Фота umservice.com.ua.

Па тыпу рухавікоў бензаінструменты дзеляць на двухтактныя і чатырохтактныя.

Двухтактныя рухавікі

У двухтактныя ў бензін дадаюць адмысловую аліву для двухтактных рухавікоў. Без спецыяльнай алівы рухавік можна зарэзаць за паўгадзіны працы. Гэта як у аўтамабілі ездзіць без алівы.

Па досведзе карыстання больш за ўсё даруюць варварскае стаўленне да сябе нямецкія інструменты. Менш даруюць памылкі інструменты кітайскага, італьянскага, французскага паходжання і не толькі.

Двухтактныя бензаінструменты: косы-трымеры, бензапілы, бензарэзы, бензабуры. Кожны інструмент па-свойму капрызны, але хачу звярнуць увагу на вельмі частую памылку з ланцужковымі піламі. У іх ёсць яшчэ асобны бачок для адмысловага алею, які  прыліпае да ланцуга, для змазвання ланцуга. У СССР, кажуць, была адна піла «Дружба», і ёй не патрабавалася аліва для ланцуга.

Не ведаю, якое інжынернае рашэнне там было ўвасобленае, але памяць пра гэту пілу засталася ў генах і ўнукаў. Цяпер ва ўсе пілы заліваюць спецыяльную аліву для ланцуга.

Аліву для двухтактных рухавікоў прадаюць на любой запраўцы. Бензін з разведзенай у прапісанай вытворцам прапорцыі алівай захоўваюць не больш за два месяцы. Менавіта таму па заканчэнні сезона бензін трэба зліць, а інструмент завесці і адпрацаваць да поўнага спальвання паліва. Калі гэтага не зрабіць, трапіце, як мінімум, на дарагую чыстку карбюратара, а то і на поўную яго замену.

Любыя інструменты, і бенза-, і электрычныя, дзеляцца на прафесійныя і аматарскія. І калі з прафесійным інструментам можна працаваць доўга, усю працоўную змену, то з таннымі аматарскімі – 20-30 хвілін. Пасля інструменту неабходны адпачынак, мінімум 30 хвілін. Таму ўчастак у 10 сотак аматарскай касой можна і трэба касіць гадзіны тры, з перапынкамі. А прафесійным трымерам можна справіцца за гадзіну.

Чатырохтактныя рухавікі

Чатырохтактныя рухавікі ўсталёўваюць на такія бензапрылады: культыватары, генератары, вібрапліты, газонакасілкі.

Іх ад двухтактных адрознівае тое, што аліва заліваецца асобна. І ў бак льецца чысты бензін, як у аўтамабілях. Такія апараты больш надзейныя і прасцейшыя ў эксплуатацыі.

На нашым рынку прадстаўленыя ў асноўным даступныя па кішэні нашага карыстальніка аматарскія асобнікі, якія трэба берагчы абмежаваннем у працы – 30 хвілін і адпачынак.

Акрамя генератараў, дарэчы. На бензагенератарах усталяваныя рухавікі для працяглай працы, але не трэба эксперыментаваць і перагружаць генератар не прадугледжанай для яго нагрузкай. Чытайце нагрузку генератара і складайце падключаныя да яго прыборы. Матэматыка 2-3 класа, але так часта ёй грэбуюць і выводзяць прыбор з працы.

Рэкамендацыі па абслугоўванні чатырохтактных памочнікаў: мяняць раз у сезон аліву, сачыць за ўзроўнем алівы, правяраць і чысціць паветраны фільтр, трымаць у чысціні, захоўваць пад навесам або ў гаражы.

Важна! Часта ў чатырохтактных прыладах усталёўваецца датчык ціску алівы, і калі ўзровень алівы знікае – рухавік глухне. Гэта абарона рухавіка ад паломкі. Здаецца, усё зразумела і даступна. Але на практыцы «Пракату інструмента», што ў Маладзечне, на Чкалава, 4 у Гелянове, каля стадыёна, даволі часта сустракаецца, што дарослыя мужчыны ледзь не плачуць у трубку тэлефона, калі ў іх «цацка зламалася і не заводзіцца». Бензін праверылі – значыць, усё заводзяць па інструкцыі, а яна не заводзіцца. Гэта можа быць культыватар, генератар, вібрапліты.

– А аліву глядзелі?

– А дзе гэта? А што гэта?

Пасля невялікай інструкцыі і далівання алівы апарат звычайна працягвае спраўна працаваць.

З вамі быў ваш Кофф Баевіч, і няхай вашы інструменты працуюць вам на карысць і на радасць.