Купалле. Фота з архіва РГ.

Беларускае Купалле па традыцыі адзначаць кастрамі і варажбой. А вы ведаеце, што ў Германіі гэтае свята таксама адзначаюць? У немцаў яно называецца Іванаў дзень.

Дата святкавання прыпадае на 24 чэрвеня. У ноч з 23 на 24 чэрвеня тут распальваюць вогнішчы. Моладзь скача праз агонь. Раней лічылася, што гэты рытуал спрыяе ўрадлівасці, а сям’я, член якой скокнуў вышэй за ўсіх праз агонь, атрымае самы вялікі ўраджай. Таксама ладзяцца танцы. А вогнішча па традыцыі адганяе злых духаў, хваробы і няшчасці ад людзей і свойскіх жывёл. Часам на вогнішчы спальваюць саламяную ляльку.

З даўніх часоў Іванаў дзень звязаны з казачным светам і чараўніцтвам. У ноч Раства Іаана адкрываюцца горы з скарбамі, а таксама можна ўбачыць эльфаў і гномаў. У моры нібыта чутны гукі званоў, людзі могуць разумець мову жывёл, у лесе можна ўбачыць чароўнае святло ад светлячкоў, травы і карані раслін атрымліваюць гаючую сілу.

На нямецкае Купалле робяць вянок або карону. Для гэтага сплятаюць галінкі дрэў і зеляніны. Карону ўпрыгожваюць яйкамі, ружамі і вывешваюць на вуліцы. Раней вакол яе ўвечары ладзіліся танцы. У іншых месцах Еўропы кароны Іаана або вянкі пускаюць плыць па рацэ.

У святочную ноч людзі ходзяць на прагулкі ў лес з ліхтарамі ў пошуках светлячкоў і для таго, каб назіраць за жывёламі.

У розных месцах Германіі таксама упрыгожваюць фантаны і святкуюць каля іх, пякуць гарачы пірог Іаанна, збіраюць букеты, купаюцца ў рэках і азёрах, катаюцца на конях.