Аляксей Хадневіч. Фота Анжалікі Карэва.

Расказваем, як футбольныя каманды з Астраўца, Ашмянаў, Вілейкі і Маладзечна згулялі ў чарговыя выхадныя.

«Маладзечна» (Другая ліга, Мінскі дывізіён, зона Поўнач)

Маладзечанскія футбалісты працягваць адстойваць першае месца ў турнірнай табліцы. 3 ліпеня, у 10-м туры, «Маладзечна» сустракалася з «Беразіно». Матч скончыўся перамогай для каманды Сяргея Дараховіча з лікам 7:0.

Галы забівалі Артур Сарамаха, Сяргей Тарчыла, Дзмітры Сярогін, Яўген Марозаў, двойчы Раман Бурак. Аўтаголам адзначыўся гулец «Беразіно» Дзмітры Тышкевіч.

10 чэрвеня «Маладзечна» згуляе з дзяржынскім «Адзінствам».

«Вілія» (Другая ліга, Мінскі дывізіён, зона Поўнач)

4 ліпеня, у 10-м туры, вілейчукі гулялі супраць «Смалявічаў». Сустрэча скончылася паражэннем «Віліі» — 1:3. У першым тайме забівалі футбалісты «Смалявічаў»: адзначыліся Уладзіслаў Касцюковіч і Ягор Бабіч. У другім тайме смалявіцкіх гульцоў пачалі даганяць вілейчукі. На 64-й хвіліне забіў Максім Вітко. А на 73-й хвіліне віляйчук Яўген Вярбіцкі забіў аўтагол.

11 ліпеня «Вілія» будзе гуляць з чэрвеньскім «Коласам».

«Ашмяны» (Другая ліга, Гродзенскі дывізіён)

3 ліпеня, у 9-м туры, «Ашмяны» згулялі супраць «Цэментніка» — 0:3. Галы забівалі Арцём Гузік, двойчы Яўген Васілеўскі.

Наступны матч ашмянскія футбалісты згуляюць супраць «Чайкі» з Зельвы 7 ліпеня.

«Ашмяны» знаходзяцца на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы. У Гродзенскім дывізіёне выступаюць трынаццаць каманд.

«Астравец» (Другая ліга, Гродзенскі дывізіён)

3 чэрвеня, у 9-м туры, астраўчане гулялі з «Свіслачу». «Астравец» у чарговы раз перамог з буйным лікам — 10:0. Шэсць галоў забіў Аляксей Хадневіч, Дзмітры Купнеўскі, Аляксей Бялевіч, Ягор Кашко, Аліхан Фазылаў.

Чытайце яшчэ: Футбаліст «Астраўца» падтрымаў журналіста Аляксандра Івуліна

7 ліпеня «Астравец» згуляе з «Лідай-2».

«Смаргонь» (Вышэйшая ліга)

2 чэрвеня ў рамках 15-га тура «Смаргонь» гуляла супраць «Мінска». Матч скончыўся ўнічыю — 2:2. На 2-й хвіліне сустрэчы гол забіў Дзмітры Алісіенка («Мінск»). Напрыканцы першага тайма футбаліст смаргонскага клуба адзначыўся забітым мячом Бяніта Задзі. А ў дададзены час у першай палове сустрэчы аўтагол забіў гулец «Мінска» Салі Муніру. У другім тайме Муніру забіў ужо на карысць сваёй каманды.

17 ліпеня «Смаргонь» згуляе з «Энергетыкам-БДУ».

Цяпер «Смаргонь» знаходзіцца на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы вышэйшай лігі.