Фота са старонкі Уладзіміра Някляева ў фб.

Аказваецца, паэтычным талентам Уладзімір Някляеў «абавязаны» крэўскаму дзядзьку Лявону, а на першы верш майго суразмоўцу натхніла паварыха ў летніку. Някляеў мог бы стаць музыкантам, але не давёз дакументы ў музвучылішча. У 2010-м паэт балатаваўся ў прэзідэнты, бо лічыў гэта адзінай магчымасцю ўратаваць беларускую мову і культуру.

Чытайце наша інтэрв’ю з пісьменнікам-земляком.

Пра карані і дзяцінства

– З якога ўзросту сябе памятаеце? 

– Першы ўспамін недзе з двух гадоў. Дзядзька Лявон, брат маці, вярнуўся з войска, падхапіў мяне на рукі, падкінуў – і паколькі ўжо добра адзначыў вяртанне, забыўся злавіць.

Першы здымак. Крэва, 1949. З асабістага архіва паэта.

Я гэкнуўся аб парожны камень дзедавай хаты – і на камені гэтым усвядоміў, што жыву на белым свеце, і што жыць на ім не проста.

А дзядзька пасля казаў, што каб не ён, не стаў бы я паэтам. Бо калі я стунуўся аб камень, мазгі сталі на тое месца, на якім мусяць быць у паэта. Маўляў, усе паэты «стукнутыя».

– Раскажыце нашым чытачам гісторыю з двума днямі свайго нараджэння.

– Тут дзве версіі… Па версіі маці я нарадзіўся 9 ліпеня. Па версіі бацькі – на два дні пазней: 11-га. Доўгі час я думаў, што ён два дні гуляў, а пасля ўспомніў, з якой нагоды. І запісаў мяне тым днём, у які пра сына ўспомніў. Але пазней я сустрэў акушэра, які прымаў роды, і ён сказаў, што прывезлі маці ў радзільню 9-га, але нарадзіла яна 11-га. Два дні мучалася, бо надта галава ў мяне была вялікая. Дык я ўжо й не ведаю, як яно ўсё насамрэч было, таму святкую абодва дні. Цуд з’яўлення ў Божым свеце таго варты.

– Ведаю, што ў дзяцінстве вы займаліся музыкай. Раскажыце крыху пра гэта. Можа, мы страцілі Някляева-музыканта?

– Музыкантам мяне хацела бачыць маці. Бацька хацеў, каб я стаў ветарынарам. Але маці ўгаварыла яго прадаць карову Чарнуху і купіць мне акардыён. З таго й пачалася музыка. Граў я ў Смаргонскім аркестры (пазней ён стаў ансамблем) народных інструментаў імя Агінскага. Не на акардыёне. На цымбалах, на мандаліне, а ўрэшце на кантрабасе. Кіраўнік аркестра Аляксандр Анісімавіч Дзяруга палічыў, што з рытмам у мяне лепш, чым са слыхам.

Пасля дзявятага класа па рэкамендацыі Аляксандра Анісімавіча я павёз дакументы для паступлення ў Маладзечанскую музвучэльню. Але праехаў Маладзечна і падаў дакументы ў Мінскі элекратэхнікум, не стаўшы ні ветарынарам, ні музыкантам. Тым не менш заняткі музыкай не прайшлі дарэмна, я напісаў даволі шмат вершаў, якія сталі песнямі.

– Вы гадаваліся ў старажытным Крэве, пад сценамі замка. Як гэта паўплывала на вашу асобу?

– Крэўская школа, куды я пайшоў у першы клас, стаяла пад сцяной Крэўскага замка.

Школа была маленькая, але побач з ёй была, у вокнах яе віднелася вялікая гісторыя.

Ля сцен Крэўскага замка з фатографам, жыхаром Крэва Сяргеем Гапонам. Фота са стронкі Сяргея Гапона ў фб.

Вось гэтая вялікая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, магутнай еўрапейскай краіны, якую стваралі мае продкі па маці, дзяржава, асновай якой была цяперашняя Беларусь, і фармавала мяне як асобу.

– Раскажыце пра бацькоў. Да каго з іх вы больш падобныя?

– Маці мая Анастасія Іванаўна Магер, народжаная ў Крэве, стварала ўва мне паэта. Чытала беларускія, польскія, рускія кнігі, расказвала казкі, паданні. Бацька Пракоп Міхайлавіч Някляеў, занесены віхурай вайны з ракі Волгі на раку Крэўлянку, ствараў ува мне мужчыну. Вучыў страляць, трываць боль і крыўды, стаяць за сябе, за свае перакананні.

1985 год. Уладзімір Някляеў з бацькамі. Фота з асабістага архіву паэта.

Усё дзяцінства і юнацтва – гэты ўплывы маці. Сталасць – уплывы бацькі.

