Птушаня дразда. Фота Віталя Некрашэвіча.

Раней мы публікавалі артыкул жыхара Навасёлак-1 Маладзечанскага раёна Леаніда Жыткевіча. Аўтар падзяліўся разважаннямі пра тое, якія птушкі і жывёлы зніклі і якіх стала больш у яго вёсцы за 20 год.

Мы папрасілі пракаментаваць публікацыю дырэктара грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандра Вінчэўскага.

На заўвагу чытача пра тое, што са здзіўленнем бачыў варону ў цэнтры Мінска, Вінчэўскі адказвае:

«Гэта пацвярджаецца маімі назіраннямі. Вароны былі раней птушкамі балот і поймаў, цяпер там засталіся адзінкавыя пары, а большая частка папуляцыі жыве ў гарадах. У Мінску амаль у кожным двары па пары».

Наконт гракоў дырэктар АПБ адзначыў, што і цяпер яны жывуць там, дзе іх гнёзды метадычна не знішчаюць. А вось наконт знікнення галак і сарок – «Раней сапраўды каўкі жылі і па-за межамі паселішчаў, сам даўно не бачыў гнездавых пар у палях. У Мінску абодва віды звычайныя. Але каўка знікае пасля ўцяплення дамоў, бо гнездавыя нішы знікаюць».

Наконт дзятлаў – «У Беларусі жыве дзевяць відаў дзятлаў. Рэдкія і засталіся рэдкімі, а звычайныя – звычайнымі. Зайдзіце ў любы лес у красавіку раніцай – 100% пачуеце. А кузні дзятлаў – паўсюль».

Вінчэўскі пагаджаецца, што крумкачоў стала больш – «Пацвярджаю, умовы для іх добрыя. У гэтых птушак вялікая частка папуляцыі не размнажаецца, а бадзяецца бандамі па вялікай плошчы, нават за 500 кіламетраў могуць адляцець за прыгодамі. На ўскрайках гарадоў пачалі гнездавацца яшчэ ў 1990-я, калі я выкладаў у Гродзенскім універсітэце.

Каршуны цяпер у Чырвонай кнізе, на ўсю краіну некалькі соцень пар. А шулякі і былі звычайнымі, і засталіся. Іх не можа быць шмат, бо гэта тэрытарыяльныя птушкі і не любяць суседзяў».

Чытач адзначыў, што даўно не чуў спеваў жаўрукоў і кнігавак. Вось што адказвае АПБ: «Лецішча ў мяне пад Мінскам, вакол жывуць тысячы жаўрукоў, сотні кнігавак. Маніторынг птушак, якія АПБ арганізавала з дапамогай валанцёраў, паказаў, што за дзесяць гадоў ёсць невялікі спад колькасці кнігавак. Усе тры віды ластавак звычайныя ў нас. Негатыўнай тэндэнцыі няма. У маёй вёсцы гнёзды паўсюль, нават над вулічнымі лямпамі, дзе разбітае шкло.

Пра сітавак, аўсянак, мухаловак і салаўёў Вінчэўскі адзначае – гэтыя птушкі любяць адмысловыя біятопы, і там, дзе такія ёсць, там ёсць і птушкі.

Наконт бабра пазнака наступная: бабёр – абарыген, а андатру прывезлі з Амерыкі. Абодва цяпер звычайныя віды ў краіне.

Што тычыцца заўважанай распаўсюджанасці слімакоў, то «Слімакоў есць шмат хто з жывёл. У Беларусь завезлі з садовым матэрыялам вялікіх іспанскіх голых слімакоў, яны знішчаюць амаль усё, хутка размнажаюцца, забіваюць нават птушанят у гнёздах. Але беларуская служба аховы раслін іх ігнаруе, таму што ў лісце ЕўразЭС іх няма.

Вінчэўскі падсумоўвае сітуацыю «У інтэнсіўных гаспадарках не пяюць птушкі і не растуць валошкі і макі. У Беларусі пестыцыды пакуль яшчэ не выкарыстоўваюць у такой колькасці, як у ЕС, дзе амаль усе нашы звычайныя палявыя віды ў Чырвонай кнізе: курапаткі, жаўрукі, стрынаткі, кнігаўкі. Трэба шукаць баланс».

Гэтыя птушкі і грызуны амаль цалкам зніклі з Беларусі

Карысныя падказкі для аматараў прыроды

Вы можаце прайсці бясплатны анлайн-курс па гарадскіх птушках. Усё проста: вывучаеш 40 відаў, праходзіш тэст, атрымліваеш электронны сертыфікат: course.ptushki.org.

Існуе тэлеграм-чат “Ціў-ціў” для беларускіх аматараў назіраць за птушкамі t.me/ptushki.

Стварылі мабільны вызначальнік птушак для Android – Ptushki на Playmarket.

Птушкам можна нават пазваніць на мабільны тэлефон:

  • +375445006611 Чорны дрозд
  • +375445006612 Усходні салавей
  • +375445006613 Вялікі голуб
  • +375445006614 Гіль
  • +375445006615 Сіняя сініца
  • +375445006616 Чорнагаловы шчыгол
  • +375445006617 Малінаўка
  • +375445006618 Берасцянка
  • +375445006619 Крапіўнік
  • +375445006610 Шэрая кугакаўка.