Фота прэс-служба ФК «Смаргонь».

«Рэгіянальная газета» працягвае расказваць, як прайшлі футбольныя выхадныя ў камандах рэгіёна.

«Маладзечна» (другая ліга)

10 ліпеня маладзечанскія футбалісты сустрэліся з дзяржынскім «Адзінствам». Гульня прайшла ў рамках 11-га тура.

Гульня скончылася на карысць «Маладзечна» з лікам 6:0. Галы забівалі Антон Бубноў, Сяргей Дрозд, Сямён Хаткевіч, Яўген Чычаў, Дзмітры Сярогін, Мікіта Мятліцкі.

Наступны матч маладзечанцы правядуць супраць «Крупак» 18 ліпеня.

«Маладзечна» — на першым месцы ў Мінскім дывізіёне ў зоне Поўнач.

«Вілія» (другая ліга)

У 11-м туры вілейскія футбалісты згулялі супраць чэрвеньскага «Коласа» — 0:1. Адзіны гол у матчы забіў гулец «Коласа» Павел Клімовіч на 14-й хвіліне.

18 ліпеня «Вілія» згуляе з «Фалько».

«Вілія» знаходзіцца на восьмым месцы ў Мінскім дывізіёне ў зоне Поўнач.

«Ашмяны» (другая ліга)

11 ліпеня ашмянскія гульцы сустрэліся са «Слонім-Сіці». Матч скончыўся доўгачаканай перамогай «Ашмянаў» — 3:2. З боку ашмянскай каманды голам адзначыўся Вадзім Галгоўскі, а дубль забіў Аляксей Клімовіч. За «Слонім» забілі Алег Герасімчык і Сяргей Мандрык.

18 ліпеня «Ашмяны» згуляюць з гродзенскАЙ «ЖКГ».

«ФСК Ашмяны» займаюць перадапошняе месца ў Гродзенскім дывізіёне.

«Астравец» (другая ліга)

10 ліпеня ў 11-м туры Гродзенскага дывізіёна другой лігі «Астравец» сустрэўся са «Шчучынам». Астраўчане былі мацнейшыя і разграмалі сапернікаў — 11:0. Хет-трык забіў Дзмітры Купнеўскі, дублямі адзначыліся Ягор Кашко і Уладзіслаў Знак. Па адным голе забілі Аляксандр Буцько, Уладзіслаў Зубрыцкі, Павел Лаўгач, Мікіта Букаткін.

Наступная сустрэчу ў астраўчан адбудзецца з «Цэментнікам» 17 ліпеня.

«Астравец» — на першым месцы Гродзенскага дывізіёна.

«Смаргонь» (вышэйшая ліга)

«Смаргонь» скончыла першы круг у вышэйшай лізе на перадапошнім месцы два тыдні таму, згуляўшы ўнічыю (2:2) з «Мінскам». Перад стартам другога круга смаргонскую каманду пакінулі некалькі футбалістаў, некалькі гульцоў дадаліся да складу. Таксама смаргонцы правялі кантрольныя матчы.

Са «Смаргоні» сышлі Арсені Бандарэнка (9 матчаў, 2 галы), Леанід Ханкевіч (10 матчаў, 1+1), Уладзімір Маслоўскі (9 матчаў), Данііл Кавалёў (9 матчаў).

Раман Пасевіч з гродзенскага «Нёмана» на правах арэнды будзе выступаць за смаргонскую каманду. Такая ж дамова ў Кірыла Леановіча з жодзінскага «Тарпеда», Дзмітрыя Сібілева з «Руха», Данііла Сілінскага з «Баранавічаў», Данііла Шапко з «Дынама-Мінск».

10 ліпеня «Смаргонь» згуляла супраць «Дынама-Мінск» у кантрольным матчы. Смаргонцы перамаглі — 2:0.

У другім крузе, 17 ліпеня, «Смаргонь» згуляе з «Энергетыкам-БДУ».