыі 20 чэрвеня – яны маці непаўнагадовых дзяцей.

«Самае страшнае – адзінота»

Мы папрасілі Пятра падзяліцца тым, як для яго прайшлі гэтыя 15 сутак арышту:

– Каля помніка бачыў, што адна жанчына здымае, што адбываецца. Як толькі ўсклалі кветкі, міліцыя прыехала, сказалі, што мы павінны прайсці з імі, завезлі ў райаддзел. Пратакол павялі складаць у гадзін 7-8 вечара. На ноч завялі ў «абяз’яннік». Недзе ў шэсць раніцы перавялі ўжо ў ізалятар часовага ўтрымання.

Там была камера на шэсць чалавек, нідзе няма матрасаў, нічога пасцельнага. Клаўся на голыя дошкі. Пад галаву падкладаў туфлі. Пасля як выдалі туалетную паперу, спаў на ёй, такі ролік зрабіў з паперы.

У першую сераду чакаў перадачу, але не атрымаў. Падумаў, ну дзіўна, можа сын не паспеў скласці. Буду чакаць у суботу. Настроіўся на суботу, але пасля мне далі зразумець, што нічога не атрымаю. Усё, што мне перадавалі родныя, выдалі толькі калі выходзіў з РАУС. Усе чатыры пакеты. Кожны з чатырох дзень, калі можна было прыносіць перадачы, сын нешта прыносіў.

Пасля, на шостыя суткі, перавялі ў камеру на два месцы. Пачаліся больш прахалодныя ночы, я прасіў даць мне што-небудзь цёплае, каб накрыцца, але нічога не дазвалялі. Засоўваў рукі праз пройму ў майку, каб падчас сну сагрэцца. Спіну накрываў палавой анучай, каб было не так прахладна. Так спаў. Не скажу, што моцна холадна было, але калі зябка і так прачынаешся ад таго, што на дошках спіш, а тут яшчэ і ад холаду.

Не мог пагаліцца, узяць зубную пасту са шчоткай. Тлумачылі тым, што сяджу адзін і магу здзейсніць суіцыд.

У душы толькі халодная вада, цёплай не было. Прапаноўвалі ў душавую, але халоднай вадой я мыўся і ў камеры. Прагулачны дворык ёсць, але не хапае персанала, каб выводзіць туды. Так што за 15 сутак ні разу не быў на прагулцы, ні разу ў душы.

З ежы давалі на сняданак біточак з кашай, у абед суп з парай бульбін і біточак з кашай, і на вячэру біточак. Я сябе настроіў, што больш нічога з ежы не будзе. Так што з маім целаскладам гэтага хапала.

Прасіў кніжку або газету – нічога не давалі. Самае цяжкае – адзінота, калі застаешся ў гэтым памяшканні адзін, і са сваімі думкамі. Тым больш не паспіш нармальна, і ноччу ўстаеш ногі размяць.

Успамінаў усе фразы па-англійску. Браў сваю судовую пастанову, чытаў па-руску і спрабаваў перакладаць на англійскую мову.

Рабіў фізічныя практыкаванні, разбіваў комплекс на дзень. Мыў адзенне, сам мыўся. Мог узяць якую тэму з гісторыі і пачаць разважаць. Напрыклад, чаму бальшавікі перамаглі ў тых умовах – пачынаеш успамінаць факты, аналізаваць, супастаўляць. Ці чаму распаўся СССР, ці чаму Напалеон не змог перамагчы – каб заняць сябе развагамі.

Раніцай возяць вазок з гарачай вадой, а ты разумееш, што табе нічога не будзе, толькі каша з біточкам. У мяне была толькі двухлітровая бутэлька, наліць кіпень не было куды.

Адной ноччу чуў Жанну. Яна таксама прасіла пакласці што-небудзь пад галаву.

У камерах ёсць вентыляцыя. Калі награвалася памяшканне, уключалі, яна выдзьмувала паветра. У спёку вентыляцыю ўключалі часта.

Цікаўлюся футболам, прасіў, каб хоць вынік гульняў сказалі ці газету далі, але так і не атрымаў. Цэлы дзень уключанае радыё «Мінская хваля», так што некаторыя паведамленні пра футбол можна было пачуць. Радыё дапамагала – музыка адцягвала ад адзіноты.

Цяпер у першую чаргу хачу памыцца і пагаліцца.

• Текст доступен на языке: Русский