Загадчык Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера, галоўны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна Аляксандр Бажко.

11 ліпеня – Дзень прафілактыкі алкагалізму.

Пра тое, чаму алкаголь застаецца надзвычай сур’ёзнай праблемай і як з ёй спраўляцца, мы паразмаўлялі з загадчыкам Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера Аляксандрам Бажко. Галоўны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечаншчыны працуе на сваёй пасадзе да жніўня.

Чаму гэта сур’ёзная праблема

Тое, што пераважная колькасць людзей дапускаюць алкагольныя напоі, гэта факт. І гэта нармальна. Тое, што людзі паміраюць і пакуль не навучыліся жыць вечна – таксама бясспрэчна. Прычыны натуральнай смерці розныя, аднак існуюць выпадкі гібелі ад знешніх прычын. Сярод іх значнае месца займаюць выпадковыя смяротныя атручэнні алкаголем. У Маладзечанскім раёне смерці ад перадазіроўкі алкаголем перавышаюць па колькасці смяротнасць ад самагубстваў.

Выпадкаў перадазіроўкі алкаголю за 2020 год зарэгістравана 28, а самагубстваў 24. За шэсць месяцаў сёлета загінулі 17 чалавек ад выпадковых смяротных атручэнняў алкаголем і 10 чалавек ад самагубстваў.

На маю думку, смерць ад перадазіроўкі алкаголем – дзікунства. Чалавек піў-піў і ўпіўся да смерці.

Мы як спецыялісты сферы аховы псіхічнага здароўя ўносім вялікі ўклад у прафілактыку злоўжыванняў алкаголем. У гэтым годзе я наведаў 11 прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, 6 буйных прадпрыемстваў горада. На сустрэчах з работнікамі расказваў пра наступствы злоўжывання алкаголем, рызыкі развіцця залежнасці і небяспеку смяротнага зыходу. Пра магчымасці атрымання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. А таксама пра ўмовы бяспечнага спажыванні алкаголю і дапушчальныя дозы.

Што такое залежнасць?

Калі чалавек мае патрэбу ў пастаянным ужыванні рэчыва або выканання якой-небудзь дзейнасці, і калі гэта спыніць, то стане дрэнна або наогул немагчыма трываць.

Залежны ад алкаголю, ужыўшы напой, працягне ўжываць і далей. Аднадзённая пятнічная вечарынка перарасце ў алка-выхадныя. Чарачка «за кампанію» або правакацыя «ты што, кадзіраваны» перарасце ў запой, трохдзённы або трохмесячны. Чалавек гэтага не планаваў, але так атрымалася.

Што ў алкаголі самае небяспечнае?

Страта кантролю. Спачатку над дозай, якасцю, сітуацыяй, а потым страта рэальнасці. Спачатку чалавек выпівае разам з іншымі. Затым выпівае на працы, п’яным кіруе аўто, перап’е і прапусціць сямейнае свята, загуляе і забудзецца пра абяцанае мерапрыемства дзіцяці. На нейкім этапе кантроль можна страціць і распусціць рукі: гвалт над блізкімі, бойка ў бары, аварыя ў п’яным выглядзе.

Страта кантролю над рэальнасцю бывае і прыкметай псіхозу – вострага небяспечнага псіхічнага расстройства. Выпадак з практыкі: супрацоўнікі міліцыі дастаўляюць мужчыну сярэдніх гадоў з аўтобуснага прыпынку, суправаджае і брыгада хуткай дапамогі. Знешне акуратны, крыху мітусіцца, трымаецца напружана. Пры сабе спартыўная сумка.

Аказваецца, на прыпынку паказваў шоу трэніраваных цыркавых чарапашак. Ахвотна адкрывае спартыўную сумку і дэманструе чарапашак. Паказвае з іх удзелам нумары, эмацыйна ўспрымае іх цяжкасці пры выкананні трукаў, актыўна тлумачыць супрацоўнікам міліцыі і медыкам, што гэта менавіта ён іх навучаў.

Усё б і нічога, але чарапашак не бачыць ніхто з прысутных, акрамя яго. Спачатку ў навакольных усмешкі і смех, але гэта злуе гаспадара чарапашак, і ён становіцца агрэсіўным, пагражае.

Страта рэальнасці як вынік спынення дзесяцідзённага запою прывялі мужчыну ў псіхіятрычную клініку, дзе пасля купіравання вострага псіхозу з галюцынацыямі прапануюць лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Своечасова аказаная наркалагічная дапамога дазваляе захаваць здароўе і жыццё. Але далёка не заўсёды. Прыклад з практыкі. Аглядаю мужчыну ў аддзяленні рэанімацыі. Гутарыць ахвотна, гаворыць хутка, спрабуе падрабязна расказаць падрабязнасці таго, што адбылося. Гісторыя пачынаецца з трохтыднёвага святкавання. Затым фінансавыя цяжкасці, перастаў піць.

На трэці дзень вымушанай цвярозасці, дакладней ноч, з’явіліся іншапланецяне. Яны сказалі мужчыну, што даўно назіралі і выбралі менавіта яго. Што ён страчаны чалавек, співаецца, крыўдзіў сям’ю і яе страціў, не мае сапраўдных сяброў і даўно беспрацоўны. Гэта сумневаў у пацыента не выклікала. Прышэльцы патлумачылі, што гатовыя вывучыць яго арганізм, разабраць на элементы і ў лабараторных умовах стварыць лекі ад СНІДу.

Ідэя паслужыць чалавецтву ўсцешыла, і мой падапечны пагадзіўся ўдзельнічаць у эксперыменце коштам у жыццё. Смела пайшоў у адчыненае акно і ступіў на трап, каб прайсці ў зоркалёт. У рэальнасці ён выпаў з пятага паверха.

Цудам застаўся жывы, але нават у рэанімацыі хваляваўся, што іншапланецяне паляцяць і не створаць лекі.

Кантроль рэальнасці і бяспека ўзаемазвязаныя. Таму хочацца перафразіраваць вядомы выраз і сказаць: «Не так страшны алкаголь, як яго адмена».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Молодечненский ПНД (@mpnd.by)

Як быць, калі ў сям’і алкаголік?

Адназначнага адказу няма. У ідэале на сустрэчу з доктарам-нарколагам павінны прыйсці як залежны, так і блізкі член сям’і. Толькі разам можна выбудоўваць адэкватную стратэгію па кантролі за прыёмам алкаголю.

Бываюць кур’ёзы. Пажылы бацька тэлефануе і просіць удакладніць, ці сапраўды доктар сказаў піць чырвонае віно па 0,7 літра ў дзень замест кадзіроўкі.

Так адзін пацыент пасля кансультацыі пераконваў бацьку, просячы грошай на віно – тлумачыў новымі метадамі лячэння прагрэсіўнага доктара-нарколага.

Пры сумесным візіце залежнага і сваяка план лячэння даводзіцца ўсім: дэтаксікацыя са спыненнем спажывання алкаголю, медыкаментознае лячэнне для падтрымання, стварэнне ўмоў прымусовай цвярозасці, рэабілітацыя, праца ў групе падтрымкі «Ананімныя алкаголікі».

Запрашаюць на форум для тых, хто змагаецца з алкагалізмам

Ці праўда, што вам не працягваюць кантракт

Усё ідзе да таго, што 1 жніўня я стану беспрацоўным. Гэта не трагедыя. Шмат хто праходзіць праз гэты шлях. У мяне ёсць упэўненасць, што да службы занятасці не дайду. Дактары маёй спецыяльнасці ў вялікім дэфіцыце і вакансіі ў асартыменце. Як кіраўнік я прыкладаў шмат намаганняў для пошуку новых дактароў і спрабаваў зацікавіць працай у Маладзечне. Наша слабае звяно – немагчымасць даць жыллё і абмежаваныя рэсурсы для фарміравання заработнай платы. Вытрымаць канкурэнцыю Мінска з яго магчымасцямі па кадравым пытанні цяжка.

Я атрымліваю вялікую падтрымку. Тэлефануюць сябры, пацыенты, калегі. Найбольш запомнілася фраза: «Усё будзе добра. Пятровіч, толькі не бухай!». У тэму сённяшняй гутаркі. У нас так у культуры нібыта заведзена: стрэс здымаюць алкаголем. Але алкаголь нічога не вырашае і не змяняе.

Мне ўжо паступіла каля пяці рэальных прапаноў па далейшым працаўладкаванні. Самая цікавая – ад Маскоўскай прыватнай клінікі. Але я патрыёт.

У прафесіі 18 гадоў. З іх восем кіраваў, арганізоўваў аказанне псіхіятрычнай дапамогі. Маю намер і далей прыносіць карысць у сваёй краіне.

Ці хацелі б застацца

Веру, што можа такое быць. Мне скажуць: «Аляксандр Пятровіч, мы падумалі і вырашылі, што без цябе ніяк. Заставайся». Перакананы, што людзі, пакуль жывыя, могуць дамовіцца ў любой канфліктнай сітуацыі і здольныя знайсці выйсце.

Я выбіраю жыццё. У сваёй краіне, Беларусі. Хацелася б у Маладзечне.

Звяртаюся да жыхароў і чытачоў: калі вы назіраецеся ці кансультуецеся ў мяне, то лепш арганізаваць сустрэчу да 31 ліпеня, каб вырашыць надзённыя пытанні і ўзгадніць арганізацыю далейшага назірання.

Працяг размовы з Аляксандрам Бажко чытайце ў наступных нумарах.