Аператыўнікі Маладзечна затрымалі 42-гадовую жанчыну. Яна неаднаразова выкрадала з аднаго і таго ж магазіна электратавары.

Здабычай сталі дарагія акумулятар і фрэйзер для пліткі маркі «Bosch». Злавіць падазраваную дапамагла камера відэаназірання, устаноўленая ў памяшканні гандлёвага аб’екта.

Прапажу акумулятара цаной амаль 700 рублёў работнікі крамы заўважылі толькі праз некалькі гадзін і паведамілі ў міліцыю. Тавар знаходзіўся ў вольным доступе ў гандлёвай зале на стэлажы. Праваахоўнікі вывучылі запісы камеры відэаназірання. На кадрах бачна, як невядомая жанчына пад выглядам пакупніка дачакалася моманту, калі за яе дзеяннямі ніхто не назіраў, узяла са стэлажа маёмасць і схавала ў чорны пакет, пасля чаго бесперашкодна выйшла з гандлёвага пункта.

Асоба падазраванай знаёмая супрацоўнікам крымінальнага вышуку.

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў месцазнаходжанне падазраванай вызначылі на наступны дзень. Яе затрымалі ў Вілейцы і прывезлі для разбіральніцтва ў Маладзечанскі РАУС. Стала вядома, што раніцай жанчына паспела з гэтай ж крамы вынесці фрэйзер для пліткі цаной без малога 800 рублёў і з’ехаць у суседні горад, дзе яе і затрымалі.

Цяпер прымаюць меры для вызначэння асоб, якім падазраваная збыла рэчы. Па дадзеных фактах пачалі крымінальную справу па артыкуле 205 Крымінальнага кодэкса «Крадзеж».