Вось адзін выпадак у маіх з ім адносінах.

Мне было дзевяць  гадоў, калі я знайшоў кашалёк пад акенцам касы на чыгуначным вакзале. Ніколі капейкі нідзе не знаходзіў, а тут – кашалёк. Трох рублёў, што ў ім былі, якраз не хапала на тэлескоп, грошы на які я ужо амаль два гады збіраў капейку да капейкі. І я не аддаў кашалёк касірцы, каб вярнула таму, хто згубіў. Але і ў краму па тэлескоп адразу не пабег, бо ўчора быў там і сказаў, што пакуль тры рублі не стае. Дык маглі спытаць: а дзе ты іх сёння ўзяў?

Кашалёк быў жаночы, з шарыкавай зашчапкай, і я уяўляў, як тая жанчына, якая яго згубіла, шкадуе аб прапажы. Можа, плача, бо ездзіла на кірмаш, які быў побач з вакзалам, прадаць тварог, масла ці яйкі, а выйшла, што толькі на дарогу патрацілася. А, магчыма, яна падумала, што кашалёк укралі, напісала заяву ў міліцыю, якая цяпер кашалёк шукае, і я сто разоў яго перахоўваў. Закідваў сенам у пуні, засоўваў пад цэбры ў склепе, закопваў пад мосцікам на левым беразе рэчкі, што працякала за хатай, ноччу ўставаў і закопваў на правым, дзе толькі ні хаваў – паўсюль міліцыя знаходзіла, здымала з кашалька адбіткі пальцаў і вяла злодзея ў турму. Урэшце я пайшоў на вакзал, падкінуў кашалёк туды, дзе знайшоў, пад акенца касы, з якой высунула галаву касірка: «Ты што тут падкінуў?..» – і мяне звінавацілі, што кашалёк скраў, а жанчына, якая згубіла кашалёк, сказала, што ў ім было не тры рублі, а трыццаць. Злодзей! Нічога не ўкраўшы, злодзей! Злачынца!.. З гэтым нельга жыць! У гэтакім несправядлівым свеце з такімі подлымі людзьмі!..

Знайшоўшы ў пуні вяроўку, залез я на драбіны, накінуў вяроўку на бэльку, доўга завязваў, бо не ведаў, як, ды яшчэ і рукі калаціліся, вузел на пятлі, а калі завязаў і надзеў пятлю на шыю, зарыпелі дверы – і ў пуню ўвайшоў бацька. «Ён жа падумае, што я стаяў тут у пятлі і чакаў, пакуль нехта ўвойдзе, каб паказаць, што хацеў павесіцца!» – пранізала думка, і я скочыў з драбінаў, забыўшыся, што канец вяроўкі, накінутай на бэльку, не прывязаў – і зляцеў на рукі бацькі.

«Давай дамовімся так, – вынес мяне бацька з пуні ў двор, сеў на прызбе. – Я нічога не кажу пра гэта маці, а ты, калі зноў такое надумаеш, кажаш пра гэта мне. Я пісталет дам, з ім самагубства будзе выглядаць больш па-мужчынску, чым з вяроўкай».

Доўгі час маці ўва мне было болей, чым бацькі. Натура ягоная, чалавека, які прайшоў вайну, была даволі суворая. Мы цяжка збліжаліся. Але з гадамі я зразумеў, што даў ён не менш, чым маці. Адчуў я гэта асабліва тады, калі выпалі на долю сякія-такія выпрабаванні, і тое ў характары, што было ўзятае ад бацькі, дапамагло іх вытрываць.

Пра творчасць

– Памятаеце, пры якіх абставінах напісалі свой першы верш? Што тады натхніла? 

– Мяне не задавальняла жыццё, якое бачыў я наўкол. Было яго грубае і не такое цікавае, як у кнігах, якія чытаў. Таму я з маленства прыдумляў усялякія фантастычныя, прыгодніцкія гісторыі. Ну, каб жыццё выглядала цікавейшым. І назаўсёды я застануся ўдзячны маёй настаўніцы ў пачатковых класах Смаргонскай школы №1 Паліне Несцераўне, якая мае гісторыі не толькі слухала, але і казала маім аднакласнікам, якія з тых фантастычных гісторый смяяліся, што верыць ім.

Гісторыі тыя палюбіла слухаць і паварыха ў піянерскім лагеры. Таму ўсяляк хітравала, каб мяне часцей, па чарзе і без чаргі прызначалі дзяжурыць на кухні. Бульбу скрэбсці і ўсялякія гісторыі ёй распавядаць. Вось яна і натхніла мяне на верш:

Наша паварыха

Даўганосая гусіха.

Лятала, упала

І нос паламала.

