Тут, у зале ЛФК, з перахварэлымі на кавід займаецца інструктар. Фота аўтара.

Якія праблемы застаюцца пасля таго, як чалавек перахварэў на кавід? Як іх вырашаць? Ці трэба перахварэлым асаблівая дыета і комплексы практыкаванняў? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да доктара-рэабілітолага загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Вілейскай ЦРБ Наталлі Пятрышчавай.

Застаецца слабасць і задышка. Што з гэтым рабіць

Па назіраннях Наталлі Аляксандраўны, большасць перахварэлых на каронавірус, скардзяцца на слабасць. Гэта ад таго, што хвароба забірае шмат сіл. Ёсць скаргі і на парушэнне дыхальнай функцыі. У многіх пасля хваробы застаецца задышка. Асабліва пры фізічнай нагрузцы.

– Таму неабходна, перахварэўшы, не перагружаць арганізм фізічна. Не варта, выпісаўшыся з бальніцы, адразу кідацца прыбіраць кватэру або палоць агарод.

Рэжым павінны быць без нагрузак, з адпачынкам, нават калі чалавек не ляжаў у бальніцы. Рухальны рэжым трэба пашыраць паступова, пачынаць з лёгкай хады, – тлумачыць доктар. – У каго ёсць прыватныя дамы, можна пахадзіць у двары на свежым паветры. Калі жывяце ў кватэры, старайцеся больш праветрываць пакоі. Трэба, каб свежага паветра было шмат. Пачынайце з хады 30-40 крокаў за хвіліну. Пасля павялічвайце да 90-100. Рабіць гэта трэба да першых непрыемных адчуванняў, задышкі.

Неабходная і дыхальная гімнастыка. У інтэрнэце ёсць шмат яе спосабаў. А на сайце Дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта нават відэаўрокі. Гімнастыку трэба рабіць некалькі разоў на дзень, без ператамлення.

Рэабілітацыю можна праводзіць і ў трэнажорнай зале. Фота аўтара.

Па словах Наталлі Аляксандраўны, такія практыкаванні павінны быць без знешняга супраціўлення. Таму надзіманне паветраных шароў тут катэгарычна не падыходзіць. Гэта найбольш небяспечна пры кавіднай пнеўманіі.

Плаўна, павольна, па пэўнай схеме робяцца ўдыхі і выдыхі. У практыкаваннях доктар раіць пераходзіць на дыяфрагмальнае дыханне. Калі падчас гімнастыкі задзейнічаная дыяфрагма, раскрываюцца ніжнія аддзелы лёгкіх. Ідзе іх добрая вентыляцыя і кровазабеспячэнне.

Што такое прон-пазіцыя і як у ёй правільна ляжаць

Дактары раяць пару месяцаў ляжаць на жываце, падклаўшы валікі пад грудзі і таз, раскінуўшы рукі. Медыкі называюць такі стан прон-пазіцыяй. Яна лічыцца адным з лепшых спосабаў лячэння каронавіруса. У такой позе паляпшаецца кровазабеспячэнне і вентыляцыя ніжніх аддзелаў лёгкіх, якія часцей і церпяць пры каронавіруснай пнеўманіі. Так варта класціся спаць ноччу і ляжаць удзень. У прон-пазіцыі добра адпачываць пасля выканання практыкаванняў.

Прон-пазіцыя. Фота gazeta.uz.

– Поза на спіне – найбольш непрымальная для хворага ці перахварэлага. Калі нехта катэгарычна не можа ляжаць на жываце, трэба ляжаць на баках, – раіць доктар.

І абавязкова піць шмат вады

Калі няма супрацьпаказанняў, медыкі рэкамендуюць перахварэлым піць шмат вадкасці. Пажадана за дзень выпіваць два-два з паловай літры звычайнай або мінеральнай вады, але не салодкіх напояў.

Вада патрэбная, каб аднавіць баланс вадкасці ў арганізме і перашкодзіць утварэнню тромбаў.

Па словах доктара, з-за інфекцыі арганізм губляе шмат вадкасці – і ад тэмпературы, і ад штучнай вентыляцыі лёгкіх. Для барацьбы з інфекцыяй вада патрэбная арганізму. Да таго ж цяпер спякотны час, калі проста губляецца вадкасць.

Якія непрыемныя наступствы цягнет каронавірус

Наталля Аляксандраўна звяртае ўвагу, што змяненні ў лёгачнай тканцы пасля каронавіруса захоўваюцца вельмі доўга – да шасці месяцаў пасля хваробы. А ў некаторых і пажыццёва. Усё залежыць ад цяжкасці пнеўманіі і ад стану хворага – узросту, іншых захворванняў, масы цела.

Змены ў лёгкіх могуць прывесці да фіброзу – стану, калі скарачаецца плошча актыўнай тканкі лёгкіх, якая можа ўдзельнічаць у газаабмене.

Калі не займацца сабой, не ляжаць у прон-пазіцыі, не рабіць практыкаванні, рызыкі павялічваюцца, перакананая доктар.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема перахварэлых – утварэнне тромбаў.

Менавіта таму дактары выпісваюць рэцэпт на рывараксабан, які больш ведаюць як ксарэлта і рэкамендуюць прымаць гэтыя лекі 45 дзён. Прэпарат не танны, але, па словах дактароў, патрэбны для прафілактыкі тромбаўтварэння. Падобныя прэпараты медыкі абавязкова ўводзяць хвораму падскурна, калі ён з кавідам ляжыць у бальніцы. Даказана, што кавідная інфекцыя спрыяе ўтварэнню тромбаў.

Што прапануюць у зале ЛФК

– Пацыентаў, якія перахварэлі на каронавірус і ў якіх скончылася самаізаляцыя, мы запрашаем на рэабілітацыю ў залу ЛФК. Тут штодзень працуюць інструктары, ёсць праграма рэабілітацыі, распрацаваная ў адпаведнасці з усімі дакументамі. Калі хтосьці не хоча хадзіць, можам даць інструкцыі з сабой, каб людзі займаліся самастойна. Ёсць у нас рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Даём пачытаць і зрабіць копіі.

Што з летнім адпачынкам і дыетай

Спякотай многім хочацца паплаваць і пазагараць. Ці можна гэта рабіць тым, хто перахварэў на кавід?

– Варта памятаць, што плаванне – гэта фізічная нагрузка. Калі ў чалавека ёсць праблемы з сэрцам, плаваць непажадана, тым больш гарачынёй. Арганізм і так аслаблены пасля хваробы. Калі ж асаблівых праблем няма і скончылася ізаляцыя, то чаму б і не паплаваць у разумных межах, але таксама не гарачынёй.

Загараць усім лепш у час – да 11:00 і пасля 16:00. Тады сонца больш бяспечнае. Вітамін Д – гэта добра. І пасля каронавіруса ён патрэбны ў арганізме. Але ў прамежак ад 11:00 да 16:00 сонца можа больш нашкодзіць, чым быць карысным, – тлумачыць доктар.

Адмысловай дыеты пасля хваробы няма. Як і пры большасці захворванняў прымальнай будзе міжземнаморская дыета – шмат садавіны, гародніны, морапрадуктаў, тлустай рыбы, менш мяса.

– Магчыма, для кагосьці хвароба стане штуршком, каб пачаць правільна харчавацца, адмовіцца ад шкодных звычак, весці здаровы лад жыцця, развітацца з лішняй вагой, – падсумавала Наталля Аляксандраўна.