У Беларусі праходзіць поўнамаштабная аперацыя па высвятленні асобаў, якія ўдзельнічаюць у «дэструктыўных чатах». Працуе ўвесь сілавы блок краіны. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры «Беларусь 1».

У сюжэце гучыць назва чатаў – «ОГСБ», «ОГС», «Буслы летят». Сцвярджаецца, што там адбываўся падбор і вярбоўка «малойчыкаў для новых масавых беспарадкаў і нават актаў тэрарызму».

– У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў, удзельнікі гэтых телеграм-чатаў дэананімізаваныя, іх асобы высветлілі. Цяпер ажыццяўляецца шырокамаштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб, – заявіў у сюжэце намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

Паводле яго слоў, цяпер праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, правяраецца дачыненне кожнага ўдзельніка да здзяйснення злачынстваў.

– Справа зрушылася. Мы дакладна ўжо можам сказаць, што віноўныя па новым указе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь панясуць адказнасць, – дадаў Бычак.

У сюжэце таксама гучыць, што «падборам і адборам кадраў» у чатах займаліся «замежныя куратары».

Нагадаем, 2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ў краіне скончылі «маштабную антытэрарыстычную аперацыю» і паабяцаў пазней расказаць усе падрабязнасці.