Паварыха была насамрэч даўганосая – і ўсе яе гэтым вершыкам дражнілі. А я ўбачыў, як яна скрэбла бульбу і плакала. І мне стала так сорамна, што сам заплакаў.

З таго часу нічога, што можа абразіць, пакрыўдзіць чалавека, не пішу.

– Ваш найлепшы твор ужо напісаны?

– Ніхто з тых, хто піша, не ведае, што з напісанага ім, лепшае. Можа быць: «Наша паварыха даўганосая гусіха…»

Аўтографы для прыхільнікаў у Маладзечне. Фота аўтара.

– Ваша творчасць адзначана шматлікімі прэміямі: пачынаючы ад Дзяржаўнай прэміі і заканчваючы прэміяй Францішака Аляхновіча. Для вас гэта важна?

– Некалі ў паэме наскрозь былі ў мяне такія радкі:

...Калі называюць паэтам,

І пішуць у кнігах: «ПАЭТ», –

Няёмка, нібыта ўвайшоў без білета

Туды, дзе спытаюць білет.

Дык вось раней, калі трэба было даводзіць, даказваць, што ты не выпадкова ў паэзіі, прэміі ды іншыя адзнакі літаратурнай працы былі не лішнія. Цяпер яны без патрэбы. І не толькі таму, што не трэба ўжо нічога і нікому даказваць. Змянілася матывацыя творчасці. Калі тады пісалася для некага, для чытача, дык цяпер – для самога сябе. Проста таму, што ты не можаш не пісаць.

І напісаныя, а тым больш прадыктаваныя з нябёсаў верш, паэма – гэта твая прэмія і ёсць.

Пра мовы

– Якую мову Вы чулі ў сваім крэўска-смаргонскім дзяцінстве?

– Ніякай іншай, апроч беларускай. Прычым, у Крэве жылі і палякі, і татары, і габрэі, але ўсе яны размаўлялі па-беларуску. Ну, не на чыстай літаратурнай мове, але і не на трасянцы. Такая сваеасаблівая была крэўская гаворка.

І хто сказаў, што паэты не ўмеюць чытаць свае вершы? Фота аўтара.

– У час жыцця ў Маскве Вы мусілі рабіць выбар: жыць у Расіі ці ў Беларусі, пісаць і выдавацца па-руску ці па-беларуску? Раскажыце пра гэта. І чаму абралі тое, што абралі?

– Гэта складана і доўга тлумачыць… Коратка можна адказаць: абраў беларускае, бо беларус, – але такі адказ не поўны. Паўней пра гэта ў рамане «Гэй Бэн Гіном», які надрукаваны ў часопісе «Дзеяслоў» і павінен хутка выйсці, калі Божа дапаможа, асобнай кнігай. Каму цікава, можа прачытаць.

– А як часта і пры якіх абставінах сёння вы пераходзіце на рускую?

– Бываюць такія абставіны. З мяне апошніх гадоў дваццаць робяць русафоба, але я не русафоб.

Расія – радзіма майго бацькі, многіх маіх сяброў.

І я не блытаю яе з Расіяй Пуціна.

У драматычнай паэме «Ягайла», надрукаванай у тым жа «Дзеяслове» маскоўскі князь Данскі размаўляе з вялікім князем літоўскім па-руску:

Отныне целиком, не как-то там отчасти

Вы поклоняетесь Москве, как высшей власти.

И только так. И всем желаю счастья.

Як яшчэ ён можа размаўляць? Толькі так. І толькі па-руску.

– У якім стане, на вашу думку, сёння ў Беларусі беларуская мова?

– Гэтае пытанне для мяне найважнае. Праз стан беларускай мовы, праз грэблівыя адносіны да яе цяперашняй улады я пайшоў з паэзіі ў палітыку. Каб стаць прэзідэнтам. Іншых сродкаў выправіць сітуацыю, уратаваць мову ўжо не бачыў.

У рамане «Гэй Бэн Гіном», пра які я згадваў, ёсць эпізод, які тлумачыць маё разуменне гэтай далёка не толькі лінгвістычнай праблемы. Паказвае небяспеку, якую нясе ў сабе адмаўленне ад нацыянальнай мовы, падмены яе мовай іншай.

Вось гэты эпізод.

