Кадры з затрымання.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра шэраг тэрактаў, якія прадухілілі беларускія сілавікі: замах на Азаронка, дыверсію ў лясгасе і выбух на расійскім ваенным вузле сувязі пад Вілейкай. «Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра аднаго з затрыманых. Менавіта яго паказвалі як чалавека, што меў намер узарваць вузел сувязі.

Аляксею Г. 43 гады, ён жыве ў аграгарадку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна (Гомельская вобласць).

Быў жанаты, у шлюбе нарадзілася двое хлопцаў, але з жонкай Аляксей даўно развёўся.

«Ён калісьці працаваў будаўніком на бройлернай птушкафабрыцы, пасля працаваў на сябе: вырабляў і збіраў корпусную мэблю», — расказваюць пра Глотава знаёмыя.

У аграгарадку пра затрыманне чулі, але без падрабязнасцяў: «Кажуць, нейкі тэракт у Мінску планаваў».

«Наша Ніва» звязалася з мамай Аляксея, але жанчына не захацела размаўляць. «Яго затрымалі, калі ехаў на працу. Больш нічога не ведаю», — сказала яна.

Улетку 2020 года Аляксей рэпосціў паведамленні тэлеграм-каналаў, радаваўся рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Апошнім часам у сацсетках палітычнага ці сацыяльнага парадку дня ўжо не было.

«Наша Ніва» адшукала і былую жонку Аляксея, але тая адмовілася ад размовы. «Нам няма пра што з вамі гаварыць, мы з ім разам даўно не жывем», — сказала яна.

Аляксея Г. затрымалі 30 чэрвеня, пры сабе ён нібыта меў пісталет.