Вандраваць у розныя мясціны або перамясціцца ў Маладзечна 60–80-х гадоў – менавіта для тых, хто хацеў бы прыгод, падрыхтавалі выставу «Чамаданны настрой».

У выставе аб’ядналі падарожжы, чамаданы і фотаздымкі. Аўтары паспрабавалі паказаць Маладзечна вачыма падарожніка розных гадоў.

Экспазіцыя працуе ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Выставу падрыхтавалі загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Вольга Шылько, навуковы супрацоўнік Таццяна Беразавец і старшы навуковы супрацоўнік Іна Самовіч. Таццяна Беразавец расказала пра тое, якія адкрыцці чакаюць наведнікаў.

Што браў з сабой падарожнік

Экскурсія пачынаецца з экспанатаў, якія паказваюць, як падарожнік таго часу мог апранацца ў кепскае надвор’е. Гэта плашчы, парасоны, абутак. Разглядаць адзенне на фотаздымках – яшчэ адна магчымасць, якая падорыць шмат адкрыццяў.

У наступным блоку аўтары прыгадалі, якую ежу бралі падарожнікі з сабой у дарогу. Абавязкова – вараная курыца ў фользе, вараныя яйкі. Калі пасажыр ехаў цягніком, то заказваў чай у шклянцы з падшклянкам. Многія асацыююць такія падшклянкі з чыгункай, але яны з’явіліся нашмат раней. Калі прыносілі чай, то дадавалі цукар у фірменнай упакоўцы чыгункі. З сабой бралі пачак квадратнага печыва, напой «Бураціна».

А часам па цягніку хадзілі жанчыны з вагона-рэстарана з вазком і прадавалі з яго піва. Некаторыя маглі сабе гэта дазволіць, асабліва калі загадзя на пероне набывалі сушаную рыбку.

Яшчэ адна вітрына ўяўляе, як вандравалі камандзіровачныя. У мужчынскім камплекце – сакваяж з мяккімі сценкамі, які дазваляў змясціць шмат рэчаў. Што ж камандзіровачны мог з сабой узяць? Кіпяцільнік, ніткі, наматаныя на паперу з іголкай, электрабрытву са спецыяльным перахадніком для разетак у цягніку.

Дамскі набор – з касметыкай і ўпрыгожаннямі, таму што ў камандзіроўцы жанчыне таксама трэба было добра выглядаць.

Наступны блок – пра вольны час у дарозе. Для баўлення часу бралі крыжаванкі, якія друкавалі ў газетах, шашкі, слухалі транзістар, чыталі кнігі, вязалі. І, канешне, фотаапарат. На выставе паказалі фотаапарат «Смена», занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы масавы на планеце. Сакрэт поспеху ў тым, што ён быў вельмі зручны ў настройках.

Турыстычны блок – з гітарай, рукзаком, штармоўкай. Раней было прынята: калі прыедзеш у новае месца, купляеш паштоўку з відам горада і дасылаеш дадому. Пакуль прыехаў, ужо і паштоўка прыйшла. А часам падарожнік вярнуўся, і ўжо пасля прыходзіць паштоўка.

Чамаданы

Галоўныя аксесуары выставы – гэта чамаданы. Наведнікі могуць заўважыць, як чамаданы мяняліся цягам розных гадоў, уявіць, як з імі падарожнічалі. Адзін з экспанатаў – чамадан 80-х гадоў, які закрываецца на засцежкі. Акантаваны пластмасай, каб не адбіваліся рагі. Для жорсткасці ў яго ўставілі па борціку металічны стрыжань. Унутры тагачасныя чамаданы абклейвалі тканінай або шпалерамі, а звонку абшывалі замяняльнікам скуры.

Адзін з самых старых – зроблены з фанеры ў 30-40-я гады 20 стагоддзя. Пры гэтым ён вельмі лёгкі. На тэрыторыі СССР чамаданы доўга не ўваходзілі ў моду, людзі карысталіся мяшкамі і бауламі. Былі асобныя майстэрні, але распаўсюдзіліся чамаданы пасля Другой сусветнай вайны. І то дзякуючы таму, што прывезлі трафейныя. Мясцовыя паглядзелі, што гэта зручна. Пасля наладзілі выпуск у Саюзе.

У 70-80-я гады было модна абклейваць чамаданы звонку ці знутры выявамі акцёраў або прыгожых дзяўчат з часопісаў.

Адзін з экспанатаў выставы – чамадан на колцах. Такія вынайшаў пілот, якому даводзілася часта карыстацца чамаданамі. Насіць у руках было нязручна, таму прымацаваў колцы. Калегі ацанілі ідэю і пачалі прасіць зрабіць такі ж і ім. Неўзабаве пілот адкрыў вытворчасць чамаданаў на колцах і за першы год зарабіў мільён долараў.

Падарожжа па фотаздымках

Яўген Стэльмах адлічбаваў здымкі Аляксея Фяцісава, раздрукаваў у добрай якасці і перадаў у музей. Дзякуючы гэтаму на стэндах можна бачыць Маладзечна ў 60-80-я гады. На выставе толькі частка гэтых фотаздымкаў, затое можна пабачыць нечаканыя куткі горада і здагадвацца, што цяпер на гэтым месцы.

На адным са здымкаў 60-х – вуліца тады Рэвалюцыйная, цяпер Прытыцкага, яшчэ з брукаванкай. Тут відаць кінатэатр «Радзіма», кіёскі і мясцовыя жыхары на фоне савецкага аўтамабіля.

Ажыўленым цэнтрам горада ў той час заставалася плошча Свабоды. Там была аўтастанцыя, аптэка, рэстаран і Дом быту, у які трэба было запісвацца загадзя ў цырульню ці швейнае атэлье. Плошча Свабоды таксама была брукаванай, на ёй ставілі машыны.

Заўважны здымак з відам з парку на цяперашнюю Цэнтральную плошчу, тады плошчу Леніна. Дрэвы былі невысокія, так што фатограф мог з узвышша зняць плошчу. Ёсць здымак атракцыёна «Лодачкі» ў парку. А яшчэ – фота мастака Кастуся Харашэвіча на матацыкле з эцюднікам на багажніку. На здымку з дзвюма дзяўчатамі на вуліцы Маркава відаць Дом культуры будаўнікоў, цяпер у гэтым будынку месціцца «Батлейка».

У блоку фотаздымкаў 70-х гадоў ёсць карткі са спаборніцтваў па мотакросе.

У 1988 годзе святкавалі 600-годдзе Маладзечна цягам двух дзён. Было шмат тэатралізацыі. Мерапрыемствы былі на плошчы Леніна і гарадскім стадыёне. 40-годддзе Перамогі святкавалі таксама на стадыёне. Да гэтага 9 мая так масава не святкавалася.

Сучасныя падарожжы

Наступны блок – гэта фота дажынак, якія значна перамянілі воблік горада. Фотаздымкі працэсу, як горад мяняўся падчас падрыхтоўкі, прапанаваў Аляксей Платко.

Яшчэ адна падборка – сувенірная прадукцыя Маладзечна, якая можа быць вельмі цікавая гасцям горада, у тым ліку замежнікам. А таксама крэатыўная карта Маладзечна, якую зрабілі мясцовыя актывісты.

На пляцоўцы размешчаная інтэрактыўная зона, у якой зручна будзе гуляць дзецям. Дадаткова музей распрацаваў квэст менавіта па гэтай выставе.

Экспазіцыя працуе да 29 жніўня.