«Пад сярэдзіну сямідзясятых, калі Віктар ужо кінуў літінстытут і пакінуў Маскву, ён амаль месяц прабыў разам з Бычыкам у Доме творчасці пісьменнікаў у Ялце. Дом насіў імя А.П. Чэхава, і ў ім можна было сустрэць не толькі знакамітых савецкіх празаікаў і паэтаў, але і замежных. Пабла Неруду, Джані Радары, Джэймса Олдрыджа, Ёганаса Бэхера, Джона Прыстлі… І быў у той час у тым Доме творчасці пісьменнік з Афрыкі, чарнаскуры і белазубы кеніец Нгугі ва Тыёнга, які, дасканала ведаючы ангельскую мову, пісаў на мове кікую. На мове свайго племені, адной з нацыянальных моў Кеніі, якую называў Нгугі ва Тыёнга праайчынай чалавецтва, і якую за яе доўгую гісторыю хто толькі ні заваёўваў, ні рабаваў! Партугальцы, арабы, ангельцы…

Да сярэдзіны шасцідзясятых 20 стагоддзя «праайчына чалавецтва» усё яшчэ заставалася калоніяй Вялікай Брытаніі, і калі савецкія пісьменнікі на літаратурнай вечарыне ў Доме творчасці імя Чэхава спыталі Нгугі ва Тыёнга, чаму ён піша не на ангельскай, сусветнай мове, а на той, якой ніхто ў свеце, апроч людзей племені кікую, не ведае, ён адказаў, што піша на мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народа.

«Мова народа, – казаў савецкім пісьменнікам, грузінам, украінцам, літоўцам, беларусам і казахам, кіргізам і таджыкам, латышам, узбекам і татарам, туркменам, малдаванам, эстонцам і калмыкам, абхазам і чачэнцам чарнаскуры і белазубы кеніец, – ягоная зброя.

А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага», – казаў кенійскі пісьменнік Нгугі ва Тыёнга, маючы на ўвазе зусім не тое, пра што падумаў, гэтак ускочыўшы, нібы яго тарантул джыгануў, сакратар парткама Саюза савецкіх пісьменнікаў Тынянкоў: «Но это не касается великого русского языка, объединяющего народы СССР!..»

З Васілём Быкавым. Фота з асабістага архіву паэта.

«Ідыёт..» – сказаў, седзячы побач з Віктарам, Бычык, пра якога, зайздросцячы ягонай славе, пляткарылі, быццам аповесці свае ён піша па-руску, а на беларускую мову перакладае. І ціха вылаяўся. А пасля, калі на гаўбцы ягонага пакою выпівалі чырвонае крымскае віно, прамовіў, гледзячы некуды за Чорнае, якое раптам усхадзілася, узбушавалася, мора: «Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага. – І падняў келіх. – За племя кікую!..»

Бычык у рамане – Васіль Быкаў, пра што не цяжка здагадацца. Віктар – персанаж з біяграфіяй аўтара.

Пра каханне і жанчын

 – Вельмі хочацца пагаварыць пра каханне. Раскажыце пра першае?

– Яно звалася Ліля. І падарвалася на міне, якую згубіў, скраўшы яе на вайсковым складзе, каб глушыць рыбу, п’яны старшына.

Мне дасюль балюча каханне тое ўспамінаць…

– Вашай жонцы лёгка з вамі?

– Пра гэта трэба не ў мяне пытацца. У жонкі. За яе магу сказаць: са мной ёй не лёгка. Бо ўсё было. І сума, і турма. Але яна ўсё стрывала.

Кахаю яе не за тое, што стрывала. Не за тое нават, што пайшла яна некалі за мной па крыгаломнай рацэ. Рызыкуючы – і не азіраючыся. І так ідзе са мной па жыцці. Проста я кахаю яе, не разумеючы, як можна яе не кахаць? Дыхаю ёй.

У кнізе «Знічы кахання» я прысвяціў ёй паэму «Калі мяне не стане»:

З жонкай Вольгай. Фота са старонкі суразмоўцы ў фб.

Я так цябе кахаў – да спапялення.

У турмах, у катоўнях, у скляпеннях

За кратамі, якія ўночы грыз,

Я падымаўся, калі йшоў уніз,

Ні перад кім не падаў на калені,

Бо я стаяў на іх перад табой,

І не маліў я літасці чужой,

Бо толькі да цябе мае маленні.

На тым шляху, што выбраны не намі,

На тым, які нам Божа даў, вяку

Я праз цябе з віною і грахамі

Прайшоў, нібы праз горную раку,

Дзе берагі іскрылі, як каралі,

Дзе й следу не пакінула брыда!..

Я не баюся Божага суда,

Бо ты мяне абмыла, як вада,

Якою пры хрышчэнні абмывалі.

Цалкам паэму, дарэчы, можна паслухаць і паглядзець у сеціве па спасылцы.

– Вы не ўяўлялі побач з сабой жанчыну-паэтку або пісьменніцу. І калі даведваліся, што яна праяўляе сябе ў чымсьці падобным, адразу уцякалі. Вось цікава, чаму?

– Замест адказу яшчэ адзін урывак з новага, шмат у чым біяграфічнага, рамана «Гэй Бэн Гіном».

