Іван Вярбіцкі.

Двух мужчын з нашага рэгіёна прызналі палітзняволенымі. Гэта маладзечанец Дзяніс Сырэц і гальшанец Іван Вярбіцкі — яны адбываюць пакаранні ў калоніях.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Дзяніса Сырца і Івана Вярбіцкага палітычнымі вязнямі.

Напачатку чэрвеня Сырца асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыма. Маладзечанца абвінавачвалі па трох крымінальных артыкулах: за распальванне варажосці ў дачыненні да міліцыянераў, за абразу двух маладзечанскіх міліцыянераў і супрацоўніцы гродзенскага АМАП, Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай, Мікалая Карпянкова.

Дзяніс Сырэц.

Вярбіцкага асудзілі яшчэ ў сакавіку, а ў чэрвені адбылося абскарджаванне, якое не прынесла станоўчага выніку для асуджанага. Івана Вярбіцкага асудзілі на 8 год і 1 месяц за падбухторванне да акту тэрарызму і знішчэнне афіцыйных дакументаў.

Мужчына пакінуў некалькі каментарыяў у мясцовых тэлеграм-каналах, у якіх нібыта заклікаў да падпалу ашмянскай пракуратуры і падпалу аўтамабіляў астравецкіх міліцыянераў. Падчас суда Вярбіцкі сказаў, што гэтымі паведамленнямі «троліў сілавікоў». А перад ператрусам гальшанец разарваў пастанову аб ператрусе.