«У літінстытуце нармальныя на аддзяленні паэзіі амаль не сустракаліся. Адна імпульсіўная паэтка, якая, убачыўшы яго з вакна на чацвёртым паверсе літінстытуцкага інтэрната, раптам закрычала: «Хочаш, каб у імя нашага высокага кахання я ўніз скочыла?» – і калі ён абыякава, бо ніякага кахання, ні высокага, ні нізкага не было, кіўнуў: «Скачы, калі хочаш…» – рынулася сторч галавой і жывая засталася, бо ненармальных Бог шкадуе.

Потым яна пра сустрэчу з Ганнай Ахматавай распавядала. Як прыехала ў санаторый, дзе Ахматава памірала, прачытала ёй вершы. Тая заплакала, абняла яе: «Ты – мая дачка, бласлаўляю цябе на высокае служэнне рускай паэзіі. А мне час». І ў яе на руках памерла. «Я таму і не забілася, калі з чацвёртага паверха скочыла, бо ў мяне служэнне…»

Вось як з такімі натурамі ўжыцца?..

Пра краіны і гарады

– Горад Маладзечна не чужы для Вас. Якія ўспаміны звязаныя з ім?

– Я ўжо казаў, што ў Маладзечне бацькі купілі мне акардыён. І што вёз я, скончыўшы дзявяты клас, дакументы ў Маладзечна для паступлення ў музвучэльню. Але праехаў музыку… Дзякуй Богу, не назаўсёды. У 1996-м, на маё 50-годдзе быў у Маладзечне мой аўтарскі канцэрт з тэлетрансляцыяй на ўсю Беларусь. З песняй «Жыве Беларусь!», якая магла стаць дзяржаўным гімнам. Але не стала, бо дзяржава, якую бачылі людзі, што прыйшлі да ўлады ў 1994-м, была зусім не такой, якую бачыў я. Ці Генадзь Карпенка, з якім мы сябравалі, і які спяваў на канцэрце разам з артыстамі «Жыве Беларусь!».

З маладзечанцам Лявонам Цімохіным. Фота аўтара.

– Некалькі год вы вымушаныя былі жыць у Польшчы і Фінляндыі. Што было самым няпростым у жыцці эмігранта?

– Самае няпростае ў жыцці эмігранта: быць дома кімсьці, а ў замежжы стаць нікім. Пачаць жыццё з нуля. Гэта не кожнаму па сілах.

– Чаму беларусам варта павучацца ў палякаў і фінаў?

– Быць беларусамі. Як фіны фінамі і палякі палякамі.

Пра вучобу і працу

 – Якія ўспаміны захаваліся пра Смаргонскую СШ №1?

Нядаўна песню я напісаў. Вальс для дуэта:

Квітнее белы бэз

На вуліцах Смаргоні,

Над вечнаю Вяллёй

Лунае паланэз.

І ты на плечы мне

Кладзеш свае далоні,

І над табой і мной

Квітнее белы бэз.

ПРЫПЕЎ:

Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс

Між небам і зямлёю,

Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс

Над вечнаю Вяллёй,

Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс

Танцую я з табою,

Каханая мая…

З табой, каханы мой.

На берагах Вяллі

Нас доля абдымае,

Цалуе нас, каб мы

Шчаслівымі былі.

Квітнее белы бэз

І паланэз лунае

На берагах жыцця,

На берагах Вяллі.

Гэта і ёсць успамін пра пра Смаргонскую СШ №1.

– Што Вам дала вучоба ў літінстытуце ў Маскве?

– Ведаеце, добра, што я раман «Гэй Бэн Гіном» напісаў. Там шмат адказаў на вашы пытанні. І тым ліку і на гэтае:

«Пад час студэнцтва ён [Віктар] ужо аб’ездзіў Савецкі Саюз па ягоных найдальніх кутах і закутках, пабачыўшы на Сахаліне і Камчатцы, у Сібіры і на Поўначы такое, пра што ні ў якіх кнігах не прачытаеш, што ніяк не супадала з ягонымі ўяўленнямі пра краіну, у якой ён нарадзіўся і жыў. Праз тое паўзнікала процьма пытанняў, куды важнейшых за літаратурныя, бо гэта былі пытанні жыцця, якія патрабавалі зразумелых, ясных адказаў, але ў той краіне, у якой жыў, у тым свеце, у тым жыцці, якое звярэла наўкол, з грубай сілай варочаючы, як камянямі, чалавечымі лёсамі, ён адказаў не знаходзіў. Тады пачаў шукаць іх у самім сабе: паспрабаваў пісаць. Аказалася, што для яго гэта найлепшы спосаб пошуку. І аднойчы падумаўшы пра літаратуру як пра магчымы занятак жыцця, паехаў з Нарыльска ў Маскву, дзе паступіў у Літаратурны інстытут.

Установа была прэстыжная, на аддзяленне паэзіі набіралі ўсяго дванаццаць чалавек, а ў Савецкім Саюзе кожны пастух і бухгалтар вершы пісалі, так што давялося вытрымаць вялізны конкурс, каб даволі хутка зразумець, што ў інстытуце тым можна было і не вучыцца. Але, калі б не вучыўся, не хадзіў бы ён па кантрамарках, якія выдаваліся студэнтам літінстытута, ва ўсе маскоўскія тэатры, у адным з якіх, тэатры на Таганцы, і пазнаёміўся з паненкай у белай сукенцы з чырвоным пасам, якая назвалася Ганнай і сказала, што яна дачка Купалы.»

Без літінстытута гэты раман я, можа, і не напісаў бы. І не таму, што пісаць не навучыўся б: проста гэта частка маёй біяграфіі. Дакладней, жыцця.

Вокладка рамана. Фота са старонкі Уладзіміра Някляева ў фб.

– Дарэчы, пра раман. Вы сказалі ў адным інтэрв’ю, што скончыўшы «Гэй Бэн Гіном», пачалі яшчэ адзін раман. Пра што ён?

– Раман «Гэй Бэн Гіном» пра час Купалы. Пра час Сталіна, Брэжнева. Новы – пра наш час. Калі казаць сцісла, ён пра тое, як нам у нечалавечым часе заставацца людзьмі.

– Вы працавалі радыёмеханікам і літсупрацоўнікам, былі рэдактарам на БТ і кіравалі культавым часопісам «Крыніца»… А якая праца вам падабалася найбольш?

– Праца радыёмеханіка. На ёй я быў і на працы – і як бы вольны. Браў у тэлеатэлье заяўкі на рамонт радыётэхнікі – і хадзіў па горадзе. Ніхто мяне не кантраляваў, не стаяў над галавой, у карак не гнаў.

І цікава было. Ты ж у кожны дом нібы госцем прыходзіш. Выпадковым. А выпадковаму чалавеку такое раскажуць, што свае ніколі не пачуюць. Я запісваў пачутыя гісторыі, сярод якіх былі проста неверагодныя. Але, на жаль, сшытак з імі згубіўся. Усе збіраюся паўспамінаць і запісаць нанава. Толькі вось з часам праблема, рукі не даходзяць…

Пра палітыку

– Чаму вы вырашылі пайсці ў палітыку і ў 2010 годзе нават балатавацца ў прэзідэнты? Сёння шкадуеце пра гэта?

– Я ніколі не шкадую пра тое, што было ў мінулым. Па-першае, гэта марныя шкадаванні, бо нічога ўжо не змяніць. Па-другое, у шкадаваннях сваіх мы сыходзім з таго, што там, у мінулым, магло быць лепш, чым было. Ну, каб мы зрабілі нешта не так, як зрабілі, а інакш. Але гэта не факт. Магло быць горш. Таму, як казаў герой яшчэ аднага майго рамана («Лабух»):

«Калі ты дасюль жывы-здаровы са сваёй галавой на плячах, значыць, усё, што ты зрабіў раней, зроблена правільна».

Чаму я ў палітыку пайшоў? Як бы я ўжо казаў пра гэта. Праз катастрафічны стан нашай нацыянальнай свядомасці, культуры, мовы…

Вось глядзіце: сёння беларуса Валадара Цурпанава, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, адна з дзяржаўных моў якой – паводле Канстытуцыі – беларуская, вязня магілёўскай турмы №4 караюць карцэрам за просьбу размаўляць з ім па-беларуску… Як мне, беларускаму паэту, такое трываць?

Нішто болей так не рве мне сэрца, не даючы спакою ні днём ні ўночы, як гэта: знішчэнне мовы, знішчэнне ўсяго беларускага ў Беларусі.

І толькі дзеля таго, каб не было здзеку над тым, што для мяне святое, я і пайшоў у палітыку.

– Пасля выбараў 2010 было выкраданне з бальніцы, турма, неаднаразовае збіццё, працяглы хатні арышт, ды і потым падобных праблем хапала. Але пры ўсім пры гэтым тады, у 2010, вы не з’ехалі з Беларусі. Чаму?

– Бо не мог. Бо адказваў за людзей, якія ў мяне паверылі, пайшлі за мной. Дык як было пакінуць іх пад пераследам, пад арыштамі? Я і са Швецыі, дзе дапісваў раман, вярнуўся ў Беларусь пад падзеі леташняга жніўся. Бо не там, а тут усе і ўсё, што і каго я люблю.

– Ці ёсць палітыкі, якімі вы захапляецеся?

– Афіцэр Мікола Статкевіч, пісьменнік Павел Севярынец, цясляр Зміцер Дашкевіч. Людзі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля Беларусі.

І яшчэ крыху пра жыццё

– Вы цудоўна выглядаеце. Ведзяце здаровы лад жыцця і займаецеся спортам? 

– Якім спортам можна займацца ў 75? Шахматамі?.. Спортам не займаюся. Проста фізічна не магу ім займацца, бо ў 2010-м мной заняўся спецназ «Алмаз». І на ўсё астатняе жыццё мне стала не да спорту.

Але форму фізічную, як магу, падтрымліваю. Без гэтага немагчыма па 14-16 гадзін у дзень пісаць.

– Наколькі для вас важны імідж, знешні выгляд? 

– Сам я на знешні выгляд асаблівай увагі не звяртаю. Але звяртае Вольга, жонка. Вось я і выглядаю так, як яна хоча, каб я выглядаў.

І яшчэ, дарэчы, пра Вольгу. Я ўжо казаў, што прысвячаў ёй вершы, паэмы. Але ўсе мае прысвячэнні нішто перад тым, што яна прысвяціла мне. Сваё жыццё.

– Як адчуваеце свае 75? Як збіраецеся святкаваць такі значны юбілей?

– Пачувацца можна было б і лепш, усё болей даюцца ў знакі падзеі 2010 года. Але дзякуй Богу за тое, што даў дажыць да года 2020. Даў адчуць, убачыць, што жыве і будзе жыць Беларусь! Што усё перажытае мной за апошнія гады перажыта было не дарэмна.

У цяперашнім часе арыштаў, здзекаў, катаванняў, турмаў, у якіх сядзяць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, многіх з якіх я ведаю, не да святаў з фанфарамі.

І ўсё ж неяк адзначыць юбілей мяне ўгаварылі. Родныя, сябры. Калі паўстала пытанне: дзе? – ваганняў з адказам не было. У Крэве. Пачытаць вершы, паспяваць песні. Яшчэ я папрасіў знаёмых акцёраў сыграць сцэну з нядаўна напісанай драматычнай паэмы «Ягайла». Ну, такая цікавая каля сцен Крэўскага замка магла быць літаратурна-музычная імпрэза, удзельнічаць у якой згадзіліся акцёры, музыкі, спевакі… Але супраць якой паўстала мясцовае, крэўскае і смаргонскае начальства. Сам я дамаўляцца з імі не хадзіў, мае сябры хадзілі.

Стваральніца брэнда Krasa Ганна Кулакова і паэт Уладзімір Някляеў на прыборцы старых могілак у Крэве.

Карацей, адзначыць 75-годдзе там, дзе я нарадзіўся, дзе ляжаць на могілках усе мае продкі, у месцы, пра якое пісаў і пішу амаль ва ўсіх сваіх, пачынаючы з першай, паэмах, аповесцях, раманах, магчымасці мне не далі.

Напрыканцы кароткі бліц

– Любімае жаночае імя?

– Вольга.

– Любімае месца на зямлі?

– Крэва.

– Любімыя колеры?

Белы і чырвоны.

Сябры з розных краін віншуюць паэта

Фота з вікіпедыі.

Юка Малінен, паэт, перакладчык, віцэ-прэзідэнт Фінскага ПЭН-цэнтра:

Бунтоўныя воды

Чалавечы і творчы характар, сутнасць Уладзіміра Някляева я зразумеў, калі пабываў на яго радзіме. У Крэве, якое не толькі праз Крэўскую унію, але і праз творчасць Някляева добра ведаюць у Фінляндыі. Мы хадзілі па крэўскіх пагорках, стаялі на Ярылавай гары, глядзелі з яе на велічныя руіны Крэўскага замка – і я адчуваў глыбінную, магутную сілу зямлі, на якой перапляталіся лёсы Беларусі, Літвы, Польшчы, шмат у чым вызначалася гісторыя Еўропы.

Някляеў – і паэт Крэва, Смаргоні, Беларусі – і паэт Еўропы. Ён даказаў гэта і напісанай у Фінляндыі драмай «Армагедон», паэмай «Ложак для пчалы», якая дыхае беларускім і фінскім эпасам, і выдыхнутай у Польшчы паэмай «Паланэз», і створанымі ў Швецыі драматычнымі паэмамі «Ягайла» і «Літвіны», –

дай Бог кожнай еўрапейскай краіне мець такога паэта!

Пабываў Някляеў і на маёй малой радзіме. У Настала, дзе абодва мы прыйшлі да высновы, што беларусы і фіны вельмі падобныя. Побытам, народнай культурай, менталітэтам. І яшчэ дарогай, па якой ішлі мы да права быць суб’ектам гісторыі. Але ці не раней за нас зразумеў гэта Янка Купала, які, пабываўшы ў Фінляндыі, напісаў пра яе «бунтоўныя воды».

Кніга Някляева «Punainen auringonlasku» («Чырвоны захад»), якая выйшла ў Фінляндыі, сцвердзіла ў свядомасці фінаў вобраз мужнага, свабодалюбівага беларускага народа. І ў цяжкія для Някляева часы мы, фіны, заўсёды казалі, што Фінляндыя – другая ягоная Айчына, што ён можа разлічваць на яе, як на дом, дзе яго заўсёды чакаюць. Тое самае кажам яму і сёння, віншуючы яго з 75-годдзем! З юбілеем!

Фота bloggar.aftonbladet.se.

Стэфан Эрыксан, дыпламат, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2005-2012 гадах:

Паэт. Палітык. Беларус

Так склалася, што маё жыццё звязалася з Беларуссю, краінай, у якой правёў я сем гадоў – і якая ў жыцці маім шмат што значыць. Перш за ўсё дзякуючы тым цудоўным людзям, якіх там сустрэў, і адзін з якіх у гэтыя дні адзначае свой 75-гадовы юбілей.

Уладзіміра Някляева я ведаю як выбітнага паэта, мужнага палітыка, закаханага мужа – і ўрэшце майго сябра, які стаў для мяне прыкладам сапраўднага беларуса.

Я дыпламат, а не літаратуразнаўца, і не мне прафесійна ацэньваць творчасць Някляева-паэта, празаіка, драматурга. Але я адчуваю, як знітаваныя ягоныя вершы, проза, драмы з ўсім тым, што ёсць Беларусь. Я чую ў ягоных тэкстаў галасы продкаў, якім гукаюцца нашчадкі, непарыўна знітоўваюцца былое і будучае.

Так пісаць, каб не толькі беларус, але нават іншаземец гэта адчуў, прыкмета вялікага, сапраўднага таленту. І мне шкада было, калі, паступіўшыся творчасцю, Уладзімір Някляеў пайшоў у палітыку.

Я ведаю, што прыняў прыняў ён гэтае рашэнне не праз жаданне заняць нейкую пасаду, займець уладу, а праз боль за Радзіму. Праз боль за лёс роднай мовы – і ён, паэт, паўстаў супраць яе знікнення, знішчэння. За гэты мужны ўчынак яму давялося заплаціць высокую цану: я быў адным з першых, хто ўбачыў яго ў крыві ў снежаньскую ноч 2010 года. А пасля я чуў як ён спакойна, без ніякага гераізму і трагізму распавядаў пра тую ноч у Стакгольме на ўручэнні прэстыжнай літаратурнай прэміі за кнігу «Лісты да волі», яую напісаў у турме.

Мая павага да Уладзіміра Някляева не абмяжоўваецца яго літаратурнай і палітычнай дзейнасцю. З ім пашчасціла мне бавіць час у розных сяброўскіх (і бываць у не надта сяброўскіх) кампаніях, і я не спыняўся захапляцца ягоным розумам, а таксама гумарам, які не пакідае яго нідзе і ніколі.

Дык будзьце вясёлы і здаровы, Уладзімір Пракопавіч! Пішыце і жывіце доўга, каб спраўдзілася пры вашым жыцці тая Беларусь, дзеля якой вы самаахвярна не шкадуеце сябе, пра якую вы марыце!

Фота starylev.com.ua.

Паўло Вольвач, паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны:

Някляеву з пашанай

Ёсць рэдкі тып людзей, якіх можна назваць людзьмі-сімваламі, людзьмі-увасабленнямі. Гэта якраз пра Уладзіміра Някляева, майго старэйшага таварыша і паэтычнага субрата. Менавіта дзякуючы яму, дзякуючы яго слову для многіх ва Украіне (і для мяне таксама) адкрывалася беларуская душа, адкрывалася сучасная і спрадвечная Беларусь, персаніфікаванай праекцыяй якой з’яўляецца як някляеўская творчасць, так і непасрэдна постаць мастака. Праекцыяй не адзінай, вядома, але адной з найярчэйшых. У яго паэзіі магутныя энергіі і зазіранні ў глыбіні прачасу дзіўным чынам паядналіся з чалавечнай прастатой і шчырасцю. А святло, здаецца, прабіваецца ва ўсе прасветы паміж някляеўскіх радкоў. Не дзіўна, што без з’явы “Някляеў” ужо цяжка ўявіць беларускае жыццё — як паўсядзённа-рэальнае, так і нябачнае, метафізічнае, што не ўлоўліваецца адразу, не адчуваецца, нібы курс долара ці кошты на паліва, але якое якраз усё і вызначае і з’яўляецца найгалоўным. Радасна ўсведамляць, што сябры-беларусы маюць такога творцу, такога Мастака, якога ведаюць у свеце, а ва Украіне яшчэ і ўспрымаюць, як свайго. І